Для беларусаў хочуць увесці адміністратыўную адказнасць, калі яны здаюць жытло замежнікам, але не паведамляюць пра гэта ў МУС. Такія змены прыняла Палата прадстаўнікоў у першым чытанні.
Згодна з законам «Аб прававым становішчы замежных грамадзянаў і асобаў без грамадзянства ў Рэспубліцы Беларусь» ад 4 студзеня 2010 года, беларусы абавязаныя інфармаваць міліцыю, калі яны здаюць жытло замежнікам, якія часова знаходзяцца ў Беларусі. Гэта распаўсюджваецца на юрыдычных і фізічных асобаў, улучна з індывідуальнымі прадпрымальнікамі. У выпадку прыняцця новаўвядзенняў, калі гэтыя абавязкі не будуць выконвацца, беларусаў чакае адміністратыўная адказнасць.
Праект зменаў таксама канкрэтызуе, пры здачы якіх памяшканняў трэба паведамляць у МУС пра замежнікаў. Гэта жылыя памяшканні, жылыя пакоі ў аграэкасядзібах, садовыя дамкі, лецішчы, шматфункцыянальныя памяшканні (бізнес-апартаменты), сродкі размяшчэння.
Рашэнне аб прыняцці зменаў можа быць вынесенае па выніках другога чытання ў парламенце.
З дакладам – абгрунтаваннем неабходнасці новаўвядзенняў выступіў міністр унутраных справаў Іван Кубракоў і чалец пастаяннай камісіі ў міжнародных справах Сяргей Сыранкоў.
Арсен Рудэнка belsat.eu