Галоўнае ўпраўленне разведкі Міністэрства абароны Украіны заяўляе, што Крэмль шукае новыя метады ўцягвання беларусаў у вайну.
У ГУР паведамляюць, што расейскія спецслужбы вывучаюць маральна-псіхалагічны стан беларускіх вайскоўцаў і праводзяць «індывідуальныя гутаркі» з імі:
«Такім чынам пуцінскія эмісары спрабуюць схіліць беларускіх вайскоўцаў да ўдзелу ў вайне з Украінай, няхай нават не ў складзе Узброеных сілаў Беларусі».
Паводле ўкраінскай выведкі, за выкананне «спецзаданняў» беларусам прапаноўваецца фінансавае забеспячэнне памерам $ 1000–1500 на месяц. Да таго ж – ільготнае навучанне ў расейскіх вайсковых ВНУ (напрыклад, Разанскае паветрана-дэсантнае каманднае вучылішча).
У ГУР сцвярджаюць, што такія выпадкі, у прыватнасці, былі зафіксаваныя ў падраздзяленнях 103-й дэсантнай дывізіі Узброеных сілаў Беларусі і Гомельскай памежнай групы.
«Тым не менш, у беларускіх вайскоўцаў вельмі нізкі ўзровень матывацыі да ўдзелу ў баявых дзеяннях. Тыя, хто даў згоду, выключаюцца са спісаў асабістага складу сваіх падраздзяленняў дзеля працягу службы па-за межамі Узброеных сілаў Беларусі», – кажуць у ГУР.
Украінская выведка паведамляе, што кіраўніцтва Беларусі цяпер абмяркоўвае магчымасць удзелу арміі ў вайне супраць Украіны. Пераважная большасць асабовага складу адмаўляецца ўдзельнічаць у вайне, і таму іх правяраюць на сувязь з апазіцыяй. Таксама змяняюцца нелаяльныя да Расеі камандзіры, заяўляюць у ГУР.
РР belsat.eu