Польшча далучылася да дэкларацыі G7 пра гарантыі бяспекі Украіне і вылучыла ёй новы пакет дапамогі


Польшча далучылася да дэкларацыі «Вялікай сямёркі» пра гарантыі бяспекі Украіне, вылучыла ёй новы пакет дапамогі, ёсць дамоўленасць пра супольную вытворчасць зброі паміж краінамі. Такія прамежкавыя вынікі сустрэчы прэзідэнта Украіны Уладзіміра Зяленскага і прэм’ер-міністра Польшчы Дональда Туска, што адбылася 22 студзеня.

Польскі прэм’ер-міністр Дональд Туск і прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі падчас сустрэчы ў Кіеве, Украіна. 22 студзеня 2024 года.
Фота: Gleb Garanich / Reuters / Forum

«Польшча далучылася да дэкларацыі Групы сямі, мэта якой – мабілізаваць дэмакратычныя краіны на дапамогу Украіне», – прыводзіць словы Дональда Туска «РБК-Украіна».

Такім чынам, Польшча сталася чарговай краінай, што далучылася да Віленскай дэкларацыі G7, якая была падпісаная на пачатку ліпеня 2023 года і ўтрымлівае гарантыі бяспекі для Украіны. На цяперашні момант да яе далучылася больш за 30 краінаў. Вядома таксама, што некаторыя дзяржавы вядуць перамовы з Украінай пра гарантыі бяспекі на двухбаковай аснове. Гэтак, у лістападзе стартавалі перамовы з Нямеччынай, а ў снежні – з Вялікай Брытаніяй.

Пасля сустрэчы з польскім прэм’ер-міністрам Уладзімір Зяленскі назваў перамовы «вельмі прадуктыўнымі». Ён паведаміў аб тым, што Польшча гатовая даць новы пакет дапамогі, а таксама заявіў пра магчымасць супольнай вытворчасці зброі.

«Ёсць новы польскі абаронны пакет. Мы цэнім такую нязменную дапамогу. Ёсць новая форма нашага ўзаемадзеяння дзеля большага аб’ёму закупак зброі для ўкраінскіх патрэбаў – гэта польскі крэдыт для Украіны. Абмеркавалі сёння са спадаром прэмʼер-міністрам і магчымасці будучай супольнай вытворчасці зброі. Дзякуй за падтрыманне Украіны!» – напісаў Зяленскі ў сваім тэлеграм-акаўнце.

Нагадаем, што сёння, 22 студзеня, прэмʼер-міністр Польшчы Дональд Туск прыбыў у сталіцу Украіны, дзе сустрэўся з украінскім прэмʼер-міністрам Дзянісам Шмыгалем і прэзідэнтам краіны Уладзімірам Зяленскім. Падчас свайго візіту Дональд Туск заявіў, што цяпер няма нічога важнейшага за ваенную дапамогу Украіне, і назваў гэта «бясспрэчнай справай нумар адзін».

Hавiны
«Няма нічога важнейшага за падтрыманне Украіны». Прэм’ер-міністр Польшчы прыбыў у Кіеў
2024.01.22 14:22

Раман Шавель belsat.eu

Стужка навінаў