Сілавікі пад выглядам «Гаюна» прапаноўваюць беларусам супрацоўнічаць


Сілавікі Лукашэнкі пад выглядам прадстаўнікоў «Гаюна» прапаноўваць беларусам «супрацу» і патрабуюць асабістыя звесткі. Пра гэта паведамляе телеграм-канал «Беларускі Гаюн».

 

Прыклад асабістых паведамленняў ад сілавікоў.
Фота: «Беларусі Гаюн» / Telegram / Hajun_BY

Маніторынгавы цэнтр «Беларускі Гаюн» высветліў, што ў чат-ботах знаёмстваў актывізаваліся сілавікі Лукашэнкі, якія пад выглядам заяўкі на дачыненні прапануюць напісаць ім, «калі ты не абыякавы да сваёй дзяржавы і прагнеш у жыцці толькі міру ды гатовы ў аказанне любой дапамогі». У асабістых паведамленнях сілавікі распавядаюць байкі, што яны – прадстаўнікі «Гаюна», якія шукаюць крыніцы. Далей гэтыя «прадстаўнікі» патрабуюць асабістыя звесткі чалавека, да якога звярнуліся: прозвішча, імя, дзень і месца нараджэння, адкуль вы, дзе вучыліся, дзе працуеце і хобі.

«Беларускі Гаюн» папярэджвае, што не мае да такіх прапановаў ніякага дачынення.

«Беларускі Гаюн» ніколі і нікому не піша асабістых паведамленняў і дакладна не шукае крыніцаў у чат-боце знаёмстваў «Дайвінчык». Адзіная крыніца сувязі з маніторынгавай групай – гэта бот: @HajunBYbot. Па-другое, мы ніколі і ні пры якіх абставінах не запытваем асабістых звестак. Навошта нам ведаць ваша сапраўднае імя і, крый божа, хобі?! Тое, што гэты «прадстаўнік» запытвае, называецца дасье», – гаворыцца ў папярэджанні.

Таксама маніторынгавы цэнтр заклікае не пісаць ніякім акаўнтам, якія называюцца «Гаюном» у нейкіх чатах. І дае інструкцыі для дзеянняў, калі вы ўсё ж распачалі камунікацыю з акаўнтам «псеўда-Гаюна» або атрымалі ад яго паведамленне:

1. Паведаміць у @HajunBYbot, што сілавікі прыкідваюцца «Гаюном» з вось такога акаўнту і даслаць адпаведныя спасылкі.

2. Блакаваць гэты фэйкавы акаўнт, які вам піша.

3. Калі ваш акаунт у Telegram змяшчае ці ўтрымліваў вашыя асабістыя звесткі (фота ці імя з прозвішчам), то такі акаўнт трэба выдаліць і стварыць новы. Асабліва гэта датычыць тых, хто паспеў нешта расказаць сілавікам у прыватным паведамленні.

«Беражыце сябе і будзьце пільныя – ваша бяспека залежыць у першую чаргу ад вас», – адзначыў «Беларускі Гаюн».

«Беларускі Гаюн» – адзін з тэлеграм-каналаў праекту «Motolkohelp», які займаецца маніторынгам вайсковай актыўнасці на тэрыторыі Беларусі.

Антон Тачняк belsat.eu

Стужка навінаў