news
Фота

Топ-20 фотаздымкаў «Белсату» за 2023 год

Фатографы «Белсату» працягваюць паказваць чалавечыя гісторыі і дакументаваць падзеі.
09.12.202313:15

Фатографы «Белсату» працягваюць паказваць чалавечыя гісторыі, дакументаваць падзеі, звязаныя з вайною ва Украіне, беларусамі за мяжой. А таксама дзякуючы нашым чытачам у Беларусі, нават ва ўмовах татальных рэпрэсіяў, мы можам паназіраць за жыццём у краіне. З нагоды 16-ці годдзя «Белсату» сабралі ў фотападборы самыя яскравыя здымкі за 2023 год.

У сталіцы Літвы адбыўся мітынг, прысвечаны другой гадавіне пачатку поўнамаштабнай вайны ва Украіне. У гэты дзень людзі выйшлі на вуліцы розных гарадоў, каб правесці акцыі з заклікам спыніць расейскае ўварванне. Вільня, Літва.
Фота: Белсат
Украінскі вайсковец стаіць ля Сцяны памяці загінулых абаронцаў у расейска-ўкраінскай вайне з 2014 года, што каля Міхайлаўскага сабору ў Кіеве, Украіна.
Фота: Белсат
Маці загінулага беларускага добраахвотніка Эдуарда Лобава, жаўнера Збройных сілаў Украіны, падчас пахавання сына на варшаўскіх вайсковых могілках Павонзкі. Эдуард Лобаў быў смяротна паранены 26 студзеня 2023 года аскепкам танкавага снарада каля Вуглядару ва Украіне, калі страляў з «Javelin» па расейскім танку. Варшава, Польшча. Фота Міра Ляселішская / Белсат
Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі і прэзідэнт Літвы Гітанас Наўседа прамаўляюць на Лукішскай плошчы ў Вільні падчас саміту NATO. На здымку (злева і справа) – першая лэдзі Украіны Алена Зяленская і першая лэдзі Літвы Дыяна Няпайце-Наўседзіене. Вільня, Літва.
Фота: Белсат
Людзі выліваюць ваду з бутэлек падчас стыхійнай акцыі ў Варшаве пасля падрыву Кахоўская ГЭС. 6 чэрвеня расейскія вайскоўцы падарвалі грэблю Кахоўскай ГЭС, у выніку чаго ў першыя дні былі затопленыя каля 600 тысячаў квадратных кіламетраў тэрыторыі на абодвух берагах Дняпра. Варшава, Польшча.
Фота: Міра Ляселішская / Белсат
У Вільні правялі акцыю, прысвечаную памяці палітычнага вязня Алеся Пушкіна, які 11 ліпеня памёр у рэанімацыі Гарадзенскага шпіталю хуткай медычнай дапамогі. Удзельнікі акцыяў стаяць насупраць амбасады Беларусі ў Літве з плакатамі і здымкамі мастака. Вільня, Літва.
Фота: Белсат
Міжнародная акцыя «Дзень салідарнасці» адбылася ў Вільне ў трэцюю гадавіну прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі. Вільня, Літва.
Фота: Белсат
У Варшаве адбыўся вайсковы парад з нагоды Дня Войска Польскага, якія лічыцца найбуйнейшым парадам з 1989 года. У ім узялі ўдзел 2000 вайскоўцаў, былі прадэманстраваныя каля 200 адзінак вайсковай тэхнікі. Варшава, Польшча.
Фота: Аліса Ганчар / Белсат
Пацярпелыя стаяць каля машыны хуткай дапамогі ў Браварах. 18 студзеня каля Кіева непадалёк дзіцячага садка разбіўся верталёт ДСНС з кіраўніцтвам МУС Украіны. У выніку катастрофы загінулі міністр унутраных справаў Дзяніс Манастырскі ды ягоны першы намеснік Яўгеній Енін, дзяржаўны сакратар МУС Юрый Лубковіч, агулам 16 чалавек. Бравары, Украіна.
Фота: Белсат
Пахаванне Бэрлюсконі
Мужчына фатаграфуецца на фоне партрэту Сільвіё Бэрлюсконі побач з тэатрам «La Scala». Італія развітваецца з былым прэм’ер-міністрам краіны Сільвіё Бэрлюсконі, які памёр 12 чэрвеня ў веку 86 гадоў у шпіталі Сан-Рафаэле. Урачыстая імша адбылася ў Міланскім саборы ў гістарычным цэнтры гораду. Мілан, Італія.
Фота: Ян Лісіцкі / Белсат
Адным летнім днём пара абдымаецца на беразе Менскага мора падчас заходу сонца ў Менску, Беларусь.
Фота: Белсат
Сваякі плачуць падчас пахавання трох родных, якія загінулі ў выніку расейскага тэракту ва ўкраінскім паселішчы Гроза. 5 кастрычніка Расея нанесла ракетны ўдар па кавярні, дзе праходзілі хаўтуры па загінулым салдаце ЗСУ. Агульны лік загінулых склаў 59 чалавек. Гроза, Харкаўская вобласць, Украіна. 12 кастрычніка 2023 года.
Фота: Уладзіслаў Максіменка / Белсат
Аператар дронаў, украінскі вайсковец з пазыўным Стыў, нясе беспілотнік на плячы на палігоне ў невядомым месцы ва Украіне.
Фота: Белсат
Наведнікі фестывалю «Varušniak» у Варшаве, якім 1 ліпеня беларусы адзначылі Купалле. Варшава, Польшча.
Фота: Аліса Ганчар / Белсат
Жыццё бяжыць у цэнтры Менску на набярэжнай Свіслачы падчас заходу сонца. Менск, Беларусь.
Фота: Белсат
Палявыя вучэнні варшаўскай харугвы Паспалітага рушэння недзе ў лесе ў Польшчы. Адны рыхтуюцца да партызанскага руху, іншыя – да ўдзелу ў баявых дзеяннях ва Украіне.
Фота: Аліса Ганчар / Белсат
Сітуацыя на памежным пераходзе Баброўнікі-Бераставіца падчас яго закрыцця. 10 лютага Польшча закрыла адзін з найбуйнейшых памежных пунктаў пропуску на беларуска-польскай мяжы. Адбылося гэта пасля прысуду беларускаму журналісту польскага паходжання Анджэю Пачобуту, які быў суджаны беларускім рэжымам на 8 гадоў калоніі. Баброўнікі, Польшча.
Фота: Карына Пашко / Белсат
Украінскія сапёры падрываюць зарады для размінавання тэрыторыяў у Данецкай вобласці. На гэты час Украіна – самая замінаваная краіна ў свеце. Паводле прэмʼер-міністра Дзяніса Шмыгаля, каля 30 % тэрыторыі краіны патэнцыйна замінаваныя (174 тысячы квадратных кіламетраў), што адпавядае амаль тром плошчам Харватыі і васьмі – Ізраілю. Данецкая вобласць, Украіна.
Фота: Белсат
Былыя палітзняволеныя музыкі Юля і Пятро Марчанкі ў вышыванках на волі. Разам з іншымі ўдзельнікамі гурта «Irdorath» іх затрымалі 2 жніўня 2021 года на лецішчы каля Менску падчас святкаванне дня народзінаў вакалісткі Надзеі Калач. Юлія і Пятро атрымалі па 1,5 года калоніі, цалкам адбылі свой тэрмін і з’ехалі з Беларусі. Варшава, Польшча.
Фота: Аліса Ганчар / Белсат
У сонечны вясновы дзень маці фатаграфуе дачку пад дрэвамі ў Лошыцкім парку ў Менску, Беларусь.
Фота: Белсат
Фота
Адвага ўкраінскага народу і салідарнасць свету. Год «Белсату» ў фотаздымках
2022.12.31 10:10
Фота
Працяг 2020-га ці пачатак новай рэальнасці? Найлепшыя здымкі года паводле версіі «Белсату»
2021.12.30 09:00

Андрэй Шаўчэнка belsat.eu