Прымусовая праца на суботніку плёну не дасць, але гэта элемент дадатковага кантролю


Рэспубліканскія суботнікі ў Беларусі ладзяцца штогод. Каб іх арганізаваць, у краіне актывізуюцца чыноўнікі. Саўмін вызначае дату, Мінфін – парадак пералічэння заробленых сродкаў, мясцовыя ўлады забяспечваюць прысутнасць працаўнікоў, Белстат пазней дае справаздачу пра колькасць удзельнікаў, а дзяржаўныя медыі шырока асвятляюць тэму. Традыцыйна першае месца ў навінавай стужцы займае Аляксандр Лукашэнка.

У дзень рэспубліканскага суботніка працаўнікі ААТ «Будаўнічы трэст № 21» збіраюць смецце ў лесе каля Барысава. 17 красавіка 2021 года. Барысаў, Беларусь.
Фота: АК / Белсат

Сёлета рэспубліканскі суботнік адбудзецца 22 красавіка. Адпаведную пастанову падпісаў лукашэнкаўскі прэм’ер-міністр Раман Галоўчанка. Афіцыйнае мерапрыемства падобнае да тых, што былі ў савецкія часы. Людзі мусяць бясплатна працаваць. Сам суботнік мае прымусовы характар, асабліва для працаўнікоў бюджэтнай сферы. Улады сцвярджаюць, што ўдзел у ім добраахвотны. Але насамрэч гэта зусім не так.

Hавiны
Саўмін прызначыў суботнік на 22 красавіка
2023.04.10 18:35

Палітолаг Павел Усаў звяртае ўвагу, што як толькі Лукашэнка прыйшоў да ўлады, ён пачаў уводзіць старыя савецкія практыкі дзеля выпрацоўвання адмысловых формаў кантралявання і паслухмянасці насельніцтва. Суботнік застаецца формай прымусу да палітычнай пакорлівасці вялікай колькасці людзей. Фактычна людзі, можа, і не звяртаюць на гэта ўвагі, бо суботнікі перараслі ў пэўную звычку. Але ў гэтым увесь сэнс, каб людзі прызвычаіліся падпарадкоўвацца нават самым абсурдным загадам і прапановам уладаў.

«У дачыненні ж тых, хто не жадаў падпарадкоўвацца, уводзілі персанальныя санкцыі, каб адфільтраваць, выціснуць тых асобаў, якія б маглі супрацьстаяць нават на сімвалічным узроўні вось гэтай сістэме. Тое, што маем цяпер, – такі  працяг практык, якія Лукашэнка і сістэма ўводзілі на працягу ўсіх гадоў кіравання. А з іншага боку, канечне, гэта яшчэ адзін элемент дадатковага кантролю, маніторынгу сітуацыі – усе гэтыя рытуалы накшталт суботнікаў, мітынгаў, нейкія дэманстрацыі. Улада праз дзеянні і паслухмянасць людзей легітымізуе новы парадак, што стабілізаваўся ў Беларусі», – кажа Павел Усаў.

Людзі ў выніку свядома і несвядома мусяць пагаджацца на ўдзел у мерапрыемстве, асабліва працаўнікі бюджэтнай сферы. Вядома, кажа палітолаг, гэта парушэнне ўсіх правоў, але казаць пра правы, што пастаянна парушаюцца ў краіне, цяпер не выпадае. Таму пакуль будзе існаваць гэтая палітычная сістэма, абсурдныя, прымусовыя паборы будуць працягвацца і далей.

Hавiны
У Беларусі праходзіць традыцыйны суботнік
2022.04.16 15:27

Сёлета ўлады плануюць сабраць рэкордную колькасць удзельнікаў рэспубліканскага суботніку. Афіцыйна агучваецца, што выйдуць працаваць і пералічаць свой дзённы заробак ажно 3 мільёны грамадзянаў краіны. Летась і пазалетась удзел у суботніку ўзялі адпаведна 2,4 і 2,3 мільёны беларусаў, прынамсі, такія лічбы афіцыйна агучвае Белстат. Паводле статыстычнага камітэту, летась беларусы зарабілі Br 11 794,4 тыс, што на 13,8 % болей, чым пазалетась. Сёлета чыноўнікі плануюць пабіць усе ранейшыя рэкорды паводле колькасці ўдзельнікаў. Іншая справа, што эканамічны эфект ад прымусовай працы не будзе мець плёну, кажа фінансавы аналітык Віталь Алейнік.

«Адсутнасць матывацыі ў людзей прыводзіць да таго, што прадукцыйнасць працы падае. Яна заўжды была на дастаткова нізкім узроўні. У 2017 годзе ў Нацыянальнай стратэгіі развіцця Беларусі адкрыта гаварылася, што ў нашай краіне прадукцыйнасць працы ў 4–5 разоў ніжэйшая, чым у Еўрапейскім Звязе. Паводле статыстыкі на канец 2022 года, прадукцыйнасць працы знізілася больш чым на 3 % у параўнанні з 2021 годам», – кажа эканаміст.

Рэспубліканскі суботнік на выратавальнай станцыі на Камсамольскім возеры. Менск, Беларусь. 17 красавіка 2021 года.
Фота: ТК / Белсат

Таму, паводле Віталя Алейніка, суботнікі – гэта фактычна прыгонніцкі падыход, калі людзей не стымулююць, не матывуюць, а прымушаюць працаваць і робяць з гэтага абавязак. Іх праводзяць толькі для таго, каб людзі страчвалі любы інтарэс не толькі ў тым, каб прыносіць нейкі плён грамадству, але нават і шчыра працаваць.

У выніку ж суботнік, на думку Паўла Усава, ладзяць з галоўнаю мэтаю – замацаваць паднявольнасць людзей. Вядома, у экспертаў паўстае таксама і пытанне, куды ж насамрэч ідуць сабраныя сродкі. Улады рапартуюць, што грошы пойдуць на рэканструкцыю мемарыяльнага комплексу вязням Азарыцкага лагеру смерці ў Калінкавіцкім раёне Гомельскай вобласці, а другая частка пойдзе на стварэнне цэнтру патрыятычнага выхавання моладзі на базе Кобрынскага ўмацавання Берасцейскай крэпасці.

Мікалай Каткоў belsat.eu

Стужка навінаў