11 украінскіх дзяцей вярнуліся дадому з Расеі праз Беларусь


Адзінаццаць украінскіх дзяцей, якія былі вывезеныя на тэрыторыю Расеі з Украіны і яе часова акупаваных тэрыторыяў, вярнуліся дадому 20 лютага. Пра гэта паведамляе кіраўнік Офісу прэзідэнта Украіны Андрэй Ермак.

Вяртанне ўкраінскіх дзяцей дадому 20 лютага 2024 года.
Фота: Андрій Єрмак / Telegram

Узрост вернутых дзяцей – ад 2 да 16 гадоў.

«Адзінаццаць украінскіх дзяцей удома! Праца дзеля ўз’яднання семʼяў адбылася пры ўзаемадзеянні з упаўнаважаным Вярхоўнай Рады Украіны ў справе правоў чалавека Дмытром Лубінцом у рамках рэалізацыі зацверджанага плану дзеянняў прэзідэнта Украіны “Bring Kids Back UA”.

Вяртанне адбылося пры спрыянні Дзяржавы Катар. Украіна дзякуе партнёрам за дапамогу!

Выконваем задачы прэзідэнта Украіны – вяртаем дэпартаваных і прымусова перамешчаных дзяцей. РФ здзяйсняе генацыд украінцаў, але мы змагаемся і вернем усіх сваіх людзей», – піша Андрэй Ермак.

Вяртанне ўкраінскіх дзяцей дадому 20 лютага 2024 года.
Фота: Андрій Єрмак / Telegram
Вяртанне ўкраінскіх дзяцей дадому 20 лютага 2024 года.
Фота: Андрій Єрмак / Telegram

Дзеці сустрэліся з семʼямі ў амбасадзе Катару ў Маскве. Адтуль яны паехалі ў Менск і пры пасярэдніцтве Чырвонага Крыжа – ва Украіну. Пра ўдзел беларускага боку распавяла ўпаўнаважаная пры прэзідэнце РФ у справе правоў дзіцяці Марыя Львова-Бялова.

Паводле звестак ініцыятывы «Дзеці вайны», з пачатку поўнамаштабнай расейскай агрэсіі з Украіны прымусова вывезлі амаль 20 тысяч дзяцей. Міжнародны суд ААН абвінаваціў Львову-Бялову ў выкраданні дзяцей і выдаў ордар на яе арышт. Да незаконнага перамяшчэння больш як 2440 украінскіх дзяцей датычны таксама лукашэнкаўскі рэжым.

Hавiны
Даклад: Пад патранажам Лукашэнкі ў Беларусь з Украіны незаконна вывезлі больш за 2440 дзяцей
2023.11.17 08:38

Арсен Рудэнка belsat.eu

Стужка навінаў