Рада БНР заклікала беларусаў і літоўцаў не сварыцца праз гісторыю Вялікага Княства Літоўскага


Літоўскі дэпутат Лаўрынас Касчунас абвінаваціў беларусаў у прысабечванні гісторыі Вялікага Княства Літоўскага. Некаторыя беларусы адрэагавалі на гэтую заяву здзіўленнем ці абурэннем. Рада Беларускай Народнай Рэспублікі – найстарэйшага ў свеце дзейнага ўраду ў выгнанні – выступіла з заявай аб супольнай спадчыне.

Смерць Міндоўга. Выява: Р. Штэйн і Г. Зэйфэр, каля 1900 года

У цяперашніх спрэчках Рада БНР бачыць спробу раскалоць беларусаў і літоўцаў, і яна падкрэслівае:

«Любы публічны канфлікт між беларусамі і літоўцамі ёсць перадусім выгадны нашым супольным ворагам – дыктатарскай пуцінскай Расеі, а таксама яе сатэліту, рэжыму Аляксандра Лукашэнкі ў Беларусі, які займаецца прасоўваннем расейска-савецкага каланіяльнага ідэалагічнага і псеўдагістарычнага наратыву, варожага да спадчыны Вялікага Княства Літоўскага, і мэтанакіравана займаецца русіфікацыяй Беларусі, у тым ліку польскай і літоўскай меншасцяў».

З супольнымі ворагамі, як піша Рада БНР, беларусы і літоўцы змагаліся стагоддзямі, і цяпер гэтыя ворагі зацікаўленыя ў тым, каб канфлікты аб гісторыі выходзілі з канструктыўнай акадэмічнай, экспертнай і грамадскай дыскусіі.

«Рада БНР нагадвае пра мінулыя спробы Масквы пасварыць беларусаў і літоўцаў на пачатку 1990-х гадоў, каб перашкодзіць працэсу аднаўлення незалежнасці Літоўскай Рэспублікі, які віталі і падтрымлівалі беларускія дэмакратычныя сілы, – акурат тыя, чыя ідэнтычнасць абапіралася на памяць пра Вялікае Княства Літоўскае, – пішуць у звароце. – У студзені 1991 года сотні беларусаў прыехалі ў Вільню і сталі побач з літоўцамі, абараняючы парламент Літоўскай Рэспублікі і права літоўцаў на незалежнасць».

Вялікае Княства Літоўскае ўтварылася не пазней за XIII стагоддзе, але пра дэталі гэтага ўтварэння гісторыкі спрачаюцца. Вядома, што яно ўзнікла на землях, дзе жылі славяне і балты. Дакладна, што першы вялікі князь літоўскі (а потым і першы і апошні кароль) Міндоўг меў балцкае імя, але ягонае паходжанне невядомае: адзін з летапісаў кажа, што ён быў з полацкіх Ізяслававічаў-Рагвалодавічаў, астатнія летапісы заяўляюць аб іншых каранях князя. Сталіцай Міндоўг зрабіў, магчыма, Наваградак, што на тэрыторыі сучаснай Беларусі. У Вялікім Княстве Літоўскім, імаверна, большую частку насельніцтва складалі славяне, а стараруская (або старабеларуская) мова была фактычна дзяржаўнай.

Intermarium
Ці быў Наваградак сталіцай ВКЛ?
2021.03.21 23:00

Якімі былі дачыненні продкаў беларусаў і літоўцаў у час ВКЛ, не вядома дакладна, але падобна, што княства стваралася мірным шляхам. Рада БНР піша, што ВКЛ «было ўтворанае, будавалася і існавала як вынік шчыльнага ўзаемадзеяння балцкіх, усходнеславянскіх і заходнеславянскіх культураў і народаў».

«Спробы аспрэчыць права любога з нашых народаў называць сябе спадкаемцамі Вялікага Княства Літоўскага і лічыць гістарычную Літву сваёй дзяржаваю ёсць гістарычна беспадстаўнымі, заведама дэструктыўнымі і граюць на руку толькі і выключна агрэсіўным рэжымам Лукашэнкі і Пуціна, – пішуць у заяве. – Рада БНР канстатуе, што спадчына Вялікага Княства Літоўскага сталася падмуркам для нацыянальнай ідэнтычнасці як сучасных беларусаў, так і сучасных літоўцаў. Для абодвух нашых народаў гістарычная Літва – залаты век дзяржаўнасці. У прыватнасці, на Вялікае Княства Літоўскае як этап беларускага дзяржаўнага будаўніцтва ўскосна спасылаюцца як Устаўныя граматы БНР, так і Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь 1994 года».

Рада БНР заклікае палітыкаў і грамадскіх лідараў Беларусі і Літвы ўстрымацца ад агрэсіўнай рыторыкі на тэму гісторыі Вялікага Княства Літоўскага і не даць зрабіць гісторыю тэмай для маніпуляцыяў і правакацыяў. Гісторыкаў жа заклікаюць фармуляваць узважаны погляд на складаную і шматгранную гісторыю ВКЛ, які грунтаваўся б на фактах і прадугледжваў супольныя інтэрпрэтацыі агульнай спадчыны і супольных каштоўнасцяў беларусаў і літоўцаў.

Агляд
7 мапаў, на якіх няма Расеі
2023.05.25 07:00

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў