Эксперт: Курс рубля зніжаецца, але абвалу на валютным рынку не будзе


На працягу бягучага месяца курс беларускага рубля да замежных валютаў пачаў зніжацца і пры гэтым умацоўвацца да расейскага рубля. Эканамісты ў размове з «Белсатам» кажуць, што зніжэнне курсу нашай валюты пакуль не адаб’ецца на коштах у крамах. Беларусы, зрэшты, ужо пачалі прызвычайвацца, што некаторыя тавары знікаюць з паліцаў. Эксперты прагназуюць, што гэтая тэндэнцыя захаваецца. 

Прадукты харчавання ў Беларусі. 26 красавіка 2022 года.
Фота: Белсат

З пачатку снежня курс долара ў Беларусі вырас на 12,35 %, еўра – на 16,41 %. Пры гэтым расейскі рубель патаннеў на 4,67 %. Таму ў выніку за тры тыдні бягучага месяца кошык валют вырас усяго на 2 %. Агулам сітуацыя на валютным рынку характарызуецца нязначнымі зменамі, лічаць эканамісты. Паводле Настассі Лузгіной, старэйшай навуковай супрацоўніцы даследчага цэнтру BEROC, зніжэнне курсаў беларускага рубля да долара і еўра абумоўлена аслабленнем расейскага рубля.

«Мы бачым, што беларускі рубель арыентуецца на дынаміку расейскага ў сувязі з тым, што ў нас цяпер растуць аб’ёмы гандлю з Расеяй, таксама валюта РФ складае 60 % у кошыку валютаў. Але беларускі рубель не цалкам дублюе ваганні расейскай валюты, паколькі да расейскага рубля нашая валюта ўмацавалася», – кажа Настасся Лузгіна.

Расейскі рубель прасядае пад ціскам санкцыяў

Што да ваганняў расейскага рубля, то тут дзейнічаюць адразу ж некалькі фактараў, пералічвае Настасся Лузгіна.

«Галоўная прычына – у змене коштаў на энерганосьбіты. Цяпер нафта маркі «Urals» каштуе меней за 60 долараў ЗША за барэль. Такі кошт нават ніжэйшы за мяжу коштаў, якую ўсталявалі еўрапейцы. Другі фактар зніжэння курсаў расейскага рубля – 9-ы пакет санкцыяў ЕЗ, а таксама ўвядзенне абмежавання на кошты не толькі на нафту, але і на прыродны газ»», – кажа суразмоўца «Белсату».

Акрамя санкцыйных прычынаў, у Расеі ёсць і свае, унутраныя – скарачаецца розніца паміж экспартам і імпартам, расце паралельны імпарт, працягвае Настасся Лузгіна. Эканоміка пачынае прыстасоўвацца да ўмоваў, у якіх апынулася краіна. Адпаведна, праз зніжэнне коштаў на энергарэсурсы ў лістападзе зніжаецца паступленне на рынак замежнай валюты. Усё гэта прывяло да таго, што расейскі рубель у снежні аслабеў. Нельга казаць пра абвал, бо курс усталяваўся 72 рублі за долар ЗША.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: volga-kaspiy.ru

Што будзе далей з расейскай валютай, прагназаваць складана. Але тэндэнцыя такая, што напрыканцы года выплачваюцца падаткі. Адпаведна, экспарцёры будуць мяняць валюту, звяртае ўвагу эксперт. Гэта будзе спрыяць умацаванню расейскага рубля.

«Калі казаць пра далейшыя перспектывы эканомікі РФ, то сітуацыя будзе залежыць ад таго, ці ўвядуць новыя санкцыі і як будзе працаваць сусветная эканоміка. Бо калі ў Еўропе будуць зніжацца тэмпы росту, то будуць зніжацца тэмпы спажывання энерганосьбітаў. У адпаведнасці з гэтым будзе развівацца і расейская эканоміка. Агулам не выпадае чакаць абвалу, але паступовае зніжэнне курсу рубля, хутчэй за ўсё, мы будзем назіраць», – кажа Настасся Лузгіна.

Але аслабленне расейскай валюты – гэта кароткатэрміновы трэнд. Расейцы не супраць таго, што рубель слабее, бо для расейскай эканомікі рубель і так быў даволі моцным. Таму каля 70 рублёў за долар ЗША яны прынялі спакойна.

Беларуская валюта пад уплывам расейскага рубля

У Беларусі валютны рынак варта разглядаць у кантэксце не толькі курсаў замежных валютаў, але і расейскага рубля, кажа Настасся Лузгіна. Улады краіны імкнуцца ўсё больш гандлёвых плыняў перавесці ў Расею. Адпаведна, аб’ёмы растуць.

Фота: Belsat.eu

У той сітуацыі, у якой цяпер працуе нашая эканоміка, улады намагаюцца перавесці разлікі ў нацыянальныя валюты з сяброўскімі краінам, але насамрэч гэта зрабіць даволі складана. У нас шчыльныя сувязі склаліся толькі з Расеяй. Напрыклад з Кітаем такой інфраструктуры няма. Таму ў бліжэйшай перспектыве будзе накіраванасць на расейскі рубель, долар і еўра будуць максімальна замяшчаць, паколькі гэта звязана з праблемамі аплаты, санкцыйнымі праблемамі, замарожваннем актываў і гэтак далей, кажа суразмоўца «Белсату». Таму будуць намагацца перавесці разлікі перадусім у расейскія рублі.

«Але трэба памятаць пра рызыкі. Бо расейскі рубель не цвёрдая валюта. Гэтая грашовая адзінка краіны, якая застаецца пад жорсткімі санкцыямі, ва ўмовах вайны. Таму варта мець на ўвазе, што сітуацыя з гэтай эканомікай можа змяніцца вельмі хутка. Гэта прадэманстраваў 2022 год, калі ў сакавіку курс расейскага рубля перавысіў 100 рублёў за долар ЗША», – тлумачыць эксперт.

Ваганні на валютным рынку – не прычына для хваляванняў

Цяпер значнай змены сітуацыі не адбылося, кажа Настасся Лузгіна. Гэтыя ваганні цяпер могуць не мець доўгатэрміновага характару і на працягу тыдня-двух сітуацыя можа адкаціцца назад. Значная доля гандлю ў нас цяпер адбываецца з Расеяй.  Беларускі рубель умацоўваецца да расейскага, таму калі казаць пра рост коштаў, то рост адной валюты часткова кампенсуецца зніжэннем курсу расейскага рубля.

«Узмацненне інфляцыйнага ціску вырасце, калі беларускі рубель будзе далей слабець не да адной валюты, а да кошыка валютаў. У гэтым выпадку будуць узнікаць дадатковыя складанасці для імпарцёраў праз рост выдаткаў. Таму ў гэтай сітуацыі ўлады будуць намагацца рэгуляваць кошты ў ручным рэжыме. Бо насамрэч няма забароны на рост коштаў, а ёсць кантроль і абгрунтаванне іх падвышэння. Таму калі чыноўнікі дадуць дазвол на рост коштаў, то імпарцёры будуць працаваць, калі ж не, то будуць намагацца прывозіць больш танныя тавары, але горшай якасці і скароцяць выбар», – кажа старэйшая навуковая супрацоўніца даследчага цэнтру BEROC.

Настасся Лузгіна. Дацэнтка, кандыдатка эканамічных навук, старэйшая навуковая супрацоўніца Цэнтру эканамічных даследаванняў BEROC. Варшава, Польшча. 15 лістапада 2022 года.
Фота: ТК / Белсат

У любым выпадку жорсткае коштавае рэгуляванне мае адмоўныя наступствы, кажа Настасся Лузгіна. Ужо цяпер бачна, што асартымент скарачаецца, прычынаю таму не толькі кантроль за коштамі, але і лагістычныя праблемы. Да таго ж імпарцёры і пастаўляльнікі пачынаюць выбіраць, якія тавары ім варта завозіць. Таму людзі з больш высокім прыбыткам могуць сутыкнуцца з рэальным дэфіцытам тавараў добрай якасці, якія яны прывыклі набываць.

Мікалай Каткоў belsat.eu

Стужка навінаў