У Іране прыняты закон, паводле якога жанчынам за непакрытую галаву пагражае 10 гадоў турмы


Парламент Ірану ўхваліў спрэчны законапраект «Аб хіджабе і цнатлівасці», скіраваны на ўзмацненне ціску на жанчын, якія публічна ігнаруюць абавязковы дрэс-код. Пра гэта паведамляе «Iran International Newsroom».

Жанчына без хіджаба. Крыніца: iranintl.com

За непакрытую галаву жанчынам можа пагражаць да дзесяці гадоў пазбаўлення волі, а штраф павялічваецца ў тысячы разоў – да 360 мільёнаў іранскіх рыялаў (7800 еўраў). Таксама пакаранне будзе прадугледжваць каменданцкая гадзіна, уводзіцца забарона на распрацоўванне і рэкламу адзення або малюнкаў, што «прапагандуюць галізну, непрыстойнасць і адсутнасць чадры». Пакараць могуць нават за крытыку і кпіны з правілаў абавязковага нашэння хіджаба, незалежна ад таго, адбылося гэта онлайн ці офлайн.

Законапраект «Аб хіджабе і цнатлівасці» прыняла Ісламская кансультацыйная рада. Падчас сесіі 152 чальцы парламенту прагаласавалі за яго ўвядзенне, 34 – супраць, а 7 устрымаліся. Новы законапраект мае дзейнічаць тры гады, але калі ўлады Ірану палічаць яго эфектыўным, ён можа застацца бестэрмінова.

ААН папярэджвае, што гэты законапраект паспрыяе яшчэ большаму гвалту і пераследу жанчын і дзяўчатак Ірану.

Цяпер у краіне за адсутнасць хіджаба (мусульманскага адзення, якое абавязаныя насіць усе іранскія жанчыны) пагражае штраф. Акрамя таго, такіх жанчын могуць затрымаць, учыніць катаванні, гвалт ці іншыя пакаранні. Таксама ўлады краіны пачалі ставіць у грамадскіх месцах відэакамеры для ідэнтыфікацыі жанчын без хіджаба.

Hавiны
У Іране жанчын без хіджаба пачалі шукаць з дапамогаю камераў назірання
2023.04.09 13:13

Законапраект быў прапанаваны праз некалькі месяцаў агульнанацыянальных пратэстаў пасля смерці 22-гадовай Магсы Аміні, затрыманай за «непрыстойнае» нашэнне хіджаба. Яна памерла ў паліцэйскім пастарунку ў мінулым годзе.

Пасля гэтага, паводле некаторых ацэнак, больш чым 20 % жанчын у Іране выходзяць на вуліцы без хіджаба, у джынсах ці ў адзенні падобнага кшталту.

У Іране жанчыны абавязаныя пакрываць галаву і шыю з 1979 года, пасля Ісламскай рэвалюцыі, з якой улада стала належаць духоўным лідарам – аятолам, якія акрамя пытанняў веры вызначаюць таксама агульную палітыку краіны, кіруюць войскам, прызначаюць суддзяў. З 1989 года пасаду найвышэйшага кіраўніка займае Алі Хамэнэі, якому днямі будзе 84 гады.

Пасля ягонага прыходу да ўлады больш за 100 тыс. жанчын выйшлі на вуліцы Тэгерану з пратэстам супраць шэрагу забаронаў, што абмежавалі іх у правах. Масавыя выступленні працягваліся некалькі дзён, у адзін з якіх 15 тыс. асобаў захапілі Палац правасуддзя і ўчынілі там трохгадзінны сядзячы страйк.

У адказ урад скасаваў некаторыя абмежаванні і паабяцаў, што нашэнне хіджаба не будзе абавязковым. Пратэсты спыніліся. Але неўзабаве быў прыняты закон аб цялесных пакараннях для жанчын, якія паказаліся на публіцы ў «непрыстойным» выглядзе. Вярнуліся і іншыя забароны, датычныя самых розных сфераў, ад адукацыі і карʼеры – да сямейнага жыцця і вольнага часу. Да 1990-х жанчыны ў Іране канчаткова ператварыліся ў маргінальную групу са строгім рэлігійным «дрэс-кодам».

Так выглядалі іранскія жанчыны да Ісламскай рэвалюцыі 1979 года:

Як выглядалі іранскія жанчыны да Ісламскай рэвалюцыі 1979 года. Крыніца: anews.az
Як выглядалі іранскія жанчыны да Ісламскай рэвалюцыі 1979 года. Крыніца: anews.az
Як выглядалі іранскія жанчыны да Ісламскай рэвалюцыі 1979 года. Крыніца: anews.az
Разбор
Душаць пратэсты і пастаўляюць дроны Расеі. Што адбываецца ў Іране, і што з гэтым можна зрабіць
2022.10.24 16:03

Алена Рувіна belsat.eu

Стужка навінаў