«Няма нічога важнейшага за падтрыманне Украіны». Прэм'ер-міністр Польшчы прыбыў у Кіеў


Прэмʼер-міністр Польшчы Дональд Туск прыбыў у сталіцу Украіны 22 студзеня. Ён ужо сустрэўся з украінскім прэмʼер-міністрам Дзянісам Шмыгалем, запланаваная таксама сустрэча з прэзідэнтам Украіны Уладзімірам Зяленскім. Падчас свайго візіту Дональд Туск заявіў, што цяпер няма нічога важнейшага за ваенную дапамогу Украіне. Пра гэта паведамляе прэс-служба Канцылярыі Дональда Туска.

Прэм’ер-міністр Польшчы Дональд Туск і яго ўкраінскі калега Дзяніс Шмыгаль паціскаюць адзін аднаму рукі пасля наведвання Сцяны памяці загінулых абаронцаў Украіны. Кіеў, Украіна. 22 студзеня 2024 года.
Фота: Viacheslav Ratynskyi / Reuters / Forum

Падчас кароткай сустрэчы з журналістамі прэмʼер Польшчы падкрэсліў, што ён імкнецца сфармаваць адчуванне таго, што сусед Украіны – яе самы надзейны і стабільны саюзнік.

«Сюды, у Кіеў, я прыехаў і дзеля польскай бяспекі, – адзначыў Дональд Туск. – Гэта не справа выключна Украіны, гэта справа бяспекі ўсяго свабоднага свету, а Польшчы – асабліва, з увагі на геаграфічнае становішча. Ёсць пра што пагаварыць, але важна, каб мы ўсе мелі перакананне, што размову вядуць сябры, якія ўмеюць развязваць спрэчныя праблемы, бо вядома, што яны ёсць».

Прэм’ер-міністр дадаў, што ягоны візіт таксама закліканы мабілізаваць Захад для большай дапамогі Украіне. Паводле Туска, Польшча будзе ўсяляк дапамагаць Украіне і падтрымліваць яе «ў гэтай смяротнай сутычцы са злом».

Скрыншот паста прэс-службы Канцылярыі. Крыніца: donaldtusk / Twitter

«Няма нічога важнейшага за падтрыманне Украіны ў яе ваенных намаганнях супраць нападу Расеі. Гэта бясспрэчна справа нумар адзін», – падкрэсліў Дональд Туск.

Адзначым, што гэта першы візіт Дональда Туска ва Украіну пасля прызначэння на пасаду кіраўніка польскага ўраду.

Ася Саковіч belsat.eu

 

Стужка навінаў