Вызваліце Пачобута – атрымаеце «Баброўнікі». Польшча выставіла свае ўмовы і пагрозы Менску


Улады Польшчы ўзмацнілі патрабаванні ў дачыненні рэжыму Аляксандра Лукашэнкі ў Менску. У тым ліку і з прычыны таго, што ўлады Беларусі працягваюць трымаць у няволі актывістаў польскай дыяспары.

  • Анджэй Пачобут на судзе ў Горадні, Беларусь. 16 студзеня 2022 года.
    Фота: belta.by

Міністр унутраных справаў і адміністрацыі Польшчы Мар’юш Каміньскі ў эфіры польскага радыё паабяцаў адкрыць пункт пропуску «Баброўнікі», калі ўлады ў Менску вызваляць журналіста і аднаго з лідараў польскай дыяспары Анджэя Пачобута. Пераход «Баброўнікі» быў закрыты 10 лютага пасля таго, як суд у Беларусі засудзіў яго на 8 гадоў зняволення.

«Беларускі бок мае поўную яснасць наконт гэтага. Калі Анджэй Пачобут будзе заўтра вызвалены, то паслязаўтра будзе адкрыты пераход у Баброўніках», – сказаў Каміньскі.

Рэпартаж
Як зачынялі памежны пераход Баброўнікі-Бераставіца
2023.02.13 17:30

А прэм’ер-міністр Польшчы Матэўш Маравецкі 23 сакавіка перад пачаткам саміту Еўразвязу выказаўся за ўзмацненне санкцыяў супраць уладаў Беларусі. Ён нагадаў, што ў краіне ёсць палітвязні, у тым ліку польскія актывісты.

«Беларусь служыць для Расеі, можна сказаць, механізмам абыходу санкцыяў для тавараў падвойнага прызначэння – такіх, як дроны, электроніка. І тут перасцерагаем ад гэтага, узмацняем санкцыі, паказваем на вельмі нядобрую ролю Беларусі ў канфлікце ва Украіне», – сказаў Маравецкі.

Паводле яго, калі такая палітыка Менску захаваецца, то Польшча працягне блакаваць вываз беларускіх тавараў праз мяжу.

Hавiны
«Sputnik»: Менск запытаў у Варшавы доступ да затрыманых беларусаў, што падазраюць у шпіянажы
2023.03.23 14:27

23 сакавіка стала вядома, што беларускія дыпламаты запыталі ў польскіх уладаў доступ да затрыманых у Польшчы беларускіх грамадзянаў, якіх падазраюць у шпіянажы на карысць Расеі.

«Прымаюцца ўсе неабходныя консульскія дзеянні, прадугледжаныя ў такіх сітуацыях. У прыватнасці, аператыўна быў запытаны консульскі доступ да затрыманых грамадзянаў Беларусі, чакаецца рэакцыя польскага боку», – сказалі ў МЗС Беларусі.

Напярэдадні Аляксандр Лукашэнка заявіў, што польскія ўлады затрымалі беларускіх грамадзянаў дзеля наступнага іхнага абмену. Самаабвешчаны прэзідэнт выказаў такую думку, наведваючы мемарыял у Хатыні.

Якуб Хруст belsat.eu

Стужка навінаў