Ігар Шуневіч заклікаў дазволіць паляванне на мядзведзя, аднак навукоўцы супраць


Былы кіраўнік МУС і цяперашні кіраўнік Беларускага таварыства паляўнічых і рыбаловаў Ігар Шуневіч заявіў, што колькасць мядзведзяў у Беларусі імкліва расце і яны нібыта пачынаюць несці пагрозу для людзей. Таму ён заклікаў дазволіць паляванне на жывёлаў і ўжо прапанаваў ураду выключыць мядзведзя з Чырвонай кнігі. Аднак навукоўцы нязгодныя з ягонай пазіцыяй.

Кіраўнік Беларускага таварыства паляўнічых і рыбаловаў Ігар Шуневіч.
Фота: sb.by

«Папуляцыя мядзведзяў у нас сапраўды расце, асабліва ў Віцебскай вобласці. Ужо і ў паўночнай частцы Менскай звера шмат. Нярэдка члены БТПР бачаць самак з двума, трыма, быў выпадак, з чатырма медзведзянятамі, што з’яўляецца нонсэнсам, бо звычайна мядзведзіца прыносіць адно дзіцяня», – заявіў Ігар Шуневіч у інтэрвʼю выданню «Беларусь сегодня».

Паводле ягоных словаў, мядзведзь ідзе з Расеі, дзе паляванне на яго дазволена. «Калі бяздзейнічаць, можам атрымаць некантралюемы рост папуляцыі, давядзецца прымаць экстраныя меры», – дадае ён.

Таксама Шуневіч распавёў, што некалькі тыдняў таму, на сустрэчы Рады міністраў, прапанаваў выключыць мядзведзя з Чырвонай кнігі. Ён лічыць, што на некаторых тэрыторыях жывёлы вельмі шмат. Паводле ягоных словаў, на арандаваных таварыствам тэрыторыях колькасць мядзведзяў вырасла за 10 год са 150 да 700.

Аднак супраць дазволу палявання на мядзведзя выказваюцца навукоўцы.

«Сёння мы не можам прыняць рашэнне аб адстрэле мядзведзя з адной простай прычыны: як кажуць навукоўцы – невядома, колькі яго ў нас. Больш за тое, нават не выведзена значэнне аптымальнай колькасці для нашай тэрыторыі. Навукоўцы мяркуюць, што мядзведзя мала, мы кажам, што мядзведзя шмат, яго кантактаў з людзьмі стала больш», – кажа кіраўнік БТПР.

Па рашэнні прэм’ер-міністра створана міжведамасная група, якая будзе выпрацоўваць прапановы для ўрада, у тым ліку па мядзведзю, дадае Ігар Шуневіч. Сам ён бачыць прымальным варыянтам такі: не выводзячы мядзведзя з Чырвонай кнігі і не адчыняючы на яго паляванне, адстрэльваць некалькі асобінаў там, дзе шчыльнасць папуляцыі вельмі высокая.

Таксама Ігар Шуневіч распавёў, што ў Беларусі з’явіцца жаночая паляўнічая арганізацыя пад эгідай Беларускага таварыства паляўнічых і рыбаловаў. Паводле яго слоў, гэта будзе клуб «які абʼядноўвае не толькі жанчын, якія ўжо адбыліся як вопытныя паляўнічыя, […] але і дзяўчат і нават дзяўчынак, якія толькі збіраюцца стаць натуралістамі-прыродакарыстальнікамі». Адной з функцый арганізацыі Шуневіч называе «настаўніцтва» і перадачу вопыту.

Алена Рувіна belsat.eu

Стужка навінаў