Лукашэнка паставіў двух новых міністраў і зрабіў яшчэ шэраг кадравых прызначэнняў


22 красавіка Аляксандр Лукашэнка зацвердзіў на пасады двух міністраў, зрабіў некалькі прызначэнняў на новыя пасады ў іншых ведамствах, а таксама зацвердзіў шэраг кіраўнікоў у органах мясцовай вертыкалі.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Крыніца: belvpo.com

На пасаду міністра прыродных рэсурсаў і навакольнага асяроддзя быў прызначаны Сяргей Масляк. Яму Аляксандр Лукашэнка паставіў задачу высаджваць больш дрэваў, а таксама «капаць і шукаць», бо, як сказаў Лукашэнка, ён «не верыць, што ў нашых нетрах няма таго, што нам патрэбна». З 2019 года і да прызначэння Сяргей Масляк займаў пасаду кіраўніка адміністрацыі Завадскога раёну Менску.

Пасаду міністра юстыцыі заняў Яўген Каваленка, які да гэтага займаў пасаду кіраўніка галоўнага дзяржаўна-прававога ўпраўлення адміністрацыі Лукашэнкі. Каваленку рэкамендавалі як надзейнага чалавека, які «праявіў сябе пры падрыхтоўцы важных нарматыўных прававых актаў».

Акрамя таго, на пасаду старшыні Дзяржкамітэту стандартызацыі была прызначаная Алена Маргунова, якая да гэтага займала пост першага намесніка старшыні Дзяржстандарту.

Першым намеснікам міністра замежных справаў стаў Сяргей Лукашэвіч, які да гэтага быў Надзвычайным і Паўнамоцным Паслом Беларусі ў Бразіліі і паводле сумяшчальніцтва ў Парагваі і Уругваі.

Акрамя таго, Аляксандр Лукашэнка правёў шэраг прызначэнняў у органы мясцовай вертыкалі, а таксама правёў кадравыя перастаноўкі ў Міністэрстве аховы здароўя.

Раман Шавель belsat.eu

Стужка навінаў