Аляксандр Азараў: «Сілавікі стварылі спісы, прафесійныя чысткі працягнуцца»


Сёлета ў Беларусі сярод процьмы затрыманняў стала заўважнай тэндэнцыя масавых арыштаў прадстаўнікоў асобных прафесіяў. Прыходзілі па медыкаў-траўматолагаў, навукоўцаў, адвакатаў, масава затрымоўвалі экскурсаводаў ды іншых адмыслоўцаў. Мы паглядзелі, якія прафесіі найчасцей траплялі пад увагу сілавікоў цягам 2022 года. Пра што гэта сведчыць – запыталі ў прадстаўніка BYPOL, былога сілавіка Аляксандра Азарава.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. 
Фота: dreamstime.com

«Справа траўматолагаў» ды затрыманне медыкаў

Ціск на медыкаў і іх масавыя затрыманні былі ў Беларусі і ў папярэднія гады, а ў 2022 годзе працягнуліся. Увесну распачалася «справа траўматолагаў» – паведамлялася, што 29 і 30 сакавіка па ўсёй краіне былі затрыманыя да 50 медыкаў. 18 красавіка Аляксандр Лукашэнка абвесціў, што ўсяго былі затрыманыя 35 дактароў-траўматолагаў. Іх падазравалі ў атрыманні хабару ад замежных кампаніяў за ўсталяванне імпартных пратэзаў суставаў. Эксперты ж палічылі, што «справа траўматолагаў» звязаная з канкурэнцыяй у сферы платных аперацыяў ці спробай уладаў адцягнуць увагу беларусаў ад праблемаў у сферы аховы здароўя.

З траўня 2022 года пачаўся ціск на прыватныя медычныя цэнтры – «Клініку А1», «Ладэ», «Нардзін». Медцэнтру «Ладэ» спачатку прыпынілі ліцэнзію, пазней дазволілі працаваць далей, аднак пры гэтым «спусцілі» спісы нелаяльных работнікаў, якіх патрабавалі звольніць. Медыкам са спісу пагражалі, што ім будзе забароненая праца ва ўсіх медычных цэнтрах. Некалькі адмыслоўцаў хірургічных спецыяльнасцяў трапілі пад следства, пісала «Наша ніва».

У ліпені-кастрычніку затрымалі трох лекараў РНПЦ дзіцячай анкалогіі, гематалогіі і імуналогіі.

Цягам года па ўсёй краіне затрымоўвалі медыкаў розных спецыялізацыяў, работнікаў як прыватных, так і ў дзяржаўных клінік. Паводле Фонду медычнай салідарнасці, на сярэдзіну лістапада як мінімум 205 медыкаў у Беларусі былі звольненыя праз сваю грамадзянскую пазіцыю. Як мінімум на 17 медыкаў былі заведзеныя крымінальныя справы. Мінімальны атрыманы тэрмін пакарання – 1,5 года хатняй хіміі, максімальны – 6 гадоў калоніі.

Чаму прыйшлі па навукоўцаў?

На пачатку лістапада сілавікі зладзілі аблавы ў Акадэміі навук, а менавіта прыйшлі ў Інстытут біяарганічнай хіміі, Фізіка-тэхнічны інстытут, Цэнтр даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры, Інстытут філасофіі і нават у прэзідыум НАН.

Былі затрыманыя 44 навуковыя супрацоўнікі. Падчас аблавы ў супрацоўнікаў навуковых установаў правяралі тэлефоны. Асноўнай прычынай затрыманняў быў удзел у тэлеграм-чаце «Навукоўцы супраць гвалту», які быў прызнаны афіцыйнымі ўладамі экстрэмісцкім.

Частку затрыманых тады забралі на допыт у КДБ, а потым адпусцілі. Як мінімум 5 ці 6 чалавек адправілі на содні на Акрэсціна.

Сярод затрыманых быў мовазнаўца, намеснік дырэктара ў навуковай працы Інстытуту мовазнаўства ім. Якуба Коласа Цэнтру даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі Сяргей Гаранін. Ён правёў на Акрэсціна 10 содняў і яго звольнілі з Акадэміі навук.

Таксама на соднях апынуліся кандыдат фізіка-матэматычных навук з Інстытуту хіміі новых матэрыялаў НАН Беларусі і малодшы навуковы супрацоўнік Аб’яднанага інстытуту праблемаў інфарматыкі НАН. Былі затрыманыя прафесар, сябра-карэспандэнт НАН Алег Давыдзенка і ягоная жонка.

Экскурсаводаў спачатку затрымоўвалі, потым ім забаранілі прафесію

У 2022 годзе ў Беларусі затрымоўвалі экскурсаводаў. Так, 2 жніўня быў арыштаваны Ігар Хмара. Паводле сведкаў – за тое, што размаўляў па-беларуску з удзельнікамі экскурсіі. Мужчыну абвінавацілі паводле арт. 342 КК і пакаралі 2,5 года хатняй хіміі.

20 снежня стала вядома, што 3 гады хатняй хіміі прысудзілі гіду Аксане Манкевіч. Яе таксама прызналі вінаватай у актыўным удзеле ў дзеяннях, якія парушаюць грамадскі парадак.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. 
Фота: Viktor Drachev / TASS / Forum

Напрыканцы года змяніліся правілы атэстацыі гідаў. З 1 студзеня 2023 года пасведчанне будзе выдавацца на 5 гадоў, аднак «палітычна ненадзейных» да атэстацыі не дапусцяць, а менавіта тых, хто быў пад судом за ўчыненне «злачынстваў, накіраваных на прапаганду вайны, распальванне расавай, нацыянальнай варожасці, абразу прэзідэнта, іншых прадстаўнікоў улады, здзек з дзяржаўных сімвалаў і іншае». Такім чынам, усім палітвязням шлях у прафесію гіда цяпер закрыты.

Гісторык, гід і праваабаронца Уладзімір Хільмановіч выказваў меркаванне, што да экскурсаводаў проста «дайшла ідэалагічная чарга і так званая цэнзура, якая ўкараняецца паўсюль».

«Па сутнасці, гэта ёсць не што іншае, як таталітарнае пранікненне ва ўсе сферы жыцця. А зараз проста дайшла чарга і да экскурсаводаў ды гідаў-перакладчыкаў, – казаў гісторык. – З дапамогай атэстацыі адбудзецца адфільтроўванне ўсіх няўгодных. Турыстычныя групы будуць суправаджаць стукачы, якія будуць дакладаць «куды трэба», што гаворыць гід».

Больш за 100 палітзняволеных дзеячаў культуры

У 2022 годзе працягнуўся масавы ціск на працаўнікоў сферы культуры. Прадстаўнікі культурніцкіх прафесіяў, так званыя «людзі слова», напэўна, найбольш пацярпелі ў Беларусі, пачынаючы з 2020 года. Паводле Беларускага ПЭНу, на сярэдзіну снежня ў Беларусі ў няволі заставаліся 120 дзеячаў культуры, у тым ліку за кратамі 26 «людзей слова». Да дзеячаў культуры адносяцца пісьменнікі, музыкі, выдаўцы, мастакі, тэатральныя дзеячы, акторы, менеджары культуры, рэжысёры, архітэктары, настаўнікі, журналісты і да т. п.

У выстаўленых ім абвінавачваннях найчасцей фігуруюць дыфамацыйныя артыкулы – абраза прэзідэнта ці прадстаўнікоў улады, паклёп, дыскрэдытацыя Беларусі. На другім месцы паводле часціні – так званы народны арт. 342 КК – «Арганізацыя і рыхтаванне дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, або актыўны ўдзел у іх». На трэцім месцы – арт. 130 КК – «Распальванне варожасці».

Паводле маніторынгу Беларускага ПЭНу, сярод зняволеных «людзей слова» – 11 лаўрэатаў прэміі ім. Францішка Аляхновіча за найлепшы твор, напісаны за кратамі.

Дайшла чарга да тык-токераў

У 2022 годзе пачалі масава затрымліваць блогераў, у прыватнасці – тык-токераў. У красавіку ў Бабруйску затрымалі блогера Андрэя Бяляўскага, аўтара тык-ток-каналу «У меня вопрос» – мужчыну асудзілі за абразу прэзідэнта. У лістападзе забралі адразу пяцёх адміністратараў тык-ток-каналаў. У затрыманні маладзёнаў удзельнічалі СОБР, АМАП і «Алмаз». На тык-токераў завялі крымінальныя справы за стварэнне экстрэмісцкага фармавання.

Медыяэксперт Паўлюк Быкоўскі акрэсліў гэтыя затрыманні таксама як «дайшла чарга».

«Тык-Ток» – гэта проста яшчэ адно асяроддзе, яно даволі зараз папулярнае, там вельмі зручна на смартфоне рабіць мантаж вашага відэа, і ёсць бібліятэкі музыкі і іншых забавак, якія можна дадаць у гэтае відэа. Таму шмат для каго гэта стала майстэрняй для вырабу кантэнту. А паколькі такіх людзей аказалася шмат, гэтая сетка расце, улады звярнулі ўвагу – дайшла чарга і да тык-токераў», – сказаў эксперт.

Затрыманне адвакатаў

Працягваюць сёлета ціснуць і на адвакатаў.

Напрыканцы вясны – у пачатку лета былі затрыманыя адвакаты Аляксандр Данілевіч і Віталь Брагінец. Апошні быў абаронцам адваката Андрэя Мачалава, якога пачалі судзіць у чэрвені. Брагінец так і не выйшаў на волю. Ягоным абаронцам стаў адвакат Уладзімір Ангельскі, якога ў жніўні таксама затрымалі за непадпарадкаванне міліцыі.

Марина Золотова, главный редактор TUT.BY и политзаключенная
Здымак мае ілюстрацыйны характар. 
Фота: Белсат

13 верасня затрымалі адразу трох адвакатаў – Міхаіла Макарава, Настассю Сагановіч, Вікторыю Гулькову. Яны абаранялі ў судзе палітзняволеных актывістаў анархічнага руху. Адвакатаў арыштавалі на 15 содняў, адправілі на Акрэсціна. Пасля Настассю Сагановіч адпусцілі. Макараву выставілі абвінавачанне паводле арт. 342 КК. Жонку зняволенага Вікторыю Гулькову пазбавілі ліцэнзіі і таксама арыштавалі, але потым адпусцілі.

Цягам усяго года адвакатаў пазбаўлялі ліцэнзіяў. На 1 снежня, паводле Праваабарончага цэнтру «Вясна», у Стаўбцоўскім раёне не засталося ніводнага адваката – трое адвакатаў, якія там былі, не прайшлі пераатэстацыі.

Агулам жа ў Беларусі станам на пачатак снежня 2022 года налічвалася 6 палітзняволеных адвакатаў, больш за 70 адвакатаў былі пазбаўленыя ліцэнзіі, каля 250 самі прынялі рашэнне сысці з адвакатуры пасля падзеяў 2020 года.

Святары за кратамі

Пад пераслед сёлета трапілі і святары ўсіх канфесіяў.

Так, на пачатку лістапада затрымалі грэка-каталіцкага святара з Берасця Ігара Кандрацьева. Удома ў яго правялі ператрус, а самога адправілі на содні.

Гучнаю стала справа праваслаўнага святара Уладзіслава Багамольнікава, які адбыў 7 арыштаў запар і правёў на Акрэсціна больш за 100 содняў, а ўрэшце стаў фігурантам крымінальнай справы паводле арт. 342 КК. Святара адпусцілі пад падпіску аб нявыездзе.

Сёлета праваслаўнаму святару Сяргею Разановічу – фігуранту «справы Аўтуховіча» – прысудзілі 16 гадоў зняволення.

Неаднаразова сёлета затрымлівалі каталіцкіх святароў. 17 лістапада арыштавалі віцэ-дэкана Магілёўскага дэканату айца Віталія Чабатара. Раней, у ліпені, на 15 содняў быў асуджаны ксёндз Андрэй Вашчук з Віцебску. Двойчы за год судзілі і кідалі на содні ксяндза з Лынтупаў Аляксандра Барана.

Сілавікі стварылі асобныя базы паводле прафесіяў?

Пра што можа сведчыць пераслед паводле прафесіяў, масавыя затрыманні прадстаўнікоў пэўнай прафесійнай галіны? Ці сапраўды існуе нейкая чарга, якая паступова да ўсіх даходзіць? Мы задалі гэтыя пытанні прадстаўніку BYPOL, былому сілавіку Аляксандру Азараву.

Паводле спадара Азарава, масавыя затрыманні прадстаўнікоў асобных прафесіяў могуць сведчыць пра тое, што былі створаныя адмысловыя базы.

«Пасля пратэстаў былі створаныя базы, у якіх апынуліся тысячы чалавек, аднак цягам двух гадоў сілавікі прайшліся па гэтых базах, адпрацавалі ўсе фотаздымкі, вылічылі ўсё, што было ў інтэрнэце, – кажа прадстаўнік BYSOL. – Яшчэ засталіся тыя, хто ўцёк за мяжу, аб іх таксама былі створаныя базы, і цяпер людзей з гэтых спісаў затрымоўваюць, калі яны вяртаюцца ў Беларусь. А што сілавікам рабіць далей?»

Далей, паводле Аляксандра Азарава, яны падзялілі людзей паводле прафесіяў, месцаў працы і цяпер адпрацоўваюць гэтыя спісы.

«У выніку атрымліваецца, што сёння – медыкаў, заўтра – журналістаў, паслязаўтра яшчэ некага. Усё гаворыць пра тое, што былі створаныя спісы, якія рассылаюцца для адпрацоўкі на месцы, – зазначае спадар Азараў. – Можна не сумнявацца, што ёсць планы і што можна і далей чакаць такіх прафесійных чыстак. Не можа так быць, каб сёння закранулі медыкаў, заўтра – будаўнікоў ці яшчэ каго і ўсё на гэтым. Калі ўжо гэтая хваля распачалася, то чысціць будуць усе прафесійныя суполкі, каб знайсці тых, хто ўдзельнічаў у пратэстах ці падтрымоўвае перамены, але дагэтуль не трапіў пад увагу сілавікоў».

Беларусы павінны задумвацца, што ў іх знойдуць, калі прыйдуць з ператрусам

Аляксандр Азараў раіць тым, хто застаецца ў Беларусі, добра пачысціць свае сацсеткі, тэлефоны – найлепш скінуць іх да завадскіх наладаў ці ўвогуле набыць новы тэлефон, а стары захоўваць не па месцы жыхарства. Таксама важна, каб увогуле ў доме не было ніякіх рэчаў, друкаванай прадукцыі, за якую могуць прыцягнуць да адказнасці.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. 
Фота: Агата Квяткоўская / Белсат

«Беларусы цяпер павінны задумвацца загадзя, што ў іх могуць знайсці, калі прыйдуць з ператрусам, – кажа прадстаўнік BYPOL. – Яшчэ, вядома, можна з’ехаць за мяжу. Але такую параду я даваць не магу, бо хто тады застанецца ў Беларусі? І калі даеш такую параду, то нясеш адказнасць за лёс гэтага чалавека за мяжой, дзе таксама зусім няпроста. Чалавек сам павінен прымаць рашэнне наконт ад’езду. І калі ён вырашае застацца, то павінен паклапаціцца пра сваю бяспеку і ведаць, што ў яго нічога не знойдуць пры затрыманні».

Спадар Аляксандр распавёў, што чысткі закранулі таксама і сілавікоў. Найбольш затрымоўвалі на пачатку пратэстаў, таксама кідалі ў турмы, катавалі. Потым пачаліся звальненні.

«Шмат сілавікоў з’ехалі, некаторыя з іх да нас далучыліся. Хтосьці быў звольнены, але застаўся ў Беларусі і знайшоў іншую працу, – распавёў Азараў. – А частка застаецца працаваць у органах дагэтуль, мы з імі ў кантакце. Яны чакаюць свайго моманту».

Сёлета 15 лістапада ў Менскім гарадскім судзе пачаліся адразу два працэсы над былымі следчымі, прызнанымі палітвязнямі, – Мікітам Старажэнкам і Яўгенам Юшкевічам.

Ганна Ганчар belsat.eu

Стужка навінаў