Алімпійскія гульні ў Парыжы ў ценю вайны ў Еўропе. Запрашаем на дэбаты на «Белсат»


6 кастрычніка 2023 года тэлеканал «Белсат» і Беларускі фонд спартовай салідарнасці арганізуюць адкрытыя дэбаты наконт права беларускіх і расейскіх спартоўцаў рэпрэзентаваць свае краіны на міжнароднай спартовай арэне, у тым ліку на Алімпійскіх гульнях у Парыжы ў 2024 годзе.

Крыніца: Белсат

Спікеры, якія рэпрэзентуюць розныя краіны, і зацікаўленыя бакі з супрацьлеглымі меркаваннямі сустрэнуцца ў студыі «Белсату», каб абмеркаваць наступныя тэмы.

  • Скрыжаванне агульначалавечых каштоўнасцяў і спорту.
  • Ці можна лічыць маўчанне адсутнасцю падтрымання вайны?
  • Ці нясуць спартоўцы адказнасць за дзеянні і рашэнні сваіх урадаў?
  • Баланс паміж правам на ўдзел у спорце і правам на жыццё.
  • Палітыка ў дачыненні ўдзелу беларускіх і расейскіх спартоўцаў у міжнародных спаборніцтвах, у тым ліку крытэрыі допуску.
  • Як актуальная сітуацыя можа паслужыць падставаю для ўніверсальных рашэнняў.

На дэбаты запрошаныя прадстаўнікі Міжнароднага алімпійскага камітэту, еўрапейскіх алімпійскіх камітэтаў, нацыянальных алімпійскіх камітэтаў Украіны, Польшчы Літвы, Еўрапейскага парламенту, міжнародных спартовых федэрацыяў. Прадстаўнікам Беларусі і Расеі таксама дадуць магчымасць выступіць.

Свой удзел пацвердзілі (будзе дапоўнена):

  • Андрэй Краўчанка – срэбны прызёр Алімпійскіх гульняў, двухразовы чэмпіён Еўропы, срэбны прызёр чэмпіянату свету па лёгкай атлетыцы, заслужаны майстар спорту Рэспублікі Беларусь;
  • Крысціна Ціманоўская – лёгкаатлетка, прадстаўніца зборнай Польшчы па лёгкай атлетыцы, срэбная прызёрка Еўрапейскіх гульняў, залатая прызёрка Універсіяды;
  • Джонатан Крэйн (Jonathan Crane) – журналіст, спартовы эксперт, аглядальнік «Deutsche Welle»;
  • Леа Кругер (Lea Krüger) – нямецкая фехтавальніца, прадстаўніца зборнай Нямеччыны па фехтаванні, сябра кіраўніцтва звязу нямецкіх спартоўцаў «Athlete Deutschland»;
  • Пётр Дэк – былы генеральны сакратар Польскай федэрацыі гімнастыкі, спартовы дзеяч, які ўжо шмат гадоў вядзе кампанію супраць карупцыі і парушэнняў прынцыпаў сумленнай гульні ў спорце;
  • Аляксандр Апейкін – дырэктар Беларускага фонду спартовай салідарнасці;
  • Анатоль Котаў – кіраўнік міжнароднага аддзелу Беларускага фонду спартовай салідарнасці, былы генеральны сакратар Нацыянальнага алімпійскага камітэту Беларусі.

Дэбаты можна будзе глядзець у эфіры «Белсату» і на YouTube. Гледачы дыскусіі змогуць задаць пытанні ўдзельнікам.

belsat.eu / Авер

Стужка навінаў