Беларусь у жніўні і верасні працягвае бавіцца ў вайсковыя вучэнні ды кубікі – у цюкі на калгасных палях. Краіна нагадвае часам адну вялікую саламяную інсталяцыю. Трошкі трэшу, трошкі настальгіі – і бясконцыя дажынкі з усходу на захад. З году ў год адное і тое ж. Але сёлета на беларускіх палях зʼявіліся танкі…
Мастацтва мусіць адлюстроўваць рэальнасць. Ну дык чаму не танкі? Не, акупоўваць калгасныя палі Сінявокай Лукашэнка не збіраецца, бо даўно акупаваў. Але саламянымі рулямі цэліцца ў «гістарычную памяць».
Карацей, вывесці танкі на палі, клапатліва жатыя, дажатыя і пазграбаныя працавітымі рукамі беларускіх хлебаробаў, не атрымалася. Калі хтосьці і чакаў, што мірныя беларусы адкінуць у бок вілы і складуць усёй грамадой з саламяных цюкоў атамную зброю на страх «загніваючаму» захаду, то спецыяльная аперацыя правалілася.
Наскрэблі на некалькі танкаў адчэпнага. Ды і тыя – з кавуновымі коламі ды чырвоным сцягам без зялёнай паласы. Не ўражвае. Але гарэць, напэўна, пасля ўсіх дажынкаўскіх марафонаў будуць за мілую душу.
Як толькі ні называлі злыя журналісцкія языкі саламяныя інсталяцыі беларускіх хлебаробаў – і агратрэшам, і «калгасным кічам», і «дажынкаўскім сіндромам». Але штосьці ёсць у гэтых кампазіцыях незаганнае, безабароннае, нават цнатлівае, штось ад «хрустальнага сасуда».
У прынцыпе, кожную такую фігуру можна было б прыправіць цытатай з выказванняў галоўнага «землепашца» краіны. Напрыклад, чаму б тут, пад саламянай хаткай з надпісам «Не прадаецца хатка бацькоў», не напісаць проста і ясна: «Любімую не аддаюць»…
«Коштам высілкаў усяго беларускага народу, коштам працы беларускага народу мы стваралі вось гэтыя праекты. Так, было няпроста, але нашыя беларусы вытрымалі… У іншым выпадку нам не было б чым не толькі карміць сябе, але і прадаваць на экспарт – 7 мільярдаў долараў валюты атрымліваем», – хваліў Лукашэнка працаўнікоў сельскай гаспадаркі ў жніўні ў Пружанскім раёне.
Дарэчы, што да грошай, пераможцам у абласным конкурсе (прынамсі ў Менскай вобласці) на найлепшую кампазіцыю абяцаюць выдаць прыз на 30 базавых велічынь.
Між тым, тэма грошай зусім не раскрываецца ў саламянай беларускай «скульптуры». Беларускі селянін хітра хавае сваю сытасць і заможнасць да лепшых часоў, канцэнтруючы ўвагу на мінуўшчыне. Прычым выключна на той, якую патрабуюць дырэктывы з райцэнтраў. Нічога не паробіш – «Год гістарычнай памяці!»
Акурат таму беларускія краявіды апанавалі сёлета алімпійскія мішкі і кольцы з 1980-га. Хочаш нашай памяці? Бяры.
Сваю лепту ўнёс і БРСМ, які заўсёды славіўся далікатнай крэатыўнасцю («Захаваем традыцыі будаўнікоў будучыні») і тонкім пачуццём «гістарычнай памяці».
Заўважым таксама, што ўсе мужчыны на інсталяцыях вусатыя і троху незадаволеныя (жыццём, жонкай, надворʼем, якасцю саломы?). Амаль усе.
Многія вобразы па-сапраўднаму расчульваюць. Каты, сабакі, міньёны (верх крэатыву і сучаснасці!).
Аж так, што зʼяўляецца спакуса націснуць на тармазы (хоць ляціш па трасе за сотню), выбегчы з аўтамабіля, удыхнуць на поўныя грудзі паветра, прасякнутага водарам беларускага жыта, і абняцца з саламяным камбайнерам, які яшчэ да дажынак згубіў недзе і вусы, і ўсякую цікавасць да навакольнай рэчаіснасці.
Проста так. Абняцца, каб не балела. Каб хоць неяк сагрэць гэтую «гістарычную памяць».
Але не спыняешся. Ляціш далей. З усходу на захад. І гары яно гарам…
Зміцер Міраш belsat.eu