У Нагорным Карабаху заявілі аб не менш як 200 загінулых, больш за 10 тысяч чалавек эвакуяваныя


У выніку баявых дзеянняў у Нагорным Карабаху 19–20 верасня загінулі не менш за 200 чалавек. Сярод іх 10 мірных жыхароў, з якіх 5 дзяцей, заявіў омбудсман непрызнанай рэспублікі Арцах Гегам Стэпаньян.

Вынікі абстрэлу непрызнанай рэспублікі Арцах. Крыніца: jipdjian / X

Колькасць пацярпелых праз абвастрэнне канфлікту вырасла да 400 чалавек. Больш за 40 чалавек – гэта мірнае насельніцтва, у тым ліку параненыя 13 дзяцей.

Азербайджан афіцыйна пацвердзіў толькі гібель адной цывільнай асобы ў Шушы, паведамляюць «Важные истории».

Больш за 10 тысяч чалавек эвакуяваныя са сваіх родных населеных пунктаў, вымушаныя шукаць прытулак у іншых паселішчах Арцаху, дзе можа быць адносна бяспечна, паведаміў Гегам Стэпаньян.

«Сярод іх жанчыны, дзеці і пажылыя людзі, шмат хто з іх ужо некалькі разоў у сваім жыцці быў вымушаны пакінуць свае дамы праз азербайджанскую агрэсію. Адсутнасць паўнацэннага харчавання, лекаў, прадметаў гігіены – гэта нацыянальная катастрофа ў рэальным часе і грубае парушэнне ўсіх фундаментальных правоў чалавека», – напісаў Стэпаньян.

Таксама ён паведаміў, што ёсць тысячы людзей, якія да гэтага часу не могуць знайсці сваіх сваякоў і чальцоў сям’і.

У рэгіёне ўскладненая праца жыццёва важнай інфраструктуры, усё насельніцтва пазбаўленае доступу да электрычнасці, інтэрнэту і мабільнай сувязі ўжо цягам 35 гадзінаў. Людзі не могуць гатаваць, абагравацца ці заладоўваць свае гаджэты, застаючыся пры гэтым у халодных сутарэннях дзеля бяспекі, дадае омбудсман непрызнанай рэспублікі Арцах.

Мясцовыя жыхары хаваюцца ад абстрэлаў у непрызнанай рэспубліцы Арцах. Крыніца: ArtsakhOmbuds / X

Нагадаем, 19 верасня Азербайджан пачаў «антытэрарыстычныя мерапрыемствы» ў Нагорным Карабаху, абвінаваціўшы Арменію ў размяшчэнні вайсковай тэхнікі і салдатаў на тэрыторыі спрэчнага рэгіёну. Аднак раней прэм’ер-міністр Арменіі Нікол Пашыньян прызнаў суверэнітэт Азербайджану над рэгіёнам. На наступны дзень канфлікт быў урэгуляваны: бакі дамовіліся аб спыненні агню. Згодна з пагадненнем, армянскія фармаванні, якія былі на тэрыторыі Нагорнага Карабаху, складаюць зброю і пакідаюць свае баявыя пазіцыі. Усе незаконныя фармаванні павінны быць расфармаваныя.

Агляд
Нагорны Карабах капітуляваў?
2023.09.20 17:38

Алена Рувіна belsat.eu

Стужка навінаў