DEV.by сабраў спіс 15 буйных ІТ-кампаніяў, якія сышлі з Беларусі ў 2023 годзе


У 2023 годзе некалькі дзясяткаў беларускіх і замежных ІТ-кампаніяў закрылі офісы ў Беларусі. Выданне DEV.by склала топ-15 з іх, якія ў 2023 годзе або запусцілі працэдуру ліквідацыі, або фактычна згарнулі працу беларускага офісу. У спіс не ўвайшлі тыя кампаніі, якія пачалі ліквідацыю ў 2022 годзе і ўжо не працавалі ў Беларусі, хоць маглі завяршаць юрыдычныя фармальнасці (Flo, Vochi, Wannaby, Workfusion, EIS Group, Appodeal).

Парк высокіх тэхналогіяў. Менск, Беларусь.
Фота: БелТА / belta.by

Playgendary – міжнародны распрацоўнік і выдавец мабільных гульняў са штаб-кватэрай на Кіпры. Агульны лік загрузак гульняў перавышае 3 мільярды, а штомесячная аўдыторыя налічвае больш як 250 мільёнаў актыўных карыстальнікаў. У Беларусі працавалі каля 120 супрацоўнікаў фірмы з 300, але з пачаткам вайну кампанія сышла з краіны.

Gurtam стварыла платформу для спадарожнікавага маніторынгу і інтэрнэту рэчаў Wialon, а таксама платформу flespi для паскоранай распрацоўкі геалакацыйных рашэнняў. Да Wialon падключана больш за 3,5 мільёны машын і іншых аб’ектаў у 150 краінах свету. Раней асноўная каманда Gurtam працавала ў Беларусі (больш як 200 асобаў), а цяпер яна ўвайшла ў топ-5 кампаніяў з беларускімі каранямі ў Літве суме выплачаных падаткаў.

Аб’ектыў
Антырэкорд Парку высокіх тэхналогіяў
2023.08.17 22:34

Akveo распрацоўвае ўласныя праграмныя прадукты для вэбу і мабільных рашэнняў (ngx-admin, Kitten Tricks і іншыя). Яны ўжываюцца ў аўтамабільнай, турыстычнай, банкаўскай, медычнай, тэлекамунікацыйнай і адукацыйнай галінах. У кампаніі працуе каля 100 адмыслоўцаў. Асноўная каманда раней працавала ў Менску, цяпер – у Літве і Польшчы.

Verv (былая Red Rock Apps) стварае мабільныя прыкладанні ў катэгорыі Health and Fitness. У 2018 годзе яна стала самым пампаваным выдаўцом у сваім сегменце, а яго заснавальніца Любоў Пашкоўская трапіла ў спіс лепшых ІТ-бізнэсвумен Еўропы паводле Forbes. У менскім офісе Verv працавалі каля 100 асобаў. Цяпер большасць з іх у Польшчы.

Холдынг SK hynix уваходзіць у топ-3 сусветных вытворцаў паўправаднікоў, стварае рашэнні на падставе паўправадніковай памяці тыпу DRAM і NAND Flash, а таксама КМОП-сэнсараў. Беларускае падраздзяленне SK Hynix было адкрыта ў 2014 годзе, на пачатак 2022 года там працавала больш як 200 асобаў. Пазней каманду перавезлі ў Гданьск.

Офіс распрацоўкі глабальнай софтвернай кампаніі Aras, якая стварае сістэмы кіравання складанымі вытворчымі працэсамі, зʼявіўся ў Беларусі ў 2018 годзе. Менская каманда (200+ супрацоўнікаў) стварала Aras Innovator – кліент-серверны дадатак, што дае пакет рашэнняў у галіне PLM Solutions і стварэння гатовых праграм на яго аснове.

Аб’ектыў
У Парку высокіх тэхналогіяў з’явіўся «смотрящий»
2023.08.09 22:05

Амерыканскі распрацоўшчык прадуктаў для кіравання ІT-інфраструктурай Kaseya прыйшоў у Менск у 2019 годзе. І нават планаваў перанесці ў Беларусь усе прадукты і зрабіць менскі офіс ключавым цэнтрам распрацоўкі. На піку ў менскім офісе працавала каля 170 асобаў.

Амерыканская TangoMe развівае прыкладанне для анлайн-трансляцыяў Tango Live. Гэта адна з галоўных платформаў для анлайн-трансляцыяў у свеце. Гадавое абарачэнне ацэньваецца ў 400 мільёнаў долараў. Менскі офіс распрацоўкі TangoMe быў адчынены ў траўні 2020 і вырас да 130 супрацоўнікаў. Цяпер жа значная частка каманды рэлакавалася ў офіс у Варшаве або на Кіпр.

Амерыканскі Tealium ствараў big data-платформу, якая дапамагае сэрвісам і арганізацыям збіраць і аналізаваць звесткі кліентаў з дапамогай вэб, мабільных, аўтаномных прылад і прылад IoT. Сярод партнёраў – Facebook, Sony, T-Mobile, Hulu, Uber, American Airlines. Падраздзяленне ў Беларусі зʼявілася зімой 2020. Каманда (да 70 супрацоўнікаў) стварала вэб-платформу для кіравання інфармацыяй аб наведвальнасці сайтаў.

Нямецкі распрацоўнік рашэнняў для абароны звестак EgoSecure працаваў у Беларусі з 2012 года. У 2022 годзе кампанія думала наконт рэлакейту, але вырашыла звольніць усю менскую каманду, 50 асобаў.

У менскім офісе Softeq Development – буйнога амерыканскага аўтсорсера з кліентамі ўзроўню Microsoft, Coca-Cola, Epson, Samsung – працавала каля 280 адмыслоўцаў. Частка з іх цяпер пераехала ў Літву, мясцовы офіс у якой вырас у больш як тры разы – да 104 працаўнікоў.

Hавiны
Доля IT у ВУП Беларусі зніжаецца другі год запар
2023.09.23 12:05

Міжнародны правайдар воблачных рашэнняў у галіне фінансавага кіравання Kyriba адкрыў офіс у Менску ў 2018 годзе. Сярод кліентаў – Amazon, Uber, Tesla, Auchan. У беларускім офісе працавала каля 100 асобаў.

Менскі офіс Targetprocess, у якім працавала больш як 100 асобаў, рабіў сістэму кіравання аджайл-праектамі для буйных кампаніяў. Каманду рэлакавалі ў кракаўскі офіс вясной 2022 года (частка супрацоўнікаў працуе выдалена з іншых польскіх гарадоў), а ліквідацыю запусцілі ў пачатку 2023 года.

Шведскі распрацоўнік гульняў для анлайн-казіно Evolution Gaming адкрыў офіс у Менску ў 2019 годзе. Тут працавала больш як 170 асобаў. Кампанія збіралася зрабіць менскі офіс адным з найбуйнейшых інжынерных хабаў у Еўропе. Закрыццё менскага офісу закране каля 80 спецыялістаў, ім прапанавалі рэлакейт у Польшчу.

Менскі цэнтр распрацоўкі брытанскай Deltatre працаваў над платформай AXIS, якая дазваляе хутка разгортваць серверы для абслугоўвання кліенцкіх прыкладанняў, апрацоўкі карыстальніцкіх звестак, размеркавання медыя кантэнту. У беларускай камандзе было больш як 40 асобаў.

Парк высокіх тэхналогіяў у паведамленні з нагоды свайго 18-годдзя «пахваліўся», што IT-галіна фармуе каля 4% ВУП Беларусі. Статыстыка сведчыць, што доля IT у ВУП Беларусі зніжаецца другі год запар: у 2019 годзе было 5,2%, у 2020-м – 6,2%, у 2021-м – 6,5%, а ў 2022-м – 5,3%.

Hавiны
Доля IT у ВУП Беларусі зніжаецца другі год запар
2023.09.23 12:05

Якуб Хруст belsat.eu

Стужка навінаў