Ва Украіне звольнілі двух беларускіх футбольных трэнераў. Разбіраемся, чаму


Нягледзячы на вайну, ва Украіне гуляюць у футбол. У нацыянальным чэмпіянаце прайшло ўжо 18 тураў, а за невыкананне пастаўленых задачаў трэнераў звальняюць. Беларусы Леанід Кучук і Алег Дулуб страцілі працу ва ўкраінскіх клубах. Першы трэнаваў львоўскі «Рух», другі – «Львоў». Прычынай звальнення стаў няўдалы выступ камандаў.

Працаваў у міліцэйскім менскім «Дынама», але асудзіў вайну

Леанід Кучук узначаліў «Рух» яшчэ да вайны – у жніўні 2021 года. Фактычна гэта было вяртанне, бо ён працаваў там да 2020 года, а пасля год працаваў ў менскім «Дынама». Да гэтага 63-гадовы трэнер працаваў у Малдове, Расеі ды ў той жа Украіне, дзе дабіваўся поспехаў – выйграваў чэмпіянат Малдовы, Кубак Садружнасці ды медалі ў Малдове і Расеі, быў трэнерам года ў Малдове, Украіне і Беларусі. Пра палітыку Кучук не выказваўся, хаця, як кажуць ягоныя калегі, у 2014 годзе прыязджаў на Майдан, каб праверыць, ці хлусіць расейская прапаганда.

Леанід Кучук.
Фота: Peter Kovalev / TASS / Forum

Усё рэзка змяніла расейская агрэсія: Кучук беззваротна стаў на бок Украіны. У першыя дні вайны Кучук з іншымі беларускімі чальцамі свайго штабу пакінуў Украіну. На пяты дзень вайны коўч звярнуўся да расейцаў і беларусаў і сказаў:

«Сёння маё сэрца з Украінай. У Львове я трэную футбольны клуб «Рух». Выдатна разумею менталітэт украінцаў. Я заўсёды размаўляў на расейскай мове і ніколі не адчуваў ніякай дыскрымінацыі. Сёння ва ўкраінскія дамы прыйшла бяда. Расейскія вайскоўцы забіваюць мірных жыхароў, гінуць жанчыны і дзеці. Гэта сапраўднае злачынства, за якое давядзецца расплачвацца наступным пакаленням. Я прашу ўсіх адэкватных расейцаў: спыніце гэтую вайну, пакуль не позна. Тут вас не чакаюць. Такім чынам, расейцы, спыніцеся. Заклікаю Расею спыніць вайну. Дарагія мае суайчыннікі беларусы, малю вас: не ідзіце ваяваць у брацкую Украіну. Вам гэта ніколі не прабачаць не толькі ўкраінцы, але і вашыя дзеці і ўнукі. Слава Збройным сілам Украіны. Слава Украіне».

У чэмпіянаце Украіны «Рух» прайграў два матчы запар і апынуўся на мяжы вылету, на 14-м месцы, і Леанід Кучук быў звольнены.

Падтрымаў беларусаў, асудзіў вайну, трэнаваў народную каманду

Услед за Кучуком ва Украіне звольнілі іншага беларуса – 57-гадовага Алега Дулуба. Ягоны «Львоў» займаў апошняе месца ў чэмпіянаце Украіны. «Львоў» стаў трэцім клубам Дулуба ва Украіне – пасля «Карпатаў», «Чарнаморца». У 2020 годзе Алег Дулуб падтрымваў беларускі народ, а ў 2021 годзе трэнаваў народную каманду – «Крумкачы», але ў выніку працу страціў. Вось што распавёў тады трэнер «Белсату»:

Алег Дулуб.
Фота: ФК «Львів» / Facebook

«Быў званок ад кіраўніцтва. Сказалі, што, хутчэй за ўсё, будзе спынена супрацоўніцтва. Прычын я не пачуў і на наступны дзень развітаўся з камандай. (…) Каманда на першым месцы паводле ўсіх гульнёвых паказнікаў. Калі сыходзіў з клубу, то падараваў прэзентацыю, каб кіраўніцтва бачыла, у якім стане была каманда. Была адна параза на кубак, па пенальці. Але, на мой погляд, гэта не апраўдвае звальнення трэнера каманды першай лігі, якая прайграла камандзе найвышэйшай лігі».

Незадоўга да звальнення Дулуб успомніў тыя падзеі.

«Пасля падзеяў у Беларусі ў 2020-м не можа быць паўтонаў. Кожны павінен вызначыцца, на якім ён баку. Ужо вызначыўся. За белых ці за чорных, белых ці чырвоных – каму які колер больш падабаецца. Распавядаць сёння, што мы па-за палітыкай… Гэта не палітыка, а злачынствы супраць чалавецтва.

Ёсць добрае вызначэнне слову «ідыёт». У Старажытнай Грэцыі так называлі людзей, якія не цікавяцца грамадскім жыццём у краіне. Таму калі спартоўцам кажуць, што спорт па-за палітыкай, то хочуць зрабіць з іх ідыётаў», – сказаў у інтэрв’ю «Зеркалу» Алег Дулуб.

Трэнер таксама распавёў, што думае пра Расею:

«Да цябе заходзіць сусед-алкаголік і кажа: «Мне не падабаецца, якія ў цябе шторы, шпалеры і кнігі». Пачынае качаць правы. Хаця гэта не кватэра суседа. Мала таго, што ён проста ўрываецца, дык яшчэ спрабуе забіваць і гвалтаваць. Рэакцыя нармальнага чалавека – абараняцца».

Не думаем, што настаўнікі з такім досведам доўга застануцца без працы, але можна не сумнявацца, што ў Беларусі Дулуб і Кучук працаваць не будуць. Пасля такіх выказванняў абодва – у чорным спісе.

АС  belsat.eu

Стужка навінаў