Чаму КДБ зладзіла рэйды менавіта цяпер – рыхтуюцца да чагосьці кепскага? Разважае Алег Кулеша


Супрацоўнікі Камітэту дзяржаўнай бяспекі 23 студзеня масава пайшлі па сваяках палітвязняў і да палітычных зняволеных, якіх ужо адпусцілі на волю. Праваабаронцам вядома пра прынамсі 84 чалавек, якія трапілі пад пераслед.

Алег Кулеша, прадстаўнік Беларускай асацыяцыі палітвязьняў «Да волі». Варшава, Польшча. 2 снежня 2023 года.
Фота: Карына Пашко / Белсат

У пастановах супрацоўнікаў КДБ фігуруюць артыкулы за «фінансаванне экстрэмісцкай дзейнасці» і «ўдзел у экстрэмісцкіх фармаваннях». Але нейкай відавочнай прычыны для хапуну не відаць. З чаго вырашылі пайсці з рэйдамі менавіта ў гэты дзень?

Спікер беларускай асацыяцыі палітвязняў «Да волі» Алег Кулеша лічыць, што рэйды выкліканыя тым, што сілавікі рыхтуюцца да нейкай падзеі – выбараў або чагосьці іншага – і шукаюць нейкае «прыкрыццё», як то данаты ў фонды салідарнасці або ўдзел у плане «Перамога».

Прычынай, адзначае ён, не абавязкова мусяць быць выбары – можа, рыхтуецца, пачатак нейкіх баявых дзеянняў, правакацыя ў Сувалкаўскім калідоры ці нешта іншае, пра што грамадства яшчэ не здагадваецца.

«Калі мяне ўжо затрымлівалі пасля таго, як я адбыў тэрмін у калоніі, яны наогул пісалі, нібыта ў іх ёсць падазрэнні, што «ён быў падпісаны ў 2020 годзе на экстрэмісцкія Telegram-каналы«. То бок падазрэнне – і ўсё, – згадвае Кулеша. – Яны проста адпрацоўваюць свае дзеянні на будучыню».

Чаму прыйшлі таксама да былых палітвязняў, як то да Аляксея Раманава? Проста таму, што гэта «першая група рызыкі», адказвае Кулеша. Калі сілавікі раптам стануць шукаць скрадзены ровар, пойдуць найперш да таго, хто адсядзеў за крадзеж ровара, а калі трэба шукаць палітычную пагрозу – пойдуць найперш да тых, каго ўжо каралі з палітычных матываў.

Ён заклікае тых, каго садзілі з палітычных прычынаў і вызвалілі, не заставацца на тэрыторыі Беларусі, бо «цябе ўсё роўна зноў затрымаюць раней ці пазней» – арыштуюць ці распачнуць новую крымінальную справу. Калі не будзе за што караць, могуць узяць тэлефон і падпісаць на «экстрэмісцкія» каналы.

Сярод затрыманых ёсць людзі са слабым здароўем, як то 76-гадовы актывіст Барыс Хамайда. Кулеша падкрэслівае, што трапленне за краты для людзей з хранічнымі захворваннямі вельмі рызыкоўныя, бо рэжым ставіцца да «палітычных» як да самых першых ворагаў. Ён згадвае, што калі быў у калоніі, за 9 месяцаў бачыў 8 смерцяў. Маўляў, да ўсіх вязняў «ставяцца як да быдла», але да палітычных зняволеных – яшчэ больш брыдка. Таму не варта чакаць, што да людзей са слабым здароўем будуць ставіцца акуратней.

Hавiны
Стрыжак: Ідзе комплексная атака на сістэму дапамогі палітвязням
2024.01.23 19:04

belsat.eu

Стужка навінаў