«Багдан крычаў: «Я не адчуваю ног!» 12-гадовы беларус трапіў у ДТЗ у Варшаве, яго прызналі вінаватым


Наталля Багданава – беларуская блогерка, вядомая пад псеўданімам Данута Хлусня. Каб уратавацца ад пераследу, яна была вымушаная з’ехаць у Польшчу, дзе разам з сынам Багданам жыла ў Варшаве. Увосень 2022 года з хлопцам здарыўся няшчасны выпадак – на пешаходным пераходзе ён трапіў пад колы аўтамабіля. Здароўе Багдана дагэтуль цалкам не аднавілася, а ў Наталлі шмат пытанняў да польскіх паліцыі і пракуратуры, якія прызналі яе сына цалкам вінаватым у здарэнні. Мы пагутарылі з Наталляй пра тое, што адбылося.

Наталля Багданава (блогерка Данута Хлусня) і ейны сын Багдан.
Фота: Наталля Багданава / Facebook

«Збіў «круты дзед на крутым чорным джыпе»

«Гэта здарылася 7 кастрычніка 2022 года на вуліцы Стэфана Баторыя. Быў ясны дзень, цёплае надвор’е, сухі асфальт, – пачала аповед Наталля. – Сын прыйшоў са школы, паабедаў, пераадзеўся і пайшоў гуляць. Узяў у арэнду самакат і ад дому на ім паехаў. Праз хвілінаў пятнаццаць тэлефануе. Я збіралася ў душ, таму адказала не адразу – думала, як звычайна, праз нейкую драбязу тэлефануе – кшталту, ці можна зайсці ў краму купіць слодычаў. Але тэлефон не змаўкаў».

Калі Наталля адказала, яна пачула чужы мужчынскі голас, які па-польску сказаў ёй, што стаў сведкам аварыі, у якую трапіў ейны сын.

«На фоне я чула, як мой сын крычаў, што не адчувае ног, – згадвае блогерка. – Мужчына сказаў, што скіне геалакацыю, і скончыў размову».

Праз некалькі хвілінаў ператэлефанаваў ужо сам Багдан і сказаў, што ён у прытомнасці, што яго збіў «нейкі круты дзед на крутым чорным джыпе», і што яму ўсё баліць, ён не адчувае ног, яму падаецца, што яны зламаныя. Хлопчык скінуў маці геалакацыю, а мужчына, які абяцаў, так гэтага і не зрабіў.

Некалькі месяцаў у інвалідным вазку і на хатнім навучанні

Наталля выклікала таксі і паехала на месца здарэння. Але пакуль машына стаяла ў заторах, ёй патэлефанаваў медык з хуткай дапамогі і сказаў, што яны завязуць Багдана ў лякарню і каб Наталля ехала туды.

Багдана прывезлі ў лякарню.
Фота: асабісты архіў Наталлі Багданавай

«Калі я ўбачыла Багдана, у яго былі цалкам сінія ногі і рукі. На ім разрэзалі адзенне, адразу павезлі на абследаванне, – распавядае Наталля. – Потым доктар сказаў, што ў яго шматлікія пераломы абедзвюх ног. Багдан стаў плакаць, казаць, што не хоча аперацыі. Але выйсця не было».

Багдан распавёў маці, што ён быў на электрасамакаце на нерэгуляваным пешаходным пераходзе. Там не было асобных палосаў для раварыстаў. Хлопец перасек палову дарогі, спыніўся на астраўку бяспекі, прапусціў пазадарожнік. За ім ехаў яшчэ адзін. Багдан вырашыў, што другі аўтамабіль ужо дакладна павінен прапусціць яго, і паехаў, і ў выніку быў збіты.

Аперацыю хлопцу зрабілі не адразу, бо ў яго былі моцныя ацёкі – дзён дзесяць давялося чакаць, каб яны сышлі. Пазней зрабілі адразу некалькі аперацыяў.

Перыяд рэабілітацыі быў доўгі і цяжкі, кажа Наталля. Давялося шукаць інвалідны вазок, які пасаваў бы менавіта для пераломаў ног, падрыхтаваць кватэру, каб там было зручна перасоўвацца на вазку. Адначасова Багдану трэба было аформіць хатняе навучанне, бо ў школу ён хадзіць не мог. Працэс афармлення дакументаў, складання індывідуальнага навучальнага плану быў вельмі марудны, у выніку хлопец прапусціў амаль усё першае паўгоддзе, і яго хацелі пакінуць на другі год. Але Наталля дамаглася, каб яму далі шанец здаць экзамены за семестр. Наталля не наймала рэпетытараў, бо не мела на гэта сродкаў, займалася з сынам сама, шукала матэрыялы ў інтэрнэце. Урэшце палову неабходных экзаменаў Багдан ужо здаў.

Багдан у лякарні пасля здарэння.
Фота: асабісты архіў Наталлі Багданавай

«Сын увесь час пытаецца, калі зможа бегаць, але дактары пакуль не дазваляюць»

Калі тэрмін онлайн-навучання скончыўся, Багдану трэба было з’явіцца ў школе. Медыкі на той момант ужо дазволілі ўставаць на ногі, але ўсцяж трэба было насіць адмысловыя артэзы. Багдан не захацеў ісці ў іх у школу, бо саромеўся аднакласнікаў – пайшоў без іх.

«І гэта была нашая вялікая памылка: сыну зрабілася горш. Яму зноў наклалі гіпс, які знялі толькі пасля вакацыяў», – распавядае Наталля.

Пасля канікулаў Багдан пайшоў у школу ўжо ў артэзах, якія носіць дагэтуль. Калі будзе поўнае выздараўленне, і ці магчымае тое, Наталля не ведае.

Багдан на вазку ў лякарні.
Фота: асабісты архіў Наталлі Багданавай

«Багдан пытаецца ўвесь час, калі ён зможа бегаць, але дактары кажуць, што пакуль нельга, – кажа блогерка. – Ногі дэфармаваныя, асабліва гэта відаць на правай назе, хоць і левая моцна пашкоджаная. Але гэта і зразумела, бо ўвесь галёнкаступнёвы сустаў быў літаральна раздроблены, яго збіралі па кавалках. Шкода здароўю нанесеная немалая».

Чалавека, які збіў Багдана, Наталля ні разу не бачыла. Ягонае імя, кантакты даведалася толькі цяпер, праз амаль шэсць месяцаў пасля выпадку падчас азнаямлення з матэрыяламі справы. Месца працы і пасаду жанчына адшукала сама ў інтэрнэце. Дагэтуль ён паўсюль фігураваў як «кіроўца «Лексуса». Гэты чалавек, паводле Наталлі, ні з ёй, ні з сынам ні разу не звязаўся, не прыязджаў у лякарню, ніяк не выбачаўся.

«Нашая справа проста не вялася»

У Наталлі ёсць пытанні і да працы паліцыі. Блогерка кажа, што адзіны раз, калі яна размаўляла з паліцыянтамі, – у дзень здарэння. Яны паабяцалі звязацца пазней і больш не тэлефанавалі. Калі Багдан крыху акрыяў і яго можна было пакінуць аднаго ўдома, Наталля сама паехала ў паліцыю, каб высветліць, як рухаецца следства ў справе. Жанчыну перанакіроўвалі з аднаго пастарунка ў іншы, з аднаго нумара тэлефону на іншы, пакуль урэшце не ўдалося трапіць на следчую, якая вяла справу.

Артэзы, якія вымушаны насіць Багдан.
Фота: асабісты архіў Наталлі Багданавай

«Яна хвілін дзесяць не разумела, чаго я хачу, што за справа, ледзь згадала, прызначыла мне сустрэчу праз тыдзень, – распавядае Наталля. – Калі я прыехала, то была вельмі здзіўленая, калі пабачыла, што ўся справа складалася літаральна з двух аркушаў фармату А4. Там быў чарцёж месца здарэння. І ніякіх апытанняў нас з сынам, сведкаў, высновы з лякарні. Следчая патлумачыла мне, што сына яны не маглі апытваць, бо яму яшчэ няма 14 гадоў. Калі я распавяла, колькі часу ён правёў у лякарні, што дагэтуль не аднавіўся, следчая вельмі здзівілася. Мне падалося, што нашая справа проста ніяк не вялася».

Праз некаторы час пасля візіту ў паліцыю Наталля атрымала ліст з пракуратуры, у якім паведамлялася, што справу спынілі, бо віна за здарэнне цалкам на яе сыну, – ён няправільна паводзіў сябе на пешаходным пераходзе. А паколькі ён яшчэ не дасягнуў узросту, калі можна прыцягваць да адказнасці, то і справы няма.

Патрэбныя грошы на рэабілітацыю і аплату паслуг адвакатаў

Наталля намагалася сустрэцца з пракурорам – не ўдалося. Жанчына раілася з юрыстамі – яны кажуць ёй, што праўда на баку ейнага сына. 21 сакавіка блогерцы ўдалося азнаёміцца з матэрыяламі справы ў пракуратуры. Там яна нарэшце пабачыла імя чалавека, які збіў ейнага сына. У інтэрнэце Наталля адшукала інфармацыю, што ён займае сур’ёзную пасаду ў Варшаве, але пакуль што жанчына просіць не апублічваць гэтых звестак. Звязвацца з гэтым чалавекам Багданава маці цяпер не плануе, але канчаткова будзе вырашаць на падставе кансультацыяў з юрыстамі.

Багдан праз амаль шэсць месяцаў пасля здарэння.
Фота: асабісты архіў Наталлі Багданавай

«Мне кінулася ў вочы, што яго апыталі толькі 5 студзеня 2023 года – праз тры месяцы пасля здарэння. Мне не зразумела, чаму так позна, – кажа Наталля. – І ў мяне пытанні да ягоных паказанняў. Ён кажа, што ён ехаў павольна, а мой сын нібыта рухаўся так хутка, што ён яго не заўважыў і зразумеў, што нешта адбылося, калі адчуў удар па машыне. Спыніўся, выйшаў і тады ўбачыў Багдана на дарозе. Ён там прыводзіць шмат падлікаў – хуткасці, адлегласці і іншага, дзякуючы якім нібыта прыйшоў да высновы, што ўся віна на маім сыну. Таксама ў паказаннях ён сцвярджае, што ён мне патэлефанаваў адразу пасля здарэння і па-расейску сказаў, што мой сын трапіў у аварыю. Але, па-першае, чалавек, які мне тады патэлефанаваў, размаўляў па-польску. Па-другое, чаму ён адразу не сказаў, што ён збіў, не прадставіўся?»

Наталля працягне вывучаць матэрыялы справы, кансультавацца з адвакатамі і хоча звяртацца ў суд, але пакуль гэтага не можа зрабіць, бо няма дастатковай сумы грошай.

Багдану ж патрэбная рэабілітацыя. Яшчэ ў снежні яму далі накіраванне на бясплатную, але там вялікія чэргі – чакаць можна паўгода і нават год. На платную пакуль няма сродкаў, кажа Наталля.

«Адгукнуўся беларускі масажыст, які цяпер у Варшаве, прапанаваў бясплатна папрацаваць з сынам, дамаўляемся з ім на першы візіт», – кажа блогерка.

Збор на падтрыманне Наталлі і Багдана вядзе «BySol». Падчас лячэння сына Наталля не магла працаваць, сям’я жыла на ўласныя ашчаджэнні. Цяпер патрэбныя грошы на рэабілітацыю Багдана, паслугі адвакатаў, каб можна было абскардзіць рашэнне пракуратуры.

Ганна Ганчар belsat.eu

Стужка навінаў