Пасля 15-дзённага адміністратыўнага арышту не выйшла на волю праваабаронца Наста Лойка. Адвакатам і сваякам не паведамілі, дзе яна цяпер, перадае праваабарончая арганізацыя «Human Constanta», у якой працавала Лойка.
Праваабаронцы таксама паведамляюць, што перадачы для Насты Лойкі і іншых адміністратыўна арыштаваных на Акрэсціна не прымаюць. Увесь гэты час яна Наста застаецца без сродкаў асабістай гігіены і цёплых рэчаў.
Насту Лойку затрымалі 6 верасня пасля суда над Марфай Рабковай і яшчэ дзевяццю палітвязнямі ў справе «Рэвалюцыйнага дзеяння» ў Менскім гарадскім судзе. Тады ж затрымалі і яшчэ некалькі чалавек – сваякоў асуджаных і прадстаўнікоў дыпламатычнага корпусу. Наступным днём суд прызначыў ёй 15 содняў адміністратыўнага арышту.
Са жніўня 2021 года Наста Лойка застаецца падазраванай у крымінальнай справе, звязанай з дзейнасцю праваабарончай арганізацыі «Вясна». Наста была пад падпіскай аб нявыездзе, ейныя банкаўскія рахункі замарожаныя, але яна працягвала займацца праваабарончай дзейнасцю і працавала з пытаннямі рэпрэсіўнага «антыэкстрэмісцкага» заканадаўства.
Імаверна, пасля содняў ёй маглі змяніць меру стрымання да суда і ўзяць пад варту.
Алена Рувіна belsat.eu