Былы артыст беларускага харэаграфічнага ансамбля «Харошкі» Дзмітрый Кукс быў затрыманы адразу пасля выхаду з 15-соднявага арышту, паведамляе праваабарончы цэнтр «Вясна».
Мужчыну пасадзілі ў цёмна-сіні мікрааўтобус і звезлі ў невядомым накірунку.
Дзмітрыя затрымалі перад гадавінай ад пачатку пратэстаў – 6 жніўня. У Фрунзенскім РУУСе на мужчыну склалі пратакол па арт. 24.3 КаАП «за адмову адчыніць дзверы ў жылое памяшканне для правядзення ператрусу».
Тады Дзмітрый сцвярджаў, што яго затрымалі на вуліцы каля метро «Спартыўная», заламалі рукі, надзелі адразу кайданкі, а ўжо потым адвезлі для ператрусу. Там, па словах мужчыны, яны самастойна яго ключамі адчынілі дзверы, пакуль сам Кукс быў у кайданках.
У выніку суддзя Чыж пакарала артыста 15-соднявым арыштам.
З якой нагоды цяпер затрымалі Дзмітрыя – не вядома.
АД, belsat.eu