У Менску затрымалі 64-гадовага мужчыну, які ўчыніў страляніну з балкона сваёй кватэры і параніў мінака. Зламыснік сцвярджае, што прыстрэльваў стрэльбу. Супраць яго завялі крымінальную справу, паведамляе ГУУС Менгарвыканкаму ў сваім Telegram-канале.
Інцыдэнт адбыўся ў Фрунзенскім раёне сталіцы. У міліцыю звярнулася брыгада хуткай дапамогі, якая паведаміла пра шпіталізацыю мужчыны з агнястрэльным раненнем рукі.
Высветлілася, што мінака параніў пенсіянер, які з балкона сваёй кватэры на трэцім паверсе дому прыстрэльваў пнеўматычную стрэльбу. Зламысніка затрымалі з «сілавой падтрымкай АМАПу», паінфармавалі ў ГУУС Менгарвыканкаму.
Супраць 64-гадовага мужчыны завялі справу паводле артыкулу «Хуліганства». У міліцыі кажуць, што раней яго ўжо прыцягвалі да крымінальнай адказнасці за незаконную здабычу рыбы.
Сяргей Крот belsat.eu