У ISW патлумачылі каштоўнасць Бахмуту для ЗСУ і назвалі памылку Захаду


Украіна паспяхова мардуе ворага падчас абароны Бахмуту, перашкаджаючы яму весці наступальныя дзеянні на іншых частках фронту, кажуць аналітыкі амерыканскага Інстытуту вывучэння вайны (ISW). Аднак ЗСУ маглі б дзеяць яшчэ больш эфектыўна, калі б перадача ўзбраення ад краінаў Захаду была больш аператыўнай.

Пажар у адным з раёнаў гораду. Бахмут, Данецкая вобласць, Украіна. 27 кастрычніка 2022 года.
Фота: Белсат

Аналітыкі амерыканскага Інстытуту вывучэння вайны (ISW) лічаць абарону ўкраінцамі Бахмуту стратэгічна абгрунтаванай аперацыяй, нягледзячы на яе кошт для краіны. Але Украіна таксама заплаціла б значную цану, калі б дазволіла расейскім войскам лёгка ўзяць Бахмут.

«Калі б УС РФ узялі яго адносна хутка і невялікай цаной, яны маглі б спадзявацца на пашырэнне аперацыяў так, што Украіне прыйшлося б паспешна будаваць абарончыя пазіцыі на менш спрыяльнай мясцовасці», – растлумачылі ў ISW.

Улічваюць эксперты і палітычны момант, звязаны з тым, як адыход з гораду можа быць успрыняты грамадскасцю.

ЗСУ ўжо выкарыстоўвалі аналагічную мадэль паступовага знясілення суперніка, прымушаючы расейскіх вайскоўцаў некалькі месяцаў несці вялікія страты ў асабовым складзе і тэхніцы дзеля малаважных тактычных поспехаў. У пачатку лета 2022 года расейскія войскі месяцамі спрабавалі прарваць эфектыўную ўкраінскую абарону ў Севераданецку і Лісічанску ды захапілі Лісічанск толькі пасля кантраляванага адыходу ўкраінцаў з гэтых мясцінаў. Аднак неўзабаве высветлілася, што захоп Лісічанску не прынёс расейскім вайскоўцам аператыўных поспехаў, а расейскі наступ у гэтым раёне фактычна захлынуўся.

Украінская абарона Бахмуту, відаць, будзе спрыяць аналагічнаму выніку – расейскія сілы перакідваюць у гэты раён вайскоўцаў і тэхніку з траўня 2022 года, але пакуль не дабіліся якіх-небудзь значных поспехаў у аператыўных адносінах. Цяпер, паводле ацэнак ISW, ЗСУ фактычна ўтрымліваюць расейскія войскі і тэхніку каля Бахмуту, прыцягваючы туды ж усю ўвагу расейскага камандавання.

Раней амерыканскі чыноўнік з Белага дому заявіў журналістам, што Украіне трэба засяродзіцца на рыхтаванні да вясновага контрнаступлення, а не на абароне Бахмуту любой цаной.

Алена Рувіна belsat.eu

Стужка навінаў