«Калі гэта Захад, то не зразумелая матывацыя». Што не так з версіямі прапаганды пра тэракт у Падмаскоўі?


Паводле афіцыйных звестак, сілавікі затрымалі чатырох удзельнікаў нападу на канцэртную залу каля Масквы. Сцвярджаецца, што ўсе яны грамадзяне Таджыкістану. Іх матывы дакладна не вядомыя, аднак расейская (а разам з ёю і беларуская) прапаганда ўпэўненая, што без удзелу «калектыўнага Захаду» і Украіны не абышлося.

Канцэртная зала «Крокус Сіці Хол», дзе здарыўся тэракт. Краснагорск, Маскоўская вобласць Расеі. 23 сакавіка 2024 года.
Фота: Сяргей Булкін / Russian Look / Forum

Разбор завалаў на месцы тэракта працягваецца. На момант публікацыі афіцыйна паведамлялася пра 133 ахвяры, 107 пацярпелых – у лякарнях.

Імаверных нападнікаў затрымалі на аўтатрасе ў Бранскай вобласці. Расейскія спецслужбы сцвярджаюць, што злачынцы планавалі ўцячы ва Украіну. Пра ўкраінскі след заявіў і прэзідэнт Уладзімір Пуцін у адмысловым звароце:

«Яны намагаліся схавацца і рухаліся ў бок Украіны, дзе, паводле папярэдніх звестак, для іх з украінскага боку было падрыхтаванае акно для пераходу дзяржаўнай мяжы».

У Кіеве раней датычнасць да атакі на «Крокус Сіці Хол» зняпраўджвалі. Дарадца кіраўніка Офісу прэзідэнта Міхайла Падаляк заявіў, што Украіна ніколі не ўжывала тэрарыстычныя метады вядзення вайны.

Hавiны
ГУР Украіны пра тэракт у Падмаскоўі: Гэта свядомая правакацыя спецслужбаў Пуціна
2024.03.22 22:27

3 сакавіка пра непазбежнасць тэракта ў Маскве папярэдзіла амбасада ЗША ў Расеі, а таксама МЗС Вялікай Брытаніі. Паведамлялася, што напад можа адбыцца 8–9 сакавіка на «папулярныя турыстычныя месцы, імпрэзы ў грамадскіх месцах, зоны, не кантраляваныя службай бяспекі, напрыклад, рынкі, транспартныя сеткі».

Hавiны
Амбасада ЗША і МЗС Вялікай Брытаніі папярэдзілі пра рызыку тэрактаў у Маскве найбліжэйшым часам
2024.03.08 10:26

У расейскай і беларускай прапаганды логіка «жалезная»: калі на Захадзе ведалі пра тэракт, то яны яго і ўчынілі.

Палітолаг, аглядальнік еўрапейскай і міжнароднай палітыкі «Новой газеты Европа» Дзяніс Левен у размове з «Белсатам» назваў гэтую версію няслушнаю:

«Гэта сумнеўна, бо не вельмі зразумелая матывацыя. Навошта гэта спатрэбілася? Што Захад ці Украіна ад гэтага могуць атрымаць, акрамя адплаты або рэакцыі ў адказ? Я не бачу ніякай у гэтым цікавасці. У мяне няма сумневаў у тым, што ўрад ЗША можа ўчыняць такія атакі, але каб што? Каб абвастрыць стасункі з Расеяй яшчэ больш?»

Эксперт мяркуе, што калі б «калектыўны Захад» што-небудзь такое і планаваў, то не папярэджваў бы Маскву пра пагрозу.

Матывы нападнікаў дакладна не вядомыя. На адным з відэа, якое распаўсюдзілі расейскія Telegram-каналы, меркаваны тэрарыст кажа пра грашовы складнік: маўляў, яму паабяцалі за напад паўмільёна расейскіх рублёў (у пераліку – 5,5 тысячы долараў). Левен на гэта заўважыў: «Я не браў бы на веру нічога, што цяпер падаецца як апрыёрнае ў расейскіх крыніцах».

Тым часам выданне «Медуза» са спасылкаю на супрацоўніка дзяржаўнага расейскага СМІ напісала, што ад лаяльных уладзе медыяў Крэмль запатрабаваў адзначаць украінскі след у публікацыях пра тэракт.

Hавiны
Крэмль даў указанне СМІ акцэнтаваць увагу на «ўкраінскім следзе» ў тэракце
2024.03.23 15:29

Галоўная рэдактарка прапагандысцкага каналу RT Маргарыта Сіманьян на другія содні «раскрыла» злачынства:

«Значыцца так. Аніякая гэта не “Даіш”. Гэта хахлы. Выканаўцы падабраныя так, каб можна было пераканаць тупаватую сусветную грамадскасць, што “Даіш”. І тое, што яшчэ ўчора, яшчэ да затрыманняў, да асобаў і прозвішчаў выканаўцаў заходнія спецслужбы пачалі пераконваць народанасельніцтва, што гэта “Даіш”, – менавіта гэта і падпаліла шапку на гэтым злодзеі».

Аднак суразмоўца «Белсату» акурат лічыць версію датычнасці тэрарыстычнай групоўкі «Ісламская дзяржава Іраку і Шаму» найбольш праўдападобнаю:

«Гэтая групоўка апошнім часам актывізавалася. Яна набрала сілу пасля 2021 года, калі амерыканцы сышлі з Афганістану і набрала ўплыў, уласна, у Афганістане і Пакістане. І на гэтым тыдні ў Нямеччыне затрымалі двух меркаваных удзельнікаў гэтай групоўкі, якія нібыта рыхтавалі атакі на парламент у Стакгольме ў якасці помсты за тое, што летась у Швецыі дастаткова шмат было акцыяў са спаленнем Карана».

Пра датычнасць «Даішу» да нападу на канцэртную залу кажуць і амерыканскія чыноўнікі. У Вашынгтоне мяркуюць, што тэракт учыніў «філіял» фармавання, які называецца «Ісламская дзяржава Харасан». Гэтая групоўка ўзнікла ў Афганістане ў 2015 годзе, яе называюць самай радыкальнай і бязлітаснай сярод усіх джыхадысцкіх групаў. Ворагі для яе – не толькі Захад, але і мусульмане-шыіты, а таксама «Талібан», які яны лічыць нявернымі і недастаткова радыкальнымі.

Аналітык кампаніі «The Soufan Group», што спецыялізуецца на бяспецы і выведцы, Колін Кларк падкрэсліў, што апошнія два гады «Ісламская дзяржава Харасан» была сканцэнтраваная на Расеі: «Яны часта крытыкавалі Пуціна. Яны абвінавачваюць Крэмль у забойствах мусульманаў, спасылаючыся на ўмяшанне Масквы ў справы Афганістану, Чачэніі і Сірыі».

Акрамя таго, інфармацыю пра датычнасць «Даішу» распаўсюдзіла арганізацыя «SITE Intelligence Group», што адсочвае публікацыі джыхадыстаў у інтэрнэце. Тэрарысты назвалі свой тэракт у Падмаскоўі «самым жорсткім за апошнія гады».

Hавiны
Тэрарыстычная арганізацыя «Ісламская дзяржава» выпусціла пашыраную заяву ў сувязі з тэрактам у Падмаскоўі
2024.03.23 17:14

Зрэшты, у незалежнасці ад таго, хто насамрэч стаіць за атакаю, Крэмль выкарыстае гэтую гісторыю ў сваіх мэтах, мяркуе палітолаг Дзяніс Левен.

«Ужо выразна відаць, што расейская ўлада і прапаганда выкарыстоўвае гэтую сітуацыю ў прапагандысцкіх мэтах, каб аб’яднаць у чымсьці Украіну і Захад. Я думаю, што так працягнецца, гэтыя версіі будуць спекулявацца, і пачнецца іх распаўсюд так ці інакш», – кажа суразмоўца «Белсату».

Ён пры гэтым не лічыць відавочнаю версію пра тое, што да тэракта спрычыніліся расейскія ўлады, каб, абвінаваціўшы ўкраінцаў, апраўдаць узмацненне абстрэлаў суседняй краіны або неяк эскалаваць сітуацыю на фронце. Аднак тое, што адбудзецца амаль непазбежна, на меркаванне аналітыка, – пашырэнне рэпрэсіяў у самой Расеі.

«Любыя такія выпадкі заўсёды да гэтага прыводзяць. Мы бачылі, напрыклад, што за апошнія паўгода расейскія сілавікі пры падтрыманні ўльтраправых групаў вельмі часта ладзілі рэйды на інтэрнаты мігрантаў, на склады маркетплэйсаў з дзвюма задачамі: пошук нелегальных мігрантаў і пошук легальных мігрантаў, якія атрымалі расейскае грамадзянства, і каго можна забраць у войска. Гэтая тэндэнцыя працягнецца, калі не пашырыцца, на ўзніклай хвалі ісламафобіі і антымігранцкіх настрояў, якія і так высокія ў Расеі», – падсумаваў эксперт.

Hавiны
У Беларусі адмяняюць масавыя імпрэзы, у метро – павышаныя захады бяспекі
2024.03.23 13:17

Сцяпан Кубік belsat.eu

Стужка навінаў