Кіраўнік МЗС Беларусі Сяргей Алейнік паціснуў руку дарадцы Ціханоўскай


Міністр замежных справаў Сяргей Алейнік, які ўзначальвае афіцыйную беларускую дэлегацыю ў Генасамблеі ААН, павітаў дарадцу Святланы Ціханоўскай Франка Вячорку і паціснуў яму руку. Пра гэта расказаў сам Вячорка ў эфіры «Еўрарадыё».

Сяргей Алейнік.
Фота: BelarusMID / X

Франак Вячорка расказаў, што сустрэча з Алейнікам адбылася ў штаб-кватэры ААН у Нью-Ёрку, дзе праходзіць сесія Генеральнай асамблеі ААН. Паводле дарадцы Ціханоўскай, сустрэча была «дзіўная і нечаканая». Міністра пры гэтым суправаджалі прэс-сакратар МЗС Анатоль Глаз і іншыя чыноўнікі.

«Выходзіў Алейнік, я стаяў у калідоры. Ён сам падыходзіць да мяне, глядзіць на мяне, паціскае руку, кажа: «Добры дзень». Ён, канешне, паставіў мяне ў ступар, таму што летась дэлегацыя Макея ўцякала ад нас», – распавёў Вячорка.

Аднак размовы не адбылося – яны толькі прывіталіся і сышлі.

«Яны прызнаюць нас як апанентаў, гэта відавочна. І нашая задача – проста іх перамагчы», – дадаў Вячорка.

Дарадца Святланы Ціханоўскай заявіў, што беларускія дэмакратычныя сілы гатовыя да дыялогу з прадстаўнікамі ўладаў Беларусі і нават маюць спіс пытанняў і патрабаванняў да іх. У першую чаргу гэта вызваленне палітвязняў і іхная рэабілітацыя.

Нагадаем: летась на сесіі Генасамблеі ААН Святлана Ціханоўская сустрэла былога кіраўніка МЗС, цяпер нябожчыка Уладзіміра Макея. Аднак ён не пажадаў размаўляць і пазбягаў сустрэчы з прадстаўнікамі дэмсілаў.

Hавiны
«Як краіну ратаваць будзем?» Ціханоўская распавяла, што хацела спытаць у Макея ў Нью-Ёрку
2022.09.28 20:18

Сам жа Алейнік на паседжанні Рады Бяспекі ААН у справе Украіны назваў вайну «канфліктам» і заявіў, што абвінавачванне Беларусі ў дапамозе агрэсіі ў вайне Расеі супраць Украіны – гэта «абсурд». Ён нагадаў, што на тэрыторыі Беларусі прайшлі тры раўнды перамоваў паміж украінскім і расейскім бакамі, а таксама тое, што Беларусь прымае ўкраінскіх уцекачоў.

«Як вы думаеце, адчуваючы ад нас агрэсію, гэтыя людзі прыбывалі б добраахвотна ў Беларусь? Адказ відавочны і лагічны. Нагадаю, што нашая краіна нясе гэтую нагрузку самастойна. Замест спрыяння мы атрымліваем толькі незаконныя санкцыі з Захаду», – сказаў кіраўнік МЗС Беларусі.

Ён таксама паведаміў, што Менск афіцыйна запрасіў генеральнага сакратара ААН наведаць Беларусь з візітам асабіста або накіраваць сваіх прадстаўнікоў для вывучэння сітуацыі на месцы.

Агляд
«Будуем нашую кааліцыю». Святлана Ціханоўская паставіла Беларусь на парадак дня ў Генасамблеі ААН
2023.09.20 21:46

Алена Рувіна belsat.eu

Стужка навінаў