Расейцы ў Беларусі скупляюць валюту, сімкі і шукаюць кватэры. А іх адсочвае міліцыя


З пачатку расейскай мабілізацыі ў Беларусі рэзка павялічылася колькасць грамадзянаў РФ, якія спрабуюць уратавацца ад накіравання на ўкраінскі фронт. Але іх тут могуць чакаць непрыемнасці.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Vladimir Smirnov / TASS / Forum

Вялікія чэргі з грамадзянаў Расеі заўважаныя, напрыклад, на чыгуначным вакзале ў Менску.

«Біток людзей. Ніколі такога не бачыў. Здагадайся, грамадзяне якой краіны ў асноўным. Несканчоная чарга ў абмен валюты і на набыццё сімак», – напісаў у Twitter шоўмен Андрэй Бонд.

Аналітыка
Як расейская мабілізацыя закране Беларусь? Юрыдычна – ніяк, але ёсць нюанс
2022.09.21 17:05

Пра вялікую колькасць прыезджых з Расеі паведамляе і партал пра нерухомасць Realt.by. Паводле суразмоўцы выдання, рост тэлефанаванняў ад грамадзянаў РФ беларускім арэндадаўцам пачаўся ўвечары 21 верасня.

«Пакуль нельга сказаць, што гэта вельмі вялікі ажыятаж, але мы мяркуем, што попыт будзе і надалей расці. Нехта хоча зняць кватэру на месяц, нехта на тыдзень. Я мяркую, што гэта час, за які людзі спадзяюцца набыць квіткі, каб паляцець у іншыя краіны. Часцей за ўсё гэта сем’і з дзецьмі, радзей бываюць самотныя мужчыны. Зразумець, што гэта менавіта расейцы, не складана. Па-першае, яны няправільна прамаўляюць назвы нашых вядомых вуліц, а па-другое, гэта адразу чуваць па гаворцы», – кажа адзін з арэндадаўцаў.

Пры гэтым госці з Расеі спрабуюць знізіць цану, хоць часам бяруць кватэры і за большы кошт, чым хацелі ўласнікі.

Міліцыя сочыць за расейцамі

Між тым, паводле звестак «Нашай Нівы», беларускія сілавікі ўжо атрымалі вуснае распараджэнне ідэнтыфікаваць расейцаў, якія прыехалі схавацца ад мабілізацыі.

«Пакуль што на ўзроўні вусных распараджэнняў даведзена назіраць за «кватэрамі на суткі», уваходзіць у кантакт з уласнікамі жылля, – сказаў выданню аператыўнік. – Новыя машыны ў дварах з расейскімі нумарамі таксама загадалі адсочваць. Збіраць інфармацыю, правяраць дакументы».

На думку сілавікоў, Беларусь будзе выдаваць тых, хто ўхіляецца ад мабілізацыі, назад у Расею, а злавіць іх – «плёвая задача», – кажа афіцэр.

Аналітыка
«Гаворка пра пушачнае мяса». Праваабаронца Сяргей Крывенка расказаў, чаму лепш ухіліцца ад прызыву
2022.09.22 14:48

Прэзідэнт Расеі Уладзімір Пуцін выступіў са зваротам да грамадзянаў краіны і абʼявіў аб частковай мабілізацыі. «Для абароны нашай радзімы і цэласнасці лічу неабходным падтрымаць частковую мабілізацыю», – заявіў ён раніцай 21 верасня. Пасля гэтага самым папулярным запытам у пошукавых сістэмах «Google» і «Яндекс» стаў «як выехаць з Расеі».

Адным з найбольш актуальных напрамкаў для расейцаў, каб ехаць без замежнага пашпарта, з унутраным, застаецца Беларусь, якая можа разглядацца як перавалачны пункт – да аэрапорту «Менск».

Hавiны
Менск як перавалачны пункт: куды хлынуць расейцы пасля аб’яўлення частковай мабілізацыі?
2022.09.21 14:32

Якуб Хруст belsat.eu

Стужка навінаў