На пажары ў Смаргоні загінулі чатыры чалавекі


У Смаргоні пры пажары ў прыватным жылым доме загінулі 4 чалавекі, паведамляе прэс-служба МНС. Яшчэ адна жанчына шпіталізавана, яна ў цяжкім стане.

Фота: grodno.mchs.gov.by

Ратаўнікі атрымалі інфармацыю прыкладна а 02:30 ночы 22 студзеня, пра тое, што на вуліцы Чырвонаармейскай у Смаргоні гарыць драўняны дом. Яшчэ да іх прыбыцця мясцовы жыхар паспеў вынесці з дому адну непрытомную жанчыну. Яна была шпіталізаваная ў цяжкім стане.

Скончыўшы тушыць полымя, ратаўнікі выявілі ў доме целы 36-гадовага гаспадара, 37-гадовай жанчыны і яшчэ двух мужчын 38 і 37 гадоў.

Пажар ліквідаваны, агонь пашкодзіў маёмасць у пакоі, перакрыцце, дах і сцены. Устанаўленнем прычыны і абставін трагедыі займаецца Следчы камітэт. Верагоднай прычынай здарэння называецца неасцярожнае курэнне.

Паводле інфармацыі ведамства, летась у агні ад нядбайна кінутай цыгарэты загінулі 48 чалавек.

Алена Рувіна belsat.eu

 

Стужка навінаў