Расейскую тэхніку перакінулі да беларуска-ўкраінскай мяжы. Ці чакаць новай атакі на Кіеў?


Нягледзячы на актыўнасць расейскіх і беларускіх вайскоўцаў, Збройныя сілы Украіны і эксперты пакуль не бачаць фармавання наступальных груповак на тэрыторыі Беларусі. Глядзім, што адбылося з пачатку месяца – і колькі той тэхнікі.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Вайскоўцы 38-й Берасцейскай асобнай гвардзейскай дэсантна-штурмавой брыгады падчас праверкі боегатовасці. Беларусь. 13 снежня 2022 года.
Фота: iammilitary / Telegram

Колькі адзінак перакідваюць?

Афіцыйных лічбаў пра тое, колькі тэхнікі вязуць бліжэй да беларуска-ўкраінскай мяжы, не называлі, дакладнай інфармацыі няма. Але падобна, вядзецца пра дзясяткі адзінак.

За перасоўваннямі вайсковай тэхнікі па Беларусі сочыць праект «Беларускі Гаюн», а таксама «Супольнасць чыгуначнікаў Беларусі». 19 і 20 снежня яны заўважылі тры эшалоны з расейскай вайсковай тэхнікай.

Эшалоны з расейскай вайсковай тэхнікай, рух якіх па Беларусі заўважылі 19–20 снежня 2022 года. Паводле ўдакладненых звестак, эшалон з Заслонава даехаў да Палонкі і вёз 31 танк і 13 «Уралаў», два пасажырскія вагоны, адзін БТР і адну гусенічную інжынерную машыну. Выява: Hajun_BY / Telegram

Першы ішоў з-пад Лепелю на Асіповічы (і, як стала вядома пазней, дайшоў да Палонкі, што пад Баранавічамі), вёз, паводле ўдакладненых звестак, 31 расейскі танк, 13 грузавікоў «Урал», адзін бронетранспарцёр і адну інжынерную гусенічную машыну, а таксама сотню вайскоўцаў Узброеных сілаў Расеі. Другі ішоў з-пад Баранавічаў праз Берасце на Лунінец, вёз 23 расейскія танкі, 8 бензавозаў, 9 грузавікоў, 2 пасажырскія і 7 грузавых вагонаў. Трэці – са Шклова прыйшоў у Калінкавічы (можа паехаць далей на поўдзень), вёз 20 расейскіх бронемашынаў, 7 грузавікоў.

Рух тэхнікі заўважалі і да таго. Напрыклад, 12 і 14 снежня заўважылі два эшалоны расейскай тэхнікі, якія прыбылі з Расеі на станцыю Палонка пад Баранавічамі, кожны вёз пару дзясяткаў «Уралаў», а другі вёз прынамсі 4 бронемашыны і некалькі бензавозаў. У тым жа напрамку раней у снежні перасоўвалі 24 адзінкі расейскай тэхнікі, у тым ліку танкі і мінамёты.

Рух расейскай і беларускай вайсковай тэхнікі і асабовага складу па Беларусі 1–20 снежня 2022 года. Выява: Hajun_BY / Telegram

Акрамя таго, расейскую вайсковую тэхніку і вайскоўцаў бачаць і ў іншых месцах на поўдні Беларусі: у Берасці, Мазыры і Гомлі. Не кажучы ўжо пра гарады ў цэнтры і на поўначы Беларусі, аж да Полацкага раёну.

Таксама не спыняецца рух беларускай вайсковай тэхнікі. Напрыклад, у снежні з Берасця на Маларыту ішла дэсантна-штурмавая брыгада, з Віцебску на Берасце ішла брыгада Сілаў спецыяльных аперацыяў… Але ішлі і ў зваротным кірунку: з-пад Слоніму за Горадню.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Падраздзяленні Сілаў неадкладнага рэагавання Беларусі са складу 11-й і 19-й асобных механізаваных брыгадаў падчас праверкі боегатовасці. Беларусь. 14 снежня 2022 года.
Фота: modmilby / Telegram

Гэта шмат?

«Беларускі Гаюн» лічыць, што такая колькасць тэхнікі, якую цяпер перакідваюць на памежжа, невялікая і дакладна не дастатковая для наступальных дзеянняў.

Так жа лічыць і Генеральны штаб Збройных сілаў Украіны: актыўнасць ля беларуска-ўкраінскай мяжы бачацьведаюць, што адпрацоўваюцца наступальныя дзеянні), але пішуць, што «фармавання наступальных груповак не выяўлена». Ды камандаванне Аб’яднаных сілаў ЗСУ лічыць, што патэнцыялу «дастаткова для стварэння пагрозы Украіне і правядзення тактычных дзеянняў».

Амерыканскі Інстытут вывучэння вайны (ISW) ацэньвае сітуацыю так: індыкатары сведчаць у падтрымку прагнозу аб найбольш небяспечным курсе дзеянняў у будучыні, але менавіта цяпер найгоршы варыянт малаімаверны, а новае расейскае ўварванне з тэрыторыі Беларусі наўрад ці непазбежнае.

Берасцейскія дэсантнікі адпрацоўваюць пад’ём па трывозе. Беларусь. 8 снежня 2022 года.
Фота: Максім Гарлуковіч або Дзмітрый Бялецкі / modmilby / Telegram

Нават калі лічыць, што «Гаюн» і чыгуначнікі бачаць толькі палову руху тэхнікі, усё роўна выглядае, што для наступу, які быў у пачатку поўнамаштабнай вайны ва Украіне, яе недастаткова. Тады лік тых жа танкаў вёўся не на дзясяткі, а на сотні.

Перад пачаткам таго наступу на межах Украіны бачылі больш за тысячу танкаў, а ЗСУ і Тэрытарыяльная абарона Украіны хваліліся, што за адзін дзень каля аднаго мястэчка знішчылі пад сотню расейскіх танкаў. Толькі за ўчора ЗСУ заявілі аб знішчэнні сярод іншага 7 расейскіх танкаў, столькі ж – за пазаўчора, а цяпер Расея не вядзе актыўнага наступу.

Навошта гэта ўсё?

Афіцыйна гэта ўсё – планавыя вучэнні (якія пачаліся пасля першага за снежань прылёту расейскага міністра абароны ў Беларусь), раптоўная праверка боегатовасці (якую абвясцілі 13 снежня і завяршылі ў дзень прылёту Уладзіміра Пуціна і «дэсанту» расейскіх чыноўнікаў, у тым ліку міністра абароны) і падрыхтоўка расейскіх мабілізаваных. Агулам жа беларуска-расейскія вучэнні, якія пачаліся ў лютым як прыкрыцце для нападу, афіцыйна працягвалі ўжо 34 разы, цяпер яны працягнутыя прынамсі да 26 снежня.

Вучэнні праходзяць у тым ліку на палігоне «Берасцейскі» пад самай мяжой з Польшчай і блізу мяжы з Украінай. Беларускія і расейскія вайскоўцы ладзяць супольныя заняткі, праводзяць баявое зладжванне. Пры тым на вучэннях у Беларусі чамусьці вешалі на бранятэхніку сцяг баевікоў так званай ДНР. Але «Гаюн» заўважае, што беларускія вайскоўцы падчас раптоўнай праверкі пазбягалі палігонаў, на якіх застаюцца расейскія мабілізаваныя.

Палігоны, якія маглі быць задзеяныя ў раптоўнай праверцы боегатовасці войскаў Беларусі, і палігоны, дзе дыслакавалі расейскіх вайскоўцаў. 14 снежня 2022 года. Выява: Hajun_BY / Telegram

Аляксандр Лукашэнка і ягоны міністр абароны кажуць, што гэта «стрымліванне імавернага праціўніка ад ужывання ваеннай сілы супраць Беларусі», бо блізу беларускай мяжы Украіна, маўляў, ладзіць правакацыі і хоча ўцягнуць NATO ў канфлікт, а апазіцыя нібыта заклікае да гвалтоўнага захопу ўлады і ўчынення тэрактаў. Міністр абароны Беларусі запэўнівае, што гэта ўсё патрэбна Злучаным Штатам.

«Беларускі Гаюн» нядаўна разглядае два сцэнары: або будзе новы расейскі наступ з тэрыторыі Беларусі з удзелам ці без удзелу беларускіх войскаў, або «рэгіянальная групоўка войскаў», якую разгортваюць ужо больш за два месяцы, проста застанецца ў Беларусі на нявызначаны тэрмін.

Які сцэнар спраўдзіцца, прадказаць цяжка. З аднаго боку, пакуль войскаў ля ўкраінскай мяжы параўнальна мала. З другога боку, беларускія вайскоўцы трэнуюцца будаваць пантонна-маставыя пераправы і засвойваюць выведныя і ўдарныя беспілотнікі, у Беларусь таемна ездзяць расейскія генералы, а Пуцін і Лукашэнка на асабістых сустрэчах пазбягаюць публічнага абмеркавання вайны.

Расейскі інструктар з выведным беспілотнікам на занятках з беларускімі вайскоўцамі. Беларусь. 13 снежня 2022 года.
Фота: Канстанцін Бяляцкі / «Ваяр»

***

Расея яшчэ ў жніўні спыніла запускі ракет па Украіне з тэрыторыі Беларусі і беларускага неба. Але ў беларускім небе перыядычна лётаюць расейскія самалёты: МіГ-31К и А-50, якія, як мяркуецца, удакладняюць цэлі для расейскіх удараў па Украіне, і штурмавікі Су-25, якія могуць несці ядравую зброю, але пакуль не нясуць, калі верыць афіцыйным заявам.

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў