У Беларусі распачалі 7 крымінальных справаў за даўгабуды


Камітэт дзяржкантролю за апошнія паўтара тыдня ўзбудзіў сем крымінальных справаў за парушэнні пры працы з аб’ектамі звышнарматыўнага незавершанага будаўніцтва.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Будаўніцтва заводу. Крыніца: mir24

У ліпені ў Шчучынскім раёне мясцовая жыллёва-камунальная гаспадарка за бюджэтныя сродкі набыла ў гарадзенскай камерцыйнай структуры станцыю абезжалезвання вады, але сістэму так і не ўсталявалі. Пасля таго, як грошы на рахунак кампаніі паступілі, працы на аб’екце спыніліся. Станцыя абезжалезвання вады не працуе. Справа ўзбуджаная супраць кіраўніка ЖКГ, паведамляе Камітэт дзяржкантролю.

У 2018–2021 гадах дзяржпрадпрыемства ў Смалявіцкім раёне атрымала з інавацыйнага фонду больш за 13 млн руб. на стварэнне інавацыйнай камбікормавай вытворчасці і мадэрнізацыі перапрацоўчага комплексу для вытворчасці мясных вырабаў. Сродкі былі патрачаныя ў тым ліку на дарагое абсталяванне, але яно да гэтага часу не працуе, бо прадпрыемства не падрыхтавала для яго будынку. Абсталяванне захоўвалася ў неацепленых вільготных памяшканнях, на асноўную яго частку скончыліся гарантыйныя тэрміны. Крымінальная справа ўзбуджаная ў дачыненні былога дырэктара дзяржпрадпрыемства па факце бяздзеяння, якое прывяло да прычынення істотнай шкоды дзяржаўным інтарэсам.

Таксама па факце бяздзеяння ўзбуджаная крымінальная справа ў дачыненні былога кіраўніка сельскагаспадарчага вытворчага кааператыву Маладзечанскага раёну. Устаноўлена, што ў 2006 годзе калгас пабудаваў зернеачышчальна-сушыльны комплекс агульным коштам больш за 64 тыс. руб. За выкананыя работы былі пералічаны грашовыя сродкі, аднак з-за недахопаў, дапушчаных пры будаўніцтве, зернесушыльны комплекс не выкарыстоўваецца.

Больш за тое, высветлілася, што выкарыстанне гэтай зернесушылкі эканамічна немэтазгоднае, бо ў 2010 годзе гэты ж калгас у суседнім паселішчы пабудаваў комплекс, які цалкам закрывае патрэбы гаспадаркі ў сушцы і ачышчэнні збожжа.

Алена Рувіна belsat.eu

Стужка навінаў