Дарʼя Лосік не выйшла на волю і застаецца ў СІЗА Берасця


Дар’ю Лосік не выпусцілі 21 кастрычніка з-пад варты, калі мінула 72 гадзіны пасля затрымання. Яна застаецца ў СІЗА Берасця. Аб гэтым паведамляе радыё «Свабода».

Дар’я Лосік. Студзень 2021 года.
Фота: ТК / Белсат

Дар’ю Лосік, жонку палітвязня і журналіста «Свабоды» Ігара Лосіказатрымалі 18 кастрычніка. Сілавікі прыйшлі дадому да Лосікаў а 8-й раніцы, сама Дар’я з двухгадовай дачкой Паўлінай яшчэ спала. Паводле паведамленняў праўладных тэлеграм-каналаў, Дар’ю абвінавачваюць у садзейнічанні экстрэмісцкай дзейнасці ў выглядзе размовы з тэлеканалам «Белсат» вясной 2022 года.

Паводле якога артыкулу абвінавачваюць жонку палітвязня, афіцыйна не паведамляецца. Дачка цяпер застаецца ў бабулі з дзядулем, бацькоў Дар’і.

Hавiны
ЗША заклікалі рэжым неадкладна і беспярэчна вызваліць Дар’ю і Ігара Лосікаў
2022.10.20 10:46

Ігара Лосіка затрымалі 25 чэрвеня 2020 года. 14 снежня 2020-га яго засудзілі на 15 гадоў зняволення за нібыта арганізацыю масавых закалотаў і распальванне варожасці. КДБ залучыў Лосіка ў спіс асобаў, якія маюць дачыненне да тэрарыстычнай дзейнасці.

Цяпер Ігар у папраўчай калоніі № 1 у Наваполацку, куды быў этапаваны ў чэрвені, яго прызналі палітычным вязнем.

Антон Тачняк belsat.eu

Стужка навінаў