«National Review»: «TikTok» грае ключавую ролю ў ваенпраме КНР


Карыстанне «TikTok» звязанае з пагрозаю замежнага ўмяшання, а «ByteDance», матчыная кампанія сацыяльнай сеткі, ёсць галоўным гульцом у вайскова-прамысловай сістэме назірання Камуністычнай партыі Кітаю. Пра гэта піша выданне «National Review» са спасылкаю на справаздачу парламенту Аўстраліі. 

Вокладка аплікацыі «TikTok». Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: pixaby.com

У сваёй публікацыі «National Review» расказвае, што паводле справаздачы парламенту Аўстраліі, заява аб ролі ключавога гульца, якую грае кампанія «ByteDance» у вайскова-прамысловай сістэме назірання Камуністычнай партыі Кітаю, падмацаваная шэрагам фактаў.

Сцвярджаецца, што кітайская матчыная кампанія сацсеткі «TikTok» «ByteDance» стала ў 2018 годзе сузаснавальніцаю Акадэміі штучнага інтэлекту, якую падтрымлівае ўрад Кітаю, і супрацоўнічала з некалькімі фірмамі назірання, да якіх ужытыя санкцыі ЗША за іх ролю ў рэпрэсіях Пекіну супраць уйгураў. У аўстралійскай справаздачы прыводзіцца і шмат доказаў сувязі «ByteDance» з ваенізаваным крылом КПК, што вылілася ў сотні арыштаў у Кітаі, якія сталі магчымыя дзякуючы кітайскай версіі «TikTok» і непразрыстай сістэме палітычнага ўплыву партыі.

Дэталі абвінавачання ў сувязях «TikTok» з вайскоўцамі і спецслужбоўцамі Кітаю

Што датычыць Акадэміі штучнага інтэлекту, то справаздача згадвае кітайскі ўрадавы дакумент, паводле якога яе стварэнне было часткаю больш шырокіх намаганняў дзеля выкарыстання грамадзянскіх даследаванняў у галіне штучнага інтэлекту з вайсковымі мэтамі.

«ByteDance» таксама мае рызыкоўныя сувязі з чатырма вайсковымі ўніверсітэтамі ў даследаваннях крытычных тэхналогіяў. Прынамсі тры з іх – Хуачжунскі ўніверсітэт навукі і тэхналогіяў, Народны ўніверсітэт грамадскай бяспекі Кітаю і Універсітэт Цінхуа – удзельнікі кітайскіх вайсковых праграмаў і праграмаў кібербяспекі.

«ByteDance» звязаная з апаратам дзяржаўнай бяспекі Кітаю і пяццю фірмамі назірання, кожная з якіх удзельнічала ў рэпрэсіях кампартыі Кітаю супраць уйгураў і застаецца пад пераследам у ЗША. Вядома, што «ByteDance» выкарыстоўвала тэхналогію распазнання голасу ад кампаніі «iFlyTek» і тэхналогію распазнання асобаў ад кампаніі «SenseTime». Абедзве гэтыя кампаніі імаверна працавалі з кітайскімі службамі бяспекі, чынячы рэпрэсіі супраць уйгураў.

Яшчэ адзін партнёр «ByteDance», суперкамп’ютарная фірма «Sugon», удзельнічала ў сімуляцыі і мадэляванні ядравай зброі і ў выпрабаваннях гіпергукавых плавальных апаратаў.

Апроч таго, у кіраўніцтве «ByteDance» ёсць высокапастаўленыя службовыя асобы, якія ўваходзяць у органы і перадавыя групы кітайскай кампартыі.

Кампанія таксама дапамагла паліцыі правесці 576 арыштаў са студзеня 2021 года да сакавіка 2022 года.

Кантэкст публікацыі аўстралійскай справаздачы

Выданне спасылаецца на 113-старонкавае дасье спецыяльнай аўстралійскай парламенцкай камісіі, якая расследуе ролю «TikTok» і «WeChat» у замежным умяшанні ў аўстралійскія выбары. Справаздача падрыхтаваная групай даследчыкаў, у якую ўваходзіць Джон Гарнаўт, былы журналіст і дарадца ўрадУ Аўстраліі, які адыграў ключавую ролю ў тым, каб Канбэра выступіла супраць палітычнага ўмяшання Кітаю ў канцы 2010-х гадоў.

Справаздача апублікаваная ў важны момант для выжывання «TikTok» у ЗША, бо адміністрацыя Джо Байдэна і Кангрэс разглядаюць меры дзеля магчымага абмежавання папулярнай праграмы кароткіх відэа. Факты са справаздачы пацвярджаюць засцярогі, што «ByteDance» можа выкарыстоўваць «TikTok» для прасоўвання наратываў кітайскай кампартыі.

«Нашае даследаванне па-за ўсякімі сумневамі пацвярджае, што «TikTok» належыць «ByteDance», а «ByteDance» ёсць кампаніяй КНР і застаецца пад уплывам, кіраўніцтвам і фактычным кантролем Камуністычнай партыі Кітаю і звязаная з адпаведнымі тэхналагічнымі кампаніямі», – гаворыцца ва ўводзінах да справаздачы, якая заснаваная пераважна на матэрыялах, знойдзеных у інтэрнэце.

У сваю чаргу, кампанія «ByteDance» абвінаваціла аўтараў дасье ў неразуменні яе карпаратыўнай структуры.

«Крыніцы ў гэтай справаздачы адносяцца да даччынай кампаніі «ByteDance», якая нясе выключную адказнасць за прадукты і аперацыі кампаніі ў Кітаі. Ён не мае права аператыўнага кантролю над «TikTok», – заявіла прадстаўніца «ByteDance» Джэніфэр Бэнкс. «Гэтая няслушная характарыстыка нашай кампаніі – толькі адна з шматлікіх недакладнасцяў, якія ставяць пад сумнеў дакладнасць справаздачы. Мы не ўганаруем справаздачу якім-небудзь далейшым адказам».

Антон Тачняк belsat.eu

Стужка навінаў