Арганізацыя «Рэпарцёры без межаў» пасля вывучэння акалічнасцяў гібелі фотажурналіста Максіма Левіна ў сакавіку 2022 года пад Кіевам прыйшла да высновы, што Левін і ягоны сябар Аляксей Чарнышоў былі расстраляныя расейскімі вайскоўцамі.
«Аналіз фотаздымкаў з месца злачынства, назіранні на месцы і рэчавыя доказы адназначна ўказваюць на расстрэл, якому маглі папярэднічаць допыты ці нават катаванні», – заявіў генеральны сакратар арганізацыі «Рэпарцёры без межаў» (RSF) Крыстоф Дэлюар (Christophe Deloire).
У суправаджэнні супрацоўнікаў сілаў бяспекі Украіны RSF удалося знайсці месца злачынства. Абвуглены «Форд Мавэрык» Максіма Левіна дагэтуль стаіць там. Спецыялісты знайшлі на месцы некалькі куляў, а таксама спаленыя дакументы Аляксея Чарнышова і 14 куляў у аўтамабілі. Знайшлі таксама кулю, якая, імаверна, трапіла ў Левіна.
Паводле версіі «Рэпарцёраў без межаў», Левін пайшоў у лес, каб вярнуць свой дрон, і там журналіста заўважылі расейскія вайскоўцы. Расстрэлу маглі папярэднічаць допыты і катаванні, лічаць у арганізацыі.
Максім Левін перастаў выходзіць на сувязь 13 сакавіка. Ягонае цела знайшлі 1 красавіка ў Вышгарадскім раёне Кіеўскай вобласці. Левін супрацоўнічаў з украінскімі выданнямі, а таксама з «Reuters», «Associated Press», «Бі-Бі-Сі».
Паводле Нацыянальнага саюзу журналістаў Украіны на вайне загінулі ўжо 34 супрацоўнікі СМІ. 22 чэрвеня ахвярай вайны стаў журналіст Уладзімір Чэпавы.
ЗК belsat.eu