Вольга Івашына пра новае абвінавачанне мужа: «Яны чарговы раз лапухнуліся. Гэта выглядае ўжо непраўдападобна»


Беларускае КДБ 22 сакавіка абвінаваціла ў супрацы з украінскаю выведкаю беларускага журналіста Дзяніса Івашына, які ўжо больш за год застаецца за кратамі.

Вольга і Дзяніс Івашыны.
Фота: Вольга Івашына/ Facebook

Гарадзенца абвінавацілі паводле двух артыкулаў Крымінальнага кодэксу: арт. 365 («Умяшанне ў дзейнасць супрацоўніка ўнутраных справаў») і арт. 356 («Здрада дзяржаве»). У нядаўнім інтэрв’ю «Белсату» жонка журналіста казала, што «з пачаткам ваеннай аперацыі Дзяніса можна лічыць ваеннапалонным: як і большасць палітвязняў, якія выступалі супраць саюзу з Расеяй».

І вось новы паварот, які мы папрасілі пракаментаваць жонку журналіста Вольгу Івашыну.

«Складана каментаваць люты трэш. Пагатоў калі яго выкладаюць нібы сурʼёзныя дзяржаўныя структуры.

Я яшчэ да канца не вывучыла гэтай плыні выдумак і старых фэйкаў, але пару словаў магу сказаць. Па-першае, выглядае гэты ўкід досыць дзіўнавата, хоць і зразумела нават з часам правакацыйнай заявы ва ўмовах рыхтавання нападу войскаў РБ на Украіну. Днямі я апублікавала нашыя з Дзянісам разважанні пра планаванне пачатку новага этапу агрэсіі супраць Украіны з непасрэдным удзелам вайскоўцаў РБ, называла патэнцыйную дату – 25 сакавіка. Цалкам верагодна, што мы ўгадалі, і гэтыя феерычныя абвінавачанні – помста.

А яшчэ такія заявы лёгка кладуцца ў хвалю антыўкраінскай істэрыі, якая мае на мэце сфармаваць грамадскую думку беларусаў у ключы нянавісці да нашага брацкага народу. Бо дзяржаўнымі злачынцам і сапраўдным здраднікам трэба падрыхтаваць ідэалагічную глебу, каб беларусы знянацку пачалі на загад акупантаў страляць ва ўкраінцаў», – кажа ў размове з «Белсатам» Вольга Івашына.

Hавiны
Вольга Івашына: Адзіны шанец для Беларусі і нашай сям’і – перамога Украіны
2022.03.12 19:12

Жанчына адзначае: гэтыя абсурдныя абвінавачанні выглядаюць дзіўна яшчэ з той прычыны, што болей за год КДБ хавала любую інфармацыю ў справе супраць Дзяніса, усіх запалохвалі, закрывалі вусны падпіскаю пра неразгалошванне.

«Мы назвы артыкулаў са следчых месяцамі выбівалі, а тут раптам выклалі ўсё, што толькі ні напрыдумвалі. Нейкі цырк, не іначай. Можа, цяпер і адвакат ужо не пад падпіскаю, можа ўсё казаць, калі яны так самі ўсё раскрылі? А наконт усяго выкладзенага трэшу магу сказаць толькі, што яны чарговы раз лапухнуліся. Скляпаўшы ўсе свае выдумкі ў адну смеццевую купу, яны ж яе і абясцэнілі. Зашмат усяго наляпілі, непраўдападобна выглядае ў выніку», – кажа Вольга Івашына.

Нагадаем, што 22 сакавіка КДБ заявіў: «Украінскі бок, глыбока вывучыўшы асобу Дзяніса Івашына, усяляк яго стымуляваў, выкарыстоўваючы як матэрыяльнае ўзнагароджанне, так і іншага роду заахвочванні, якія маюць значэнне для фігуранта, прымаючы да ўвагі ўжо сфармаванае ў яго жаданне быць датычным да лёсу Украіны.

Гэтак, за актыўны ўдзел у інфармацыйных акцыях ён узнагароджаны граматаю намесніка міністра абароны Украіны Ігара Далгова, на той момант куратара Генеральнага штабу Зброеных сілаў Украіны, а нацыянальная камісія ў пытаннях замежных украінцаў выдае яму пасведчанне замежнага ўкраінца».

Hавiны
У КДБ заявілі пра выкрыццё агентурнай сеткі сярод украінскіх дыпламатаў у Беларусі
2022.03.22 19:52

АЛ belsat.eu

Стужка навінаў