У справе «Саюзу беларускага нацыянальнага шчыта» вынеслі прысуды: ад 3 да 3,5 гадоў калоніі


У Менскім судзе 7 ліпеня вынеслі прысуд у справе «Саюзу беларускага нацыянальнага шчыта», паведамляюць праваабаронцы. Абвінавачанымі ў справе праходзілі чацвёра маладых людзей, адзін з якіх – няпоўнагадовы. Працэс адбываўся ў закрытым рэжыме.

Абвінавачаныя ў справе «Саюзу беларускага нацыянальнага шчыта». Крыніца: svodka_centr / Telegram

Так, 17-гадовага Алега Дабрыднева з Касцюковічаў, 19-гадовага Кірыла Балахонава з Буда-Кашалёва, 27-гадовага Аляксандра Рукойця са Смаргоні і 19-гадовага Уладзіслава Яфімовіча асудзілі на тэрміны ад трох да трох з паловай гадоў калоніі. Працэс вяла суддзя Алена Бачышча.

Іх абвінавацілі ў стварэнні «экстрэмісцкага фармавання» – двух тэлеграм-каналаў і чатырох TikTok-акаўнтаў, а таксама ў «распальванні іншай сацыяльнай варожасці». Іх тэлефоны канфіскавалі, як «сродкі здзяйснення злачынстваў».

Паводле версіі абвінавачвання, хлопцы летам 2022 года «ўступілі ў дэструктыўную тэлеграм-групу, якая ў лістападзе 2022 года была прызнаная экстрэмісцкім фармаваннем, а яе інфармацыйная прадукцыя – экстрэмісцкімі матэрыяламі». Пазней, 1 лістапада 2022 года, «экстрэмісцкім фармаваннем» быў прызнаныя тэлеграм-каналы і TikTok «Саюзу беларускага нацыянальнага шчыта».

Сцвярджаецца, што матэрыялы гэтых групаў дыскрэдытавалі органы дзяржаўнай улады і кіравання.

Паводле версіі абвінавачвання, Дабрыднеў і Балахонаў былі адміністратарамі тэлеграм-групы, а Яфімовіч і Рукойць «нароўні з адміністратарамі» размяшчалі і захоўвалі ў вольным доступе інструкцыі па здзяйсненні дзеянняў, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь: «відэафайл і інфармацыю аб перамяшчэнні ваеннай тэхнікі на тэрыторыі Беларусі, аўдыёзапіс, змест якой накіраваны на распальванне варожасці і варожасці па прыкмеце нацыянальнай прыналежнасці».

Нагадаем, напачатку лістапада 2022 года МУС адсправаздачыўся аб затрыманні пяцярых удзельнікаў закрытага чату «Саюз беларускага нацыянальнага шчыта», які МУС прызнала экстрэмісцкім фармаваннем тыднем раней. З імі запісалі «пакаяннае» відэа, дзе твар аднаго з затрыманых быў закрыты. У ведамстве распавялі, што супраць іх распачалі крымінальную справу па артыкуле аб стварэнні экстрэмісцкага фармавання.

Праз тыдзень паведамлялася аб затрыманні яшчэ аднаго – шостага – адміністратара чату. Аднак прысуд у справе вынеслі толькі чатыром з іх, якіх паказвалі на «пакаянным» відэа ў першы раз.

Затрыманы ў справе, якога не асудзілі. Крыніца: svodka_centr / Telegram

Алена Рувіна belsat.eu

Стужка навінаў