Футбольная зборная Беларусі вылецела з першай сотні сусветнага рэйтынгу


Больш за дзевяць гадоў мужчынская футбольная зборная Беларусі заставалася ў першай сотні сусветнага рэйтынгу. 21 верасня ФІФА апублікаваў новы рэйтынг нацыянальных камандаў, дзе Беларусь – на 105-м месцы. Разбіраемся, чаму футбалісты РБ страцілі свае пазіцыі ў сусветным футболе.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Каманда Ўэльса забіла першы гол на матчы групы Е чэмпіянату свету па футболе FIFA 2022 паміж і Ўэльсам і Беларуссю. Ўэльс, Вялікая Брытанія. 13 лістапада 2021 года.
Фота: Darren Staples / Sportimage / East News

Што такое рэйтынг ФІФА?

Рэйтынг нацыянальных зборных Беларусі вядзецца з 1993 года, некалькі разоў прынцыпы налічэння пунктаў сур’ёзна мяняліся. Рэйтынг дае магчымасць вызначыць сённяшнюю сілу каманды і адсачыць дынаміку росту. ФІФА абнаўляе яго некалькі разоў на год, звычайна гэта адбываецца пасля матчаў нацыянальных камандаў. З 2016 года рэйтынг нацыянальнай зборнай Беларусі ўвесь час падае – тады яна была 57-й, а за шэсць гадоў здала 48 пазіцыяў. Найлепшы вынік у беларускага футболу – 36-ы – быў у лютым 2011 года, тады зборную трэнаваў нямецкі спецыяліст Бэрнд Штанге, а сама яна лёгка перамагала каманды ўзроўню Казахстану і Андоры, а нічыя з Украінай лічылася няўдалым вынікам.

Часам Беларусь перамагала нават топаў. Так, у 2010 годзе ў Парыжы была абгуляная зборная Францыі (1:0). Найгоршы вынік, 146-е месца, у Беларусі быў у 1993 годзе. Тады незалежная краіна толькі пачынала свой шлях. Цяпер жа Беларусь – 105-ая, паміж Новай Зеландыяй і Гвінеяй-Бісаў. Апошні раз так нізка Беларусь падала 9 гадоў таму, калі ў кастрычніку 2014 года апынулася на 106-м месцы. Праўда, год тады беларуская зборнай скончыла на 99-м месцы.

Як беларусы апынуліся так нізка?

У апошніх адборах на топ-турніры Беларусь здолела атрымаць толькі тры перамогі. У васьмі паядынках адбору ў фінальную частку чэмпіянату свету беларусы выгулялі адную гульню, атрымалі паразы ў сямі і занялі апошняе месца ў сваёй групе. Тое ж адбылося і падчас адбору на апошні чэмпіянат Еўропы. Тады беларусы набралі не тры пункты, а чатыры, але таксама былі апошнія.

Цікава, што ўсе сем пунктаў у двух апошніх адборах Беларусі прынесла зборная Эстоніі, якая ўсё ж у выніку апынулася вышэй у турнірнай табліцы. Таксама беларуская зборная вылецела з трэцяга дывізіёну Лігі нацыяў, без аніводнае перамогі.

Цяпер жа Беларусі выступае ў адборачным турніры чэмпіянату Еўропы – 2024, фінальны турнір якога мае быць улетку наступнага года ў Нямеччыне. Яго Беларусь пачала з трох паразаў ад Швейцарыі, Румыніі і Ізраілю з агульным лікам 2:9.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Абаронца зборнай Уэльса Нэка Ўільямз (злева) змагаецца з абаронцам зборнай Беларусі Мікалаем Золатавым (справа) падчас футбольнага матчу групы Е чэмпіянату свету па футболе FIFA 2022 паміж Ўэльсам і Беларуссю. Ўэльс, Вялікая Брытанія. 13 лістапада 2021 года.
Фота: Geoff Caddick / AFP / East News

Затым упершыню за два гады зборная Беларусі выгуляла, гэта была сенсацыйная перамога зборнай Косава (2:1) у чэрвені. Той матч стаў апошнім для галоўнага трэнера каманды Георгія Кандрацьева, якога ў жніўні 2023 года змяніў іспанскі спецыяліст Карлас Алёс Фэрэр. Іспанец не валодае асаблівымі поспехамі, з трафеяў мае толькі кубак Казахстану. Затое ў яго кепскі імідж пасля працы ў дыктатарскай Руандзе. Цяпер жа ён прыехаў у Беларусь, якой таксама далёка да дэмакратыі. Дэбют іспанца за стырном зборнай Беларусі ў верасні 2023 года наўрад ці можна назваць удалым: 0:0 у карлікавай Андоры пры жахлівай гульні і параза ў Ізраілі, 0:1. Тады зборная Беларусі прапусціла адзіны мяч на апошняй хвіліне гульні. Уласна два апошнія вынікі без перамог і забітых галоў і сталі апошняй кропляй, што зрынула Беларусь у другую сотню сусветнага футболу.

Чаму ж так адбываецца?

Футбол – адлюстраванне жыцця. Калі развіваецца краіна, то ў ёй наперад ідзе і спорт, што, відавочна, нельга сказаць пра Беларусь пасля 2020 года.

Дэградацыя ў футболе РБ была заўважная цягам апошніх шасці-сямі гадоў, але рэпрэсіі ў Беларусі сур’ёзна паўплывалі на развіццё футболу ў краіне. Пасля пачатку вайны ва Украіне футбол Беларусі ў адрозненні ад Расейскага трапіў толькі пад частковыя санкцыі. Беларусь можа ўдзельнічаць у міжнародных мачтах, але хатнія гульні мусіць праводзіць без гледачоў і на нейтральных палях. Апошні год яна гуляе ў Вугоршчыне. Акрамя гэтага, Беларусь не можа разлічваць на некаторых лідарных гульцоў, якія апынуліся ў чорным спісе. Былі і тыя, хто адмовіўся гуляць за Беларусь, пакуль ёю будзе кіраваць Лукашэнка. Напрыклад, адзін з найлепшых форвардаў чэмпіянату Польшчы, Ілля Шкурын.

Hавiны
Беларускі футбаліст, які выступіў супраць Лукашэнкі, забіў гол у першай гульні ў чэмпіянаце Польшчы
2023.07.22 19:58

«Можна такое чуць, што спорт па-за палітыкай, але гэта смешна. Менавіта палітыка непасрэдна ўплывае на беларускі футбол і разбурае яго знутры. Калі міністр спорту ці сілавікі ўказваюць, што і як рабіць, адкрыта ўплываюць на размеркаванне медалёў у чэмпіянаце, пра што тады можна казаць? У беларускім футболе грошай усё меней, не едуць добрыя легіянеры, а ўзровень падае ўсё ніжэй. Так што, думаю, 105-е месца – гэта не самае дно, куды ўпадзе футбольная зборная Беларусі, будзе яшчэ горш», – сказаў «Белсату» спартовы журналіст з Беларусі.

Але ёсць людзі, якія мяркуюць, што на міжнароднай арэне сённяшняй Беларусі ўвогуле рабіць няма чаго.

«Футбол РБ сёння – гэта злачынства ў спорце. АБФФ – гэта не спартовая інстытуцыйная грамадская арганізацыя, а рэпрэсіўная машына, падпарадкаваная вертыкалі таталітарнага рэжыму, што выконвае ідэалагічныя чысткі для лаяльнасці Лукашэнкі. Футбол РБ за межамі Беларусі – гэта прапаганда праз спорт, гэта спроба інфармацыйнай нармалізацыі рэпрэсіяў і вайны, ні пра якую легітымнасць гаворкі ўжо няма.

І таксама гэта – грошы: грошы ў кішэні, грошы ад УЕФА, на якія яны спансуюць усе гэтыя злачынствы», – сказаў у каментары «Белсату» намеснік Паўла Латушкі ў Аб’яднаным пераходным кабінеце, былы генеральны дырэктар БАТЭ Міхаіл Залеўскі.

Наступныя гульні Беларусь правядзе 12 і 15 кастрычніка супраць Румыніі і Швейцарыі.

Аналітыка
Да восені ніхто не дажыў. Разбіраемся, як выступілі беларускія футбольныя клубы ў Еўропе
2023.09.03 16:12

Алесь Ляўчук belsat.eu. 

Стужка навінаў