«Шахматы выхоўваюць магчымасць акрэслена і асэнсавана адрозніваць белае ад чорнага»


20 ліпеня – Міжнародны дзень шахматаў. Хутка будзе шэсць дзесяцігоддзяў, як яго адзначаюць. Свята абвесцілі ў дзень народзінаў самой самой FIDE (Fédération Internationale des Échecs), але толькі праз 42 гады пасля стварэння Міжнароднай федэрацыі шахматаў (1924). Гэтак, насталі і 99-ыя ўгодкі самой галоўнай шахматнай структуры свету. Цікава, што на сёння яе чальцамі ёсць 199 нацыянальных федэрацыяў.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Freepik

Гэтая гульня – самая старажытная, а таму – доўгажыхар, бо актыўна развіваецца і сёння. Мяркуюць, што яна зарадзілася ажно паўтары тысячы гадоў таму, але правілы, паводле якіх гуляюць цяпер, склаліся бліжэй да XV стагоддзя. І сёння актыўных шахматыстаў больш за 600 мільёнаў чалавек па ўсім свеце.

Галасаваў не супраць Лукашэнкі, а супраць таго, што законы не павінныя парушацца

Пралічваць на некалькі крокаў наперад – фірмовая шахматная індывідуальнасць, якая даўно перарасла ў філасофію жыцця. Той, хто ўмее гэта выкарыстоўваць у паўсядзённасці, заўсёды выглядае выйгрышна.

У прыватнасці, беларускія шахматы могуць ганарыцца тым, што першым айчынным спартоўцам, які прадугледзеў усю ганебнасць першай асобы на пасадзе прэзідэнта Беларусі, ягоную прагу камандаваць усім і заўсёды, быў менавіта шахматыст. Усе памятаюць, як 15 траўня 1997 года Віктар Купрэйчык стаўся адзіным са 107 чальцоў Нацыянальнага алімпійскага камітэту Беларусі, які прагаласаваў супраць прызначэння Лукашэнкі прэзідэнтам гэтай арганізацыі. Хаця пазней і падкрэсліваў, што галасаваў не супраць Лукашэнкі канкрэтна, а супраць таго, што законы парушаюцца.

Першы беларускі міжнародны гросмайстар патлумачыў сваю пазіцыю: «У Алімпійскай хартыі сказана, што гэтую пасаду не могуць займаць людзі на афіцыйных дзяржаўных пасадах». А ўвесь спектр ягоных разважанняў прыводзіць газета «Коммерсантъ» у нумары за 17 траўня 1997 года. Гэтая гісторыя трапіла і ў кнігу вядомага савецкага ды расейскага пісьменніка, але найперш спартовага журналіста Барыса Базунова. Чалец Алімпійскага камітэту СССР і прэзідыуму Федэрацыі лёгкай атлетыкі СССР, выпускнік факультэту журналістыкі Маскоўскага дзяржаўнага ўніверсітэту, ён стаўся аўтарам 15 кніг пра спорт, а ў якасці спецыяльнага карэспандэнта Барыс Базуноў асвятляў падзеі васьмі Алімпійскіх гульняў: з 1964 да 2000 года. Пытанне пра Курэйчыка, узятае як гістарычны факт з ягонай кнігі «Сенсацыі і скандалы спартовага веку», трапіла ў базу папулярнай інтэлектуальнай гульні «Што? Дзе? Калі?». Там, дарэчы, тлумачыцца і палітычнае адценне той падзеі:

«Улічваючы спецыфіку ўлады ў Рэспубліцы Беларусь, галасаванне «супраць» ці «ўстрымаўся» не мае істотнага значэння. Але Купрэйчык пастанавіў геройнічаць да канца: ён прагаласаваў «супраць»!»

Беларускі шахматыст Віктар Купрэйчык.
Фота: chess-boom.online

Гісторыя Беларусі не ведае шахматыстаў узроўню Купрэйчыка

Праз шмат гадоў Анастасія Сарокіна, пляменніца легендарнага беларускага гросмайстра Віктара Купрэйчыка, якая ў 2017-м на чатыры гады ўзначаліла Беларускую федэрацыю шахматаў, пісала: «Такіх людзей, як дзядзька Віця, не пабаюся гэтага слова, адзінкі… Ён быў вельмі сціплым і ў той жа час вельмі пазітыўным, найдабрэйшай душы чалавекам. Гуляючы за клубы з Нямеччыны, мог бы паехаць туды і трэнаваць. Я ўпэўненая, што паступалі такія прапановы. Але застаўся ў Беларусі». Анастасія Сарокіна ў суаўтарстве з расейскім шахматыстам, трэнерам і журналістам Уладзімірам Барскім напісала кнігу «Іду на вы» пра жыццё і творчасць першага міжнароднага гросмайстра Беларусі Віктара Купрэйчыка. «Іду на вы» – значыць, іду змагацца. А яшчэ Купрэйчык пра асобныя ўдалыя факты свайго жыцця любіў казаць: «Гэта была добрая партыя!» Магчыма, гэтаксама выказаўся і пасля таго гістарычнага галасавання.

Гісторыя Беларусі не ведае шахматыстаў узроўню Купрэйчыка да яго. Ясна, бо ён першы міжнародны гросмайстар Беларусі. Пасля ў шахматным бамондзе яскрава засвяцілася зорка іншага нарадзінца Менску – Барыса Гельфанда. Пасля таго, як ён дамогся найвышэйшых дасягненняў пад беларускім грамадзянствам, Барыс эміграваў у Ізраіль 25 гадоў таму, але ягоныя вышыні перакрыць нікому пакуль не ўдалося. Выступаў ён за тры зборныя: СССР, Беларусі ды Ізраілю (да цяперашняга часу). Выгуляў Кубак свету. Быў удзельнікам дзевяці Шахматных алімпіядаў і рэгулярна гуляў у турнірах за Сусветную шахматную карону. І ў 2012-м мог бы яе заваяваць, каб адолеў індыйца Вішўанатана Ананду.

Шахматы здаўна прыжыліся на тэрыторыі нашай краіны

Шахматы на Беларусі, натуральна, жылі і да дасягненняў нашых суайчыннікаў-прафесіяналаў. Пра гэта згадваецца  ў энцыклапедычным беларускамоўным артыкуле на старонцы клубу «Шахматны дом». Там ёсць шмат цікавага і пра іншых беларускіх шахматыстаў, ёсць скіраванне да шахматнай літаратуры. Але найперш падкрэсліваецца, што шахматы здаўна прыжыліся на тэрыторыі нашай краіны:

«З’явіліся яны разам з тым часам, як прыйшлі ў Еўропу. Першапачаткова гэта была элітарная гульня – для князёў, магнатаў, шляхты. Напрыклад, у Горадні падчас раскопак Старога замку знаходзілі нават не адну – тры ці чатыры шахматныя фігуркі, і склаўся ледзь не ўвесь шахматны камплект… З часам іх папулярнасць пашырылася і на іншыя слаі насельніцтва, але гэта адбылося ўжо бліжэй да ХІХ стагоддзя. Шахматы былі папулярныя сярод класікаў беларускай літаратуры. Захаваліся фотаздымкі, як у іх гулялі дзеячы беларускай інтэлігенцыі і пісьменніцтва: Янка Купала, Максім Танк. З гэтага захаваліся шматлікія фотаздымкі. Калі ўдома ў Янкі Купалы (цяпер у Купалаўскім парку) збіраліся ягоныя сябры, таксама беларускія пісьменнікі, яны там часта гулялі ў шахматы, і гэта зафіксавана. Сын Якуба Коласа распавядаў, што калі ягоны бацька збіраўся з сябрамі, яны часам сядзелі за шахматнай дошкай і так бавілі час».

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Piotr Molecki / East News

Сёння Беларусь мае элітны від спорту, які не скарыўся загадам Міністэрства спорту. Тым больш, FIDE стала адною з першых міжнародных спартовых арганізацыяў пасля расейскага ўварвання з вайною ва Украіну, якая забараніла ўдзел у спаборніцтвах пад сваёй эгідаю грамадзянам Беларусі і Расеі, дазволіўшы ім гуляць толькі індывідуальна ці ў нейтральным статусе альбо пад сцягам FIDE. І непахісна, у адрозненне ад шмат каго, трымае сваю акрэсленую пазіцыю да сёння.

Сёння афіцыйна мы маем двух маладых беларусаў, якія праз дзеянні ўладаў пакінулі краіну. Спачатку, яшчэ да выбараў 2020 года, гэта зрабіў Валерый Казакоўскі, які цяпер выступае за Літву, а пазней і Уладзіслаў Кавалёў, які жыве ў Батумі, але намагаецца часцей за Валерыя гуляць у спаборніцтвах. На сайце Беларускай федэрацыі шахматаў прэзентаваныя ўсе дзейныя на сёння яе чальцы, вельмі таленавітыя хлопцы і дзяўчаты, якія праз санкцыі пакуль нікому не вядомыя. Але абавязкова раскрыюць сябе. Новы віток поспехаў будзе чакаць і расейскіх шахматыстаў, якія не падтрымалі вайны і вельмі масава пастанавілі аддаліцца ад сваёй Радзімы як ад краіны-агрэсара. Паводле «The Moskow Times», «прынамсі 204 расейскія атлеты змянілі сваё спартовае грамадзянства пасля 24 лютага 2022 года, каб працягваць выступаць у міжнародных спаборніцтвах і пазбегчы забаронаў у звязку з уварваннем Расеі ва Украіну. І абсалютная большасць з іх, 141 асоба, – шахматысты». У ліку нязгодных і знакамітая гросмайстарка Аляксандра Касцянюк, якая ў сакавіку мінулага года падпісала адкрыты ліст да прэзідэнта краіны Уладзіміра Пуціна з патрабаваннем спыніць вайну ва Украіне. Цяпер Аляксандра будзе выступаць за Швейцарыю.

Шахматы, як і ўсе іншыя віды спорту, маюць свае пабочныя эфекты. Паводле міжнароднага майстра і чальца Алімпійскай зборнай Узбекістану Мікіты Харошава, «сярод негатыўнага ўплыву можна вылучыць пагаршэнне зроку (ад неабходнасці трэнавацца за камп’ютарам), высокія псіхалагічныя і фізічныя нагрузкі, малая рухомасць. І каб не ўзнікла знясілення арганізму ці апатыі ад трэнаванняў альбо спаборніцтваў, шахматысту практычна любога ўзроўню неабходна надаваць сабе фізічныя нагрузкі».

Але шахматы маюць значна больш плюсаў, яны вельмі прыдатныя да жыцця, надзвычай практычныя для нараджэння сапраўднай асобы. У перавазе – развіццё памяці, уяўлення, уседлівасці, вынослівасці, канцэнтрацыі ўвагі, а таксама выпрацоўванне хуткай, лагічнай ацэнкі сітуацыі ў рэальным жыцці. І апошняе, самае важнае: шахматы выхоўваюць магчымасць акрэслена і асэнсавана адрозніваць белае ад чорнага. Гэта вельмі годная якасць. Асабліва ў наш надта неспакойны і неадназначны час.

Аляксандр Пуціла belsat.eu

Стужка навінаў