Савет Міністраў апавёў, як і ў каго чыноўнікам трэба прасіць дазвол на выезд з Беларусі, калі гаворка не пра камандзіроўкі. Адпаведная пастанова аб узгадненні выезду з Рэспублікі Беларусь за 17 лістапада набыла моц.
Каб атрымаць дазвол на выезд, трэба за 10 дзён да паездкі падаваць заяву. У ёй чыноўнік мусіць пазначаць краіну наведвання і краіны транзіту, мэту паездкі і канчатковы адрас.
Кіраўнікам дзяржаўных органаў будуць даваць дазвол асобы, якія маюць права заключаць з імі працоўныя дамовы.
Дзяржаўным цывільным службоўцам і тэхнічным работнікам дзяржаўных органаў, якія маюць допуск да дзяржаўных таямніцаў, могуць даваць дазвол кіраўнікі гэтых дзяржаўных органаў.
Толькі прэмʼер-міністр можа выпускаць за мяжу намеснікаў прэм’ер-міністра, кіраўніка Савету Міністраў, кіраўнікоў рэспубліканскіх органаў дзяржаўнага кіравання і арганізацыяў, падпарадкаваных ураду, упаўнаважанага ў справах рэлігіяў і нацыянальнасцяў, старшыню прэзідыуму НАН.
Дэпутаты Палаты прадстаўнікоў маюць пытаць дазволу ў старшыні Палаты.
Кіраўнік Адміністрацыі прэзідэнта кантралюе паездкі кіраўнікоў ЦВК, Белстату, Найвышэйшай атэстацыйнай камісіі, Нацыянальнага цэнтру заканадаўства і прававых даследаванняў, Нацыянальнага цэнтру прававой інфармацыі і некаторых дзяржаўных цывільных службоўцаў.
Аднак пастанова раскрывае не ўсю інфармацыю пра дазвол на паездкі – там ёсць пункт «для службовага карыстання».
Шэраг абмежаванняў у выездзе з Беларусі абвесцілі 16 траўня 2023 года. Напрыклад, найвышэйшыя чыноўнікі мусяць узгадняць паездкі з Аляксандрам Лукашэнкам.
Арсен Рудэнка belsat.eu