«Бацька» Станіслаў Булак-Балаховіч. Да 140-годдзя легендарнага беларускага военачальніка


22 лютага 1883 года ў вёсцы Мэйшты, што каля Відзаў на Браслаўшчыне (сёння Літва) нарадзіўся Станіслаў Булак-Балаховіч – бясстрашны вайскавод, атаман, партызан і проста «Бацька». «Белсат» у гэты дзень згадвае 15 цікавых фактаў пра легендарнага беларускага военачальніка.

Станіслаў Булак Балаховіч. Крыніца: Вікіпедыя

Падвойнае прозвішча ўтворанае ад бацькавага «Балаховіч» і ягонай вайсковай мянушкі Булак, што значыць «воблака». У міжваеннай Польшчы быў прыняты адмысловы закон, які легалізаваў для вайскоўцаў выкарыстанне падвойных прозвішчаў з мянушкамі, і Станіслаў Балаховіч стаў афіцыйна Булак-Балаховічам. Прычым першы такое прозвішча пачаў ужываць ягоны брат Язэп, таксама вядомы беларускі вайсковы дзеяч, забіты савецкімі агентамі ў 1923 годзе і пахаваны ў Белавежы (вёска ў Гайнаўскім павеце Падляскага ваяводства Польшчы).

Вусы Скарыны
Станіслаў Булак-Балаховіч. Авантурнік або нацыянальны герой?
2023.01.16 17:05

Паходзіў з «кухараў». Ягоны бацька Нікадзім Балаховіч быў кухарам паноў Мэйштовічаў у Мэйштах, а дзед па маці Юзэфы з роду Шафранаў – кухарам у Корвін-Мілеўскіх з Ашмяншчыны. Нягледзячы на гэта, бацька здолеў набыць маёнтак Юдуцыны пад Шаркаўшчынай. Праўда, хутка маёнтак прыйшлося прадаць за пазыкі і зрабіцца арандатарамі маёнткаў Стакавіева і Самолішкі на Браслаўшчыне.

Бацька Станіслава Нікадзім Балаховіч быў свядомы беларус – адрозна ад маці, якая да ўсяго беларускага ставілася дрэнна. Пры гэтым у сям’і Балаховічы размаўлялі па-беларуску. Акрамя таго Станіслаў ведаў літоўскую мову, расейскую і польскую, але не надта добра.

Фільмы
Генерал няскончанай вайны, дак. фільм
2014.07.28 17:59

Бацькі хацелі, каб ён стаў ксяндзом. Станіслаў быў старэйшым сынам у сям’і з дзевяці дзяцей (трое хлопцаў і шэсць дзяўчат). У 16 гадоў ён паступіў на гадавую практыку да свайго дзядзькі ксяндза. Але ў выніку юнака, які меў поспех у дзяўчат, хапіла толькі на год. Урэшце, Станіслаў паспрабаваў стаць аграномам, дзеля чаго скончыў адмысловыя курсы. Але працаваць пайшоў бухгалтарам – на будаўніцтве чыгункі на Наваградчыне.

Мянушку «Бацька» Станіслаў Булак-Балаховіч атрымаў ад сялянаў Дзісенскага павету. Адбылося гэта падчас расейскай рэвалюцыі 1905–1907 гадоў з-за таго, што ён умеў на карысць вяскоўцаў вырашаць іхныя спрэчкі з памешчыкамі. Пры гэтым сам Станіслаў у рэвалюцыйныя падзеі не ўмешваўся, у той час як два ягоныя стрыечныя браты былі асуджаныя на смяротнае пакаранне, замененае ў выніку катаргаю. Сяляне ставіліся да Станіслава Булак-Балаховіча з павагаю і таму, што ён арганізаваў у мястэчку Лужкі добраахвотную пажарную каманду.

Любімым ягоным літаратурным героем быў гогалеўскі Тарас Бульба, а любімым пісьменнікам – Гэнрык Сенкевіч. Сам Булак-Балаховіч таксама спрабаваў сябе ў літаратуры, пакінуўшы пад псеўданімам «Бацька» шэраг вершаў.

Чы поляк ты, чы ты рускі –

Мёд піць будзеш беларускі

Толькі з нашай добрай волі –

Як сусед добры у гасцёх,

А з наездам – дык ніколі –

Хіба на нашых касцёх!

Пайшоў у войска добраахвотнікам. З пачаткам Першай сусветнай вайны ў 1914 годзе стварыў атрад з добраахвотнікаў на Дзісеншчыне разам з братам Язэпам і далучыўся да расейскай арміі са сваімі ўласнымі коньмі і абмундзіраваннем ды ўзбраеннем. Менш чым праз год ён атрымаў свой першы афіцэрскі чын за мужнасць, у дадатак да шматлікіх узнагародаў і некалькіх раненняў.

Станіслаў Булак-Балаховіч з афіцэрамі беларускага войска. Крыніца: Вікіпедыя

Зрабіўся легендарным партызанам эскадрону «рыцараў смерці». У лістападзе 1915 года Станіслаў далучыўся да партызанскага эскадрону пад кіраўніцтвам Леаніда Пуніна, які дзейнічаў супраць немцаў у ваколіцах Рыгі і ўвайшоў у гісторыю як «рыцар смерці». Дзякуючы асабістым гераічным учынкам падчас шматлікіх рэйдаў меў вялікую пашану салдатаў. Пасля Лютаўскай рэвалюцыі, калі пасады камандзіраў у расейскім войску сталі выбарныя, быў абраны камандзірам эскадрону.

Пасля Кастрычніцкага перавароту перайшоў са сваім атрадам пад кіраўніцтва бальшавікоў. Ён удзельнічаў у задушэнні шэрагу сялянскіх паўстанняў на Пскоўшчыне. Але калі зразумеў, што бальшавікі могуць у далейшым дабрацца і да яго самога і ягоных падначаленых, абвесціў сябе «атаманам сялянскіх партызанскіх атрадаў бацькам Балаховічам» і ў лістападзе 1918 года перайшоў на бок «белых». У Пскове ён запомніўся смяротнымі пакараннямі ў дачыненні бальшавікоў і гандляроў какаінам, а таксама сваіх падначаленых, якія былі заўважаныя ў марадзёрстве. На Пскоўшчыне ж Станіслава Булак-Балаховіча ведаюць пад мянушкаю «Перакаці-поле», а пра ягоныя скарбы, захопленыя падчас шматлікіх нападаў і закапаныя па ваколіцах, да сёння распавядаюць легенды.

Цягам года ад «белых» перайшоў на бок незалежнай Эстоніі, а затым і БНР. 14 лістапада 1919 года склаў просьбу на атрыманне беларускага грамадзянства і прыняцце ягонага вайсковага атраду на службу Беларускай Народнай Рэспублікі. Так з’явіўся «Асобны аддзел войск БНР у Балтыі». Беларускія дзеячы дамовіліся з Эстоніяй, што тая возьме на сябе выдаткі на ўтрыманне атраду – у склад дзяржаўнай пазыкі. 22 студзеня 1920 года ўрад БНР на чале з Антонам Луцкевічам юрыдычна ўключыў «Асобны аддзел» у склад беларускага войска.

Intermarium
Праз сто гадоў беларусы зноў змагаюцца за сваю дзяржаву
2020.11.15 22:11

Пасля дамоўленасці з Польскай Рэспублікай у лютым 1920 года «Асобны аддзел БНР» перайшоў у Польшчу і ад імя беларускага ўраду змагаўся ў савецка-польскай вайне. Тады Булак-Балаховіч спадзяваўся яшчэ на ператварэнне Расеі ў дэмакратычную дзяржаву і казаў: «Я беларус і каталік, але я змагаўся за Расею і буду падтрымліваць расейскую справу». Войскі на чале з Булак-Балаховічам бралі ўдзел у «цудзе над Віслай», калі войскі бальшавікоў на чале з Тухачэўскім былі разбітыя пад Варшавай, а ў выніку контрнаступу сам Балаховіч дайшоў ажно да Пінску.

Паспрабаваў сілавым спосабам утварыць беларускую дзяржаву. Пасля падпісанага паміж Польшчай і Савецкай Расеяй замірэння і пачатку перамоваў аб заканчэнні вайны 12 лістапада ў Мазыры Балаховіч на чале прыкладна 10–15 тысяч ваяроў абвесціў незалежнасць Беларусі і распачаў набор у беларускае народнае войска. Але пасля цяжкіх баёў з бальшавікамі 18 лістапада ён вымушаны быў пакінуць Мазыр і перайсці мяжу на тэрыторыю, занятую польскім войскам, і быў інтэрнаваны.

Балахоўцы ў Берасці. Здымак 1920 года. Крыніца: starcom68 / livejournal.com

Для сваіх падначаленых Станіслаў Булак-Балаховіч заснаваў адмысловую ўзнагароду – Крыж Храбрых. У міжваенны час ён нават прадаваўся. Сёння гэта адна з узнагародаў, што найчасцей падрабляюць, бо арыгінальныя Крыжы Храбрых каштуюць вельмі дорага.

Вобраз Станіслава Булак-Балаховіча і балахоўцаў, якія змагаліся пад ягоным кіраўніцтвам, выкарыстаны ў адным з першых фільмаў БССР – «У агні народжаная» (1929). Яму прысвяціў песню «Хлопцы-балахоўцы» гурт «Дзецюкі».

Сапраўднае месца пахавання Станіслава Булак-Балаховіча не вядомае, а на варшаўскіх Паванзкоўскіх могілках размяшчаецца сімвалічнае пахаванне. З пачаткам Другой сусветнай вайны Станіслаў Булак-Балаховіч сабраў атрад добраахвотнікаў, які змагаўся пры абароне Варшавы. Надалей перайшоў да падпольнага змагання супраць нацыстаў. 10 траўня 1940 года пры спробе арышту гестапаўцамі ён быў застрэлены.

Барыс Булат belsat.eu

Стужка навінаў