news
Каментар
Ідэальная адукацыя – каб людзі «кнігі не ўмелі чытаць»? Што стаіць за нарадаю Лукашэнкі
Без англійскай мовы, але з прымусовым размеркаваннем.
22.09.202318:03

21 верасня Аляксандр Лукашэнка правёў нараду, прысвечаную пытанням адукацыі, падчас якой былі абвешчаныя чарговыя рэпрэсіўныя захады, што гэтым разам закрануць беларускую моладзь. Пракаментаваць прапанаваныя новаўвядзенне «Белсат» папрасіў Марго Ворахаву, дарадцу абранай прэзідэнткі Беларусі Святланы Ціханоўскай у пытаннях моладзевай палітыкі ды студэнтаў, і прадстаўніка Каардынацыйнай рады Яна Рудзіка.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Белсат

Напалову платная адукацыя і напалову забаронныя захады

Падчас нарады міністр адукацыі Андрэй Іванец сярод іншага прапанаваў увесці адпрацоўку пасля навучання ў тым ліку для платнікаў. Цяпер прадугледжаная адпрацоўка толькі для выпускнікоў дзённай формы навучання на бюджэце цягам двух гадоў. Для мэтавікоў тэрмін адпрацоўвання складае не менш за 5 гадоў.

«І бюджэтнік, і платнік, на нашае меркаванне, павінны адпрацоўваць», – сказаў міністр.

Гэта не проста прапанова: адпаведныя змяненні ўжо рыхтуюцца для ўнясення ў Кодэкс аб адукацыі. Міністр таксама заявіў, што летась выдаткі дзяржавы на рыхтаванне спецыялістаў чамусьці павялічыліся ў 2-3 разы.

Hавiны
Вярнуцца да савецкіх падручнікаў, залучаць дзяцей пры рамонце школаў. Што казаў Лукашэнка на адукацыйнай нарадзе
2023.09.21 17:24

«Напрыклад, выпускнік БДУ, які жадае сёння пакрыць сродкі за навучанне, за чатыры гады павінен заплаціць 40–45 тысячаў рублёў [15–18 тысяч долараў. – Заўвага belsat.eu]», – сказаў Іванец.

Паводле міністра, цяпер студэнт-платнік пакрывае толькі 50–70 % гэтай сумы, а таму «фактычна ў нас напалову платная адукацыя».

Але прымусовая адпрацоўка не адзіная неспадзяванка для беларускіх студэнтаў. Нават пасля яе ім забароняць выязджаць з краіны яшчэ некалькі гадоў. Лукашэнка зазначыў, што «непрымальна для краіны», калі маладыя спецыялісты сёння з’язджаюць за мяжу. Таму для выпускнікоў усіх формаў навучання – і бюджэтнай, і платнай – мусяць дзеяць «забаронныя ці хаця б напалову забаронныя» захады «хаця б цягам пяці гадоў, а для мэтавікоў – да сямі гадоў».

Прымус замест умоваў

Марго Ворахава, дарадца абранай прэзідэнткі Беларусі Святланы Ціханоўскай у пытаннях моладзевай палітыкі і студэнтаў, падкрэсліла, што ўвядзенне дадатковай прымусовай адпрацоўкі з забаронаю выязджаць за мяжу – гэта «вялікае абмежаванне ў развіцці кар’ерным, прафесійным і асабістым для маладзёнаў». Найчасцей студэнтаў будуць пасылаць у найменш развітыя рэгіёны краіны.

«Гэта не праблема рэгіёнаў, а, хутчэй, праблема таго, што рэжым замест таго каб ствараць лепшыя ўмовы для настаўнікаў, лепшыя ўмовы для дзяцей для навучання, для адукацыі ды паляпшаць адукацыйную сферу, аддае перавагу проста таму, каб прымушаць людзей зʼязджаць у тыя рэгіёны краіны, дзе няма ўмоваў, дзе няма магчымасці для развіцця, і не стварае ніякага механізму, каб гэтыя рэгіёны палепшыць. Гэта значыць, мы атрымліваем сітуацыю, калі моладзь і маладых спецыялістаў адпраўляюць у рэгіёны без магчымасці росту», – заявіла Ворахава.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Белсат

У выніку, паводле суразмоўцы, моладзь не будзе матываваная працаваць і развівацца ў гэтых рэгіёнах, будзе думаць толькі пра тое, каб «пераехаць з гэтых рэгіёнаў, а не развіваць іх, не дапамагаць» ім. Ворахава таксама падкрэсліла, што адукацыя, развіццё і мабільнасць – права чалавека:

«Калі маладзён адразу пасля ўніверсітэту вымушаны ехаць ва ўмовы, не стабільныя для яго, не даюць развіцця, у яго развіваюцца дэпрэсія, негатыўны псіхалагічны стан, забіваецца жаданне чалавека да развіцця».

Спецыялісты ўцякаюць туды, дзе іх паважаюць

Пракаментавала Ворахава і крытыку генеральным пракурорам Андрэем Шведам колькасці гадзінаў, адведзеных у школе на англійскую мову. Паводле яго, англійская мова патрэбная толькі для таго, каб зрабіцца працоўнаю сілаю на Захадзе.

На думку Марго, такая заява чарговы раз сведчыць, што рэжым Лукашэнкі намагаецца ўтрымаць маладых спецыялістаў у Беларусі:

«Калі яны не ведаюць замежных моваў, у іх няма магчымасці проста пераехаць у іншую краіну і працаваць паводле спецыяльнасці».

Цяпер жа, дадала суразмоўца, спецыялісты імкнуцца ўцячы з Беларусі да лепшых заробкаў і лепшага стаўлення за мяжу, «дзе іх будуць паважаць за тое, кім яны ёсць, а не рэпрэсаваць і ўвесь час абмяжоўваць».

Нават у Расеі больш свабодаў

У сваю чаргу Ян Рудзік, прадстаўнік Моладзевай фракцыі ў Каардынацыйнай радзе, мяркуе, што моладзь будзе з’язджаць з Беларусі нават без ведання англійскай мовы – хаця б у расейскія ВНУ:

«У той жа Маскве, Санкт-Пецярбурзе захоўваецца больш дэмакратычны свабодаў. Там людзі больш вольна сябе адчуваюць. Якасць адукацыі таксама іншая, больш магчымасцяў».

На думку Рудзіка, рэжым Лукашэнкі «моладзь страціў цалкам». Пагатоў і сацыяльных ліфтаў у Беларусі бракуе.

Прадстаўнік КР мяркуе, што прадстаўнікі рэжыму наагул хацелі б пакінуць у Беларусі толькі расейскую мову, «і тое не цалкам, каб людзі кнігі не ўмелі чытаць».

План: Б
Адукацыя ў Беларусі: «Пацыент жывы, але амаль не дыхае»
2023.09.11 17:32

Макар Мыш belsat.eu