Пасля аварыі пад Смалявічамі Мінтранс Беларусі ўзмоцніць кантроль маршрутак


Транспартная інспекцыя Міністэрства транспарту і камунікацыяў Беларусі пастанавіла ўзмацніць кантроль за маршрутнымі таксі. Пра гэта заявілі ў ведамстве.

Аварыя пад Смалявічамі.
Фота: sudexpert.gov.byМа

Як паведамляецца, гэта робіцца «ў мэтах кантролю за выкананнем правілаў перавозкі пасажыраў, гарантавання іхнай бяспекі».

У Транспартнай інспекцыі нагадалі, што перад выхадам маршруткі ў рэйс неабходна:

  • праверыць наяўнасць неабходнага абсталявання і транспартных дакументаў;
  • агледзець вонкавыя і ўнутраныя элементы афармлення, уключна з нумарнымі знакамі;
  • агледзець, ці няма няспраўнасцяў і ўмоваў, што забараняюць паездкі;
  • праверыць кіроўцу на адпаведнасць патрабаванням заканадаўства;
  • праверыць праходжанне ім перадрэйсавага медабследавання і пракантраляваць тэхнічны стан маршруткі;
  • выявіць, ці выконваў кіроўца рэжым працы і адпачынку.

20 лютага на трасе каля Смалявічаў маршрутка з людзьмі сутыкнулася з гружаным МАЗам. У аварыі загінулі 11 асобаў, сярод якіх дзіця. У больніцу ў Смалявічах шпіталізавалі 9 асобаў.

Следчы камітэт завёў крымінальную справу паводле ч. 3 арт. 317 КК («Парушэнне Правілаў дарожнага руху, якое прывяло з неасцярожнасці да смерці дзвюх і болей асобаў»).

Якуб Хруст belsat.eu

Стужка навінаў