«Праваліўся пад лёд». Удава Аляксея Стрэльнікава распавяла пра ягоную гібель


Удава тэатральнага крытыка і культурніцкага дзеяча Аляксея Стрэльнікава, які загінуў праз няшчасны выпадак 17 снежня, распавяла падрабязнасці. Аляксей праваліўся пад лёд на возеры, змог выбрацца з вады, але дапамога не паспела прыйсці.

Аляксей Стрэльнікаў. Менск, Беларусь. 2 ліпеня 2021 года.
Фота: АК / Белсат

У той дзень Аляксей паехаў за горад на тэатральны ўоркшоп.

«Лёша ехаў на тэатральны ўоркшоп. У цудоўнае прыгожае месца на прыродзе, далёка ад населеных пунктаў. Я падтрымлівала яго. А ён радаваўся, прыродзе і рабоце з людзьмі», – узгадвае жонка Алена Іванюшэнка. Дарогі занесла, і прыйшлося пераходзіць возера, але «гэта не было легкадумнае рашэнне», – дадае яна.

«Лёша праваліўся пад лёд. Ён выбраўся. Але стаяў моцны мароз. Дапамога не паспела прыйсці. Я ведаю, што Лёша зрабіў усё, што было ў ягоных сілах і больш, абы застацца тут, з нашым сынам», – напісала Алена.

Яна расказала, што ў той дзень яны стэлефанаваліся раніцай і прагаварылі 10 хвілін. «Лёша гуляў раніцай з Львом [сынам] і сказаў, як добра ўдваіх яны правялі час. Лёша быў вельмі спакойны ў гэтай размове. І як мне сказалі потым, ён заставаўся такім да самага канца, спакойным і чалавечным. Але чамусьці я гэта ведала і так».

«Давайце разам успамінаць нашага дарагога чалавека. Няхай у нас у душы боль і страта, але там павінна знайсціся месца святлу і чалавечнасці. Гэтага б Лёша вельмі хацеў», – папрасіла Алена.

Развітанне з Аляксеем адбылося 21 снежня ў царкве Свята-Елісавецінскага манастыра. Пахавалі яго на Лясных могілках у Менску. Стрэльнікаву было 39 гадоў.

Ён нарадзіўся ў Новасібірску, але свядомае жыццё пражыў у Беларусі. Скончыў журфак БДУ і тэатразнаўчую аспірантуру Беларускай акадэміі мастацтваў, атрымаў ступень кандыдата мастацтвазнаўства. Пісаў пра тэатр на шмат якіх культурніцкіх пляцоўках у Беларусі і за яе межамі, працаваў у Цэнтры беларускай драматургіі, Цэнтры візуальных мастацтваў, Цэнтры эксперыментальнай рэжысуры і «Арт Карпарэйшн».

Стрэльнікаў 7 гадоў выкладаў у Акадэміі мастацтваў, адкуль пасля пратэстаў 2020-га, у снежні таго ж года, быў звольнены за «прагул без паважных прычынаў».

Таксама Аляксей быў сувядоўцам праграмы «Рэмарка» на «Белсаце». Выказваем свае спачуванні блізкім.

Алена Рувіна belsat.eu

Стужка навінаў