Дэпутаты парламенту Нямеччыны пераважнай большасцю галасоў адхілілі праект рэзалюцыі аб пастаўцы Украіне дальнабойных крылатых ракет «Taurus». Замест гэтага была прынятая рэзалюцыя з заклікам перадаць ЗСУ проста «больш дальнабойных зброевых сістэм», без канкрэтных назваў ракетаў.
Як паведамляе DW. вылучаным апазіцыйным кансерватыўным блокам ХДС/ХСС праекце рэзалюцыі за «сапраўдныя перамены нямецкай вонкавай палітыцы і палітыцы бяспекі» змяшчаўся заклік да «неадкладных паставак запытаных і існай у Нямеччыне збройных сістэмаў», уключаючы крылатыя ракеты «Taurus». У падтрымку гэтага дакументу выказаліся толькі 182 дэпутаты, 480 былі супраць і яшчэ пяцёра ўстрымаліся.
У іншым праекце рэзалюцыі, прадстаўленым дэпутатамі ад кіроўнай кааліцыі ў складзе сацыял-дэмакратаў, «зялёных» і свабодных дэмакратаў, урад Нямеччыны таксама заклікаюць да пастаўкі Украіне «дадаткова неабходных больш дальнабойных зброевых сістэм», але ракеты «Taurus» у ім не згадваюцца. Гэты дакумент быў ухвалены бундэстагам, у яго падтрымку выказаліся 382 дэпутаты, супраць прагаласавалі 284 парламентарыі, яшчэ двое ўстрымаліся.
Такім чынам, рашэнне бундэстагу пакідае прастору для розных інтэрпрэтацыяў. Напрыклад, прадстаўнік Украіны ў ПАРЕ Ягор Чэрнеў пасля галасавання напісаў у Фэйсбуку, што бундэстаг падтрымаў менавіта перадачу «Taurus», бо «іншых ракетаў для такіх мэтаў у Нямеччыны няма».
Далёкасць нямецкіх крылатых авіяцыйных ракетаў «Taurus» можа складаць да 500 км. Раней заходнія палітыкі выказвалі занепакоенасць, што пры дапамозе дальнабойных ракетаў Украіна пачне біць углыб расейскай тэрыторыі, а гэта ў сваю чаргу прывядзе да эскалацыі канфлікту. Канцлер Нямеччыны Оляф Шольц напярэдадні пацвердзіў, што выступае супраць перадачы «Taurus» Украіне.
Глеб Нержын belsat.eu