Вядомы ўкраінскі журналіст Дмытро Гардон у эфіры тэлеканалу «Украіна 24» звярнуўся да беларусаў з заклікам не ісці супраць украінцаў, а лепш здацца, калі Лукашэнка штурхне іх на вайну.
Украінскі журналіст Дмытро Гардон заклікаў беларусаў не ісці ваяваць супраць украінцаў.
«Карыстаючыся выпадкам, хачу звярнуцца да беларусаў, якіх вельмі люблю. Гэты шматпакутны народ у мяне ў сэрцы. Дарагія беларусы, як толькі ваш звар’яцелы лідар кіне вас ваяваць з украінцамі – перайшоўшы мяжу, адразу здавайцеся. Нават не хадзіце да нас. Вам забяспечаць цудоўнае існаванне. Хто захоча стаць грамадзянамі ЕЗ, будзе грамадзянамі ЕЗ. Хто захоча ваяваць супраць Лукашэнкі – мы вам дамо зброю. Адразу здавайцеся, не ідзіце супраць украінцаў», – сказаў Дмытро Гардон.
У той жа час ён запэўніў, што тыя, хто прыйдзе ва Украіну з вайной, будуць знішчаныя.
«Мы выдатна ўзброеныя, у нас вялізная колькасць найноўшага заходняга ўзбраення. Мы будзем забіваць усіх, хто прыйдзе на нашу тэрыторыю з вайной. Усіх. Таму Лукашэнка няхай нават не думае. Калі толькі ён гэта зробіць, мы будзем атакаваць яго і тых, каго ён дашле, на ўсіх кірунках. У нас хопіць сілаў, у нас хопіць рашучасці, у нас хопіць зброі. Наша справа справядлівая, і мы пераможам», – падкрэсліў Гардон.
Украінскі журналіст добра ведае сітуацыю ў Беларусі. Яшчэ перад выбарамі ў 2020 г. ён узяў вялікае інтэрв’ю ў Аляксандра Лукашэнкі.
Следчы камітэт у Расеі распачаў адразу тры крымінальныя справы супраць украінскага журналіста. Гардона абвінавачваюць паводле ч. 2 арт. 354 КК РФ («Публічныя заклікі да развязвання вайны»), ч. 2 пункт «б» арт. 282 КК РФ («Дзеянні, накіраваныя на распальванне варожасці паводле нацыянальнай прыкметы») і ч. 2 пункт «а» арт. 207.3 КК РФ («Распаўсюджванне фэйкаў аб дзеяннях арміі РФ»).
АУ belsat.eu