Крамы «Віталюр» спыняюць працу пад такой назвай


Крамы гандлёвай сеткі «Віталюр» больш не будуць працаваць пад старой назвай і развіталіся з пакупнікамі праз уласную старонку ў Instagram.

Крама сеткі «Віталюр». Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: yandex.by

21 лютага праз старонку «Віталюр» у Instagram прадстаўнікі гандлёвай сеткі падзякавалі пакупнікам і партнёрам, і паведамілі, што крамы спыняюць працу пад ранейшай назвай, а далей будуць дзейнічаць пад кіраўніцтвам кампаніі «Санта Рытэйл».

Развітваючыся, прадстаўнікі «Віталюр» згадалі, як за 27 гадоў кампанія вырасла з невялікага гандлёвага павільёна ў адну з найбуйнейшых гандлёвых сетак Беларусі.

Раней паведамлялася, што 84 крамы гандлёвай сеткі «Віталюр» пяройдуць у арэнду да «Санта Рытэйл», што дапаможа выканаць абавязацельствы перад крэдыторамі. Аб планах было заяўлена ў снежні 2022 года, пераход павінен быў завершыцца да канца студзеня 2023 года.

Разбор
Гандлёвая сетка ў арэнду. «Санта» паглынае «Віталюр»
2023.01.20 08:30

24 студзеня стала вядома, што крамы «Віталюр» адкрываюцца пасля перазагрузкі таварамі з асартыменту «Санта Рытэйл», але пад старымі шыльдамі і ў старым дызайне. Аб іх лёсе павінна была паведаміць праз свой сайт «Санта».

З прыняццем ў арэнду крамаў «Віталюр» у гандлёвую сетку «Санта Рытэйл» агульны лік крамаў у ёй дасягае 300, што азначае трэцюю прыступку ў спісе гандлёвых сетак Беларусі. На другой пазіцыі «Дабраном» з 855 крамамі, а першую пазіцыю займае «Еўраопт» з больш чым 1000 крамаў.

Кампанія «Санта» належыць Аляксандру Машэнскаму. У складзе холдынгу больш за 40 кампаніяў. Машэнскага лічаць чалавекам, прыбліжаным да Аляксандра Лукашэнкі.

Антон Тачняк belsat.eu

Стужка навінаў