Вайна ва Украіне. Падсумоўваем асноўныя падзеі на вечар 23 студзеня


«Белсат» падводзіць вынікі 334-х содняў поўнамаштабнай вайны, распачатай Расеяй ва Украіне. Пра галоўныя падзеі станам на вечар 23 студзеня чытайце ў нашым аглядзе.

Цягам апошніх содняў працягваюцца лакальныя пазіцыйныя баі на тэрыторыі паўночна-ўсходняй часткі Харкаўскай вобласці, а таксама на захадзе Луганскай.

Аналітыкі праекту Deepstatemap лакалізуюць іх у ваколіцах Навасёлаўскага, Плашчанкі і ў лясах каля Крэмінной.

Генеральны штаб Збройных сілаў Украіны паведамляе, што атакі войскаў РФ былі адбітыя каля Стэльмахоўкі і Навасёлаўскага ў Луганскай вобласці.

Расейскі ваенкор Сямён Пегаў піша, што за Навасёлаўскае ідуць сустрэчныя баі, але большая частка населенага пункту знаходзіцца пад кантролем ЗСУ. Узброеныя сілы РФ у сваю чаргу намагаюцца наступаць з боку Жытлоўкі на Церны (тэрыторыя Данецкай вобласці).

Украінская ваенная тэхніка.
Фота: Генеральний штаб ЗСУ / General Staff of the Armed Forces of Ukraine / Facebook 

Тэлеграм-канал «Рыбарь» удакладняе, што ЗСУ займаюць пазіцыі ў Навасёлаўскім каля чыгуначнай станцыі, пры гэтым украінскі бок адклаў на некалькі дзён свой наступ на суседняе сяле Куземаўка праз неспрыяльныя ўмовы надвор’я.

Расейцы тым часам замацоўваюцца па лініі населеных пунктаў Макееўка – Плашчанка.

На тэрыторыі Данецкай вобласці, паводле Генштабу ЗСУ, войскі РФ наступаюць на бахмуцкім і аўдзееўскім кірунках, пры гэтым трымаюць абарону на навапаўлаўскім. Таксама ведамства паведамляе пра адбіццё атак праціўніка каля населеных пунктаў Выемка, Раздолаўка, Белагораўка, Парасковіеўка, Бахмут, Ступачка, Новабахмутаўка, Первамайскае і Мар’інка.

Тым часам Міністэрства абароны РФ заявіла пра захоп сяла Краснаполле (з 2009 года мае назву Краснапалёўка) на бахмуцкім кірунку.

Гэтую інфармацыю пацвярджаюць у праекце Deepstatemap. Таксама аналітыкі пішуць, што на гэтым кірунку працягваюцца пазіцыйныя баі ў Спірным і Белагораўцы, а каля Кляшчэеўкі ідуць сустрэчныя баі.

«Рыбарь» піша, што пасля захопу Краснапалёўкі сілы ПВК «Вагнер» наступаюць у бок Раздолаўкі і Благадатнага. Таксама, паводле крыніцы, вагнераўцы прасунуліся ў Бахмуце ў раёнах «Мясакамбінат» і «Забахмутка», а таксама занялі квартал на паўднёвым ускрайку гораду з боку Вопытнага.

На аўдзееўскім кірунку, паводле Deepstatemap, расейцы маюць частковы поспех на поўдні ад Вадзянога, таксама захоўваецца складаная сітуацыя ў Краснагораўцы, дзе асобныя ўчасткі зялёнай зоны пераходзяць з рук у рукі.

Пегаў гаворыць, што ў Мар’інцы працягваюцца гарадскія баі, у якіх ЗСУ адзначыліся сваёй контратакай.

Лінія фронту ў Запарожскай вобласці стабілізавалася, Узброеныя сілы РФ спынілі атакі і перайшлі да артылерыйскіх абстрэлаў пазіцыяў ЗСУ.

Без зменаў застаецца і фронт у Херсонскай і Мікалаеўскай вобласцях.

Паводле Генштабу ЗСУ, цягам апошніх содняў было знішчана каля 720 расейскіх вайскоўцаў, у выніку чаго агульныя беззваротныя страты РФ дасягнулі 121 480 чалавек.

Ва ўмовах актыўных баявых дзеянняў журналісты не маюць магчымасці аператыўна правяраць афіцыйныя паведамленні ўдзельнікаў вайны. 

ВК belsat.eu 

Стужка навінаў