Міністэрства юстыцыі Беларусі паведаміла пра масавае пазбаўленне ліцэнзіяў адвакатаў з Менскай гарадской і Гарадзенскай абласной калегіяў адвакатаў.
Гэтак, спыняецца дзеянне ліцэнзіяў Аксаны Белай, Наталлі Волкавай, Вольгі Дзямідчык і Сяргея Дзем’янчука «ў сувязі з немагчымасцю выканання адвакатамі сваіх прафесійных абавязкаў з прычыны недастатковай кваліфікацыі». Як удакладняе БелТА, у сувязі з дысцыплінарнымі спагнаннямі за дзеянні, «што дыскрэдытуюць званне адваката і адвакатуру».
Аксана Белая, напрыклад, не атэставаная адразу падчас разгляду справы ейнай кліенткі – галоўнай рэдактаркі TUT.by Марыны Золатавай. Адвакатка мае 20-гадовы стаж працы.
Адвакатку Таццяну Кавалевіч пазбавілі права выконваць прафесійныя абавязкі з прычыны «недастатковай кваліфікацыі».
Адносна адваката Ігара Дзячкова заяўлена пра ягоную няпоўную адпаведнасць патрабаванням заканадаўства з адтэрмінаваннем атэстацыі на шэсць месяцаў пры ўмове павышэння кваліфікацыі.
Пераатэстацыю кваліфікацыйнай камісіі прайшлі толькі Мая Аляксандрава, Генадзь Кадыка, Наталля Машара, Алена Сцяпанава і Алег Халецкі.
Якуб Хруст belsat.eu