Рамана Пратасевіча хочуць пакараць 10 гадамі зняволення


У Менскім абласным судзе 21 красавіка бок абвінавачання агучыў тэрміны, запытаныя для абвінавачаных у «справе «NEXTA». З трох фігурантаў справы ў залі суда быў толькі адзін – Раман Пратасевіч.

Раман Пратасевіч, Сцяпан Пуціла і Ян Рудзік. Калаж з фота: prisoners.spring96.org

Пракурорка запатрабавала даць былому галоўнаму рэдактару тэлеграм-каналу «NEXTA» Раману Пратасевічу 10 гадоў пазбаўлення волі, а заснавальніку каналу Сцяпану Пуцілу – 20 гадоў пазбаўлення волі, перадае «Sputnik Беларусь». Яшчэ аднаму фігуранту гэтай справы, Яну Рудзіку, запыталі 19 гадоў пазбаўлення волі. Пуцілу і Рудзіка судзяць завочна, бо яны цяпер па-за межамі Беларусі.

Акрамя гэтага, абвінавачанне таксама прапанавала заключыць Пратасевіча пад варту пасля вынясення прысуду – цяпер ён пад хатнім арыштам.

Сцяпан Пуціла ўжо запісаў відэазварот, у якім выказаўся наконт тэрміну, які запрасіла для яго дзяржабвінавачванне:

Нагадаем, суд у «справе «NEXTA» пачаўся 16 лютага. Спачатку Рамана Пратасевіча вінавацілі паводле 11 артыкулаў, у тым ліку ў распальванні варожасці, арганізацыі масавых беспарадкаў, закліках да захопу ўлады, знявазе Лукашэнкі, стварэнні экстрэмісцкага фармавання і кіраванні ім. Пратасевіч цалкам прызнаў віну паводле гэтых абвінавачанняў.

13 красавіка яму выставілі больш цяжкае абвінавачанне – кіраўніцтва экстрэмісцкім фармаваннем у сувязі з працаю на канал «Беларусь головного мозга», якое ён пазней часткова прызнаў.

У часе сведчання 19 красавіка Раман Пратасевіч заявіў, што фармальна кіраваў каналам 2–3 месяцы і не выкладваў інфармацыі пра супрацоўнікаў праваахоўных органаў і іхных дзяцей. Ён адзначыў, што не прызнае абвінавачання ў кіраванні «экстрэмісцкімі фармаваннямі», бо каналы «Беларусь головного мозга» і «NEXTA» былі прызнаныя такімі пасля таго, як ён іх пакінуў.

Рамана Пратасевіча і грамадзянку Расеі Софʼю Сапегу затрымалі 23 траўня 2021 года ў менскім аэрапорце пасля таго, як улады Беларусі прымусова пасадзілі самалёт авіякампаніі «Ryanair», які ляцеў у Вільню. Софʼю Сапегу прысудзілі да шасці гадоў і плануюць экстрадаваць у Расею.

Алена Рувіна belsat.eu

Стужка навінаў